У Магілёве ўначы гарэў магазін «Еўраопт»

У ноч на 27 траўня 2025 года ў магілёўскім магазіне «Еўраопт» на вуліцы Каралёва ў чарговы раз адбыўся пажар. Пацярпелых няма.

Паведамленне ў МНС аб спрацоўванні пажарнай сігналізацыі ў магазіне «Еўраопт» на вуліцы Каралёва ў Магілёве паступіла праз сістэму «Маланка» 27 мая ў 02:31. На месца прыбылі ратавальнікі. Унутры гандлёвай залы яны выявілі ўзгаранне і моцнае задымленне.

Па дадзеных МНС, памяшканне было абсталявана сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і абвесткі. Менавіта яна своечасова перадала сігнал аб небяспецы. Ратавальнікі лакалізавалі і ліквідавалі пажар у найкарацейшыя тэрміны.

У выніку здарэння пашкоджаны аконная рама, адзін з халадзільнікаў і часткова закопчаныя сцены і столь. Людзі не пацярпелі. Як мяркуецца, прычынай узгарання стала кароткае замыканне электраправодкі.

Гэта не першы выпадак узгарання гэтага магазіна. Так, у маі 2015 года там адбыўся пажар з-за дзіцячага свавольства з агнём — спрацавала сігналізацыя, і ўзгаранне было патушана да прыбыцця МНС.

Фота: Дз. Ляпейка

Магілёўцы б’юць адзін аднаго бутэлькамі па галовах

У магілёўскую міліцыю звярнуўся 36-гадовы гараджанін. Ён паскардзіўся, што яго бутэлькай па галаве ўдарыў незнаёмец. Такія выпадкі ў Магілёве здараюцца час ад часу.

Як піша блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, да мужчыны на ганку крамы падышоў хлопец і папрасіў закурыць. Але замест таго, каб проста адмовіць, магілёвец яшчэ і “паслаў” 23-гадовага мінака. Такі адказ нецвярозага маладога чалавека не задаволіў. Слоўны канфлікт перарос у бойку. Нястрыманы хлопец дастаў бутэльку гарэлкі і ўдарыў апанента па галаве. Затым сеў у таксі і як ні ў чым не бывала з’ехаў. Пацярпелы набраў 102. За асабліва злоснае хуліганства ўзбуджаная крымінальная справа.

Падобныя выпадкі ў Магілёве не тое што занадта частыя, але і зусім рэдкімі іх не назавеш. Так, у 2018 годзе ў адным з супермаркетаў Магілёва па вуліцы Грышына за сваю няспрытнасць жанчына паплацілася ударам бутэлькай па галаве ад мужчыны, які стаміўся чакаць даму, якая корпаецца ў сумцы. Удар прыйшоўся па шыі пацярпелай. Пра гэта пісала выданне “Наш Гомель“.

У 2017 годзе, як пісала “Комсомольская правда” 29-гадовы жыхар Магілёва, будучы ў стане алкагольнага ап’янення ў таксі, падчас руху нанёс удар шкляной бутэлькай па галаве кіроўцу. Пацярпелы аказаў актыўны супраціў нападніку і паведаміў пра здарэнне ў міліцыю.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц (pixabay.com)

Ва ўсіх гарадах сетка дзяржаўных крамаў “Родны кут”, а ў Крычаве — магазін “Родны хмель”, фотафакт

Дзяржаўная крама ў Крычаве, дзе барыжаць алкаголем, называецца вельмі паказальна — “Родны хмель”. Знаходзіцца яна недалёка ад аўтастанцыі і мясцовага рынку ў раёне так званай “Маскоўскай”, на досыць бойкім месцу. 

На мясцовым узроўні не проста не робяць з тым, каб людзі сталі менш піць, а наадварот каб піткоў пабольшала. Хмель мусіць стаць родным, каб такую “цёплую” назву ўспрынялі крычаўляне і пачалі актыўна набываць розныя алкагольныя напоі, папаўняючы мясцовы бюджэт. 

Але для паказухі варта правесці два-тры дні ў год “дзень цвярозасці”, пагэтаму паведамленне пра гэтыя мерапрыемствы вешаецца на дзверы і пішацца вялікімі літарамі, каб бачылі як мясцовае чынавенства нібыта турбуецца за людзей. 

Але да такога наймення крамы мала дзе дадумаліся, але ў Крычаве яна мала ў каго выклікае дысананс, а тым больш у “клапатлівых” дзяржаўных служачых мясцовага райвыканкама. Атрымліваецца, што родны кут ніяк не можа абыйсціся без роднага хмеля, бо іначай і не пражывеш у цяперашняй суворай беларускай рэчаіснасці.

Фота mogilev.media

Паход у краму для жыхаркі Крычава скончыўся накладаннем гіпсу на нагу

Непрыбраная яма каля крамы прывёў на няшчаснага выпадку — моцнага расцяжэння з накладаннем гіпса. Неўпарадкаваныя падыходы і разваленыя прыступкі ў Крычаве нерэдкасць.

Каля ўваходу ў краму «Ласунак», якая размешчана на адрасе мікрараён Камсамольскай, 1, утварылася вялікая яма. Мая дачка там спатыкнулася і атрымала моцнае расцяжэнне звязкаў, наклалі гіпс, атрымалі бальнічны. Вось такі нечаканы і непрыемны вынік паходу ў краму.

Мясцовыя жыхары звярнулася да прадаўцоў з просьбай паведаміць уладальніку прадуктовай крамы аб праблеме, каб той ухіліў небяспечны падыход да гандлёвага аб’екта. Аднак апісаная праблема пакуль што не вырашана — паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Гэта ўжо не першы выпадак у Крычаве з неўпарадкаванымі падыходамі ла гандлёвых аб’ектаў. Раней mogilev media ужо пісалі пра прыступкі друхпавярховага будынка з вялікай колькасцю крамаў, якія рассыпаліся на вачах. Будынак, дарэчы, таксама знаходзіўся ў цэнтры горада, на тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі.

Фота “Крычаўскае жыццё”

У Клімавічах забракавана больш за дванаццаць кілаграм прадукцыі ў крамах

Спецыялістамі клімавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі быў праведзены маніторынг крамаў унітарнага прадпрыемства «Ніваторг». Ва ўсіх гандлёвых аб’ектах былі выяўлены парушэнні. 

У краме №3 «Каласок» прадаўцамі дапускалася рэалізацыя тушкі кураня-бройлера з парушэннем цэласнасці спажывецкай упакоўкі. У гэтым жа гандлёвым аб’екце адсутнічала маркіроўка прадпрыемства-вытворцы на салёную рыбу.

Рэалізацыя садавіны з прыкметамі псоты была ўстаноўлена ў крамах № 5 «Пятачок» і № 6 «Калабок», а ў магазіне № 1 не выконваўся тэмпературны рэжым захоўвання гародніны. У некаторых гандлёвых аб’ектах былі выяўлены факты рэалізацыі харчовай прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

У выніку ўстаноўленых парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 5 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў, забракавана 12,3 кілаграм, у тым ліку 7,6 кілаграм імпартнай прадукцыі. Пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да вінаватых асобаў.

Фота ілюстрацыйнае

У клімавіцкім Еўраопце прадавалі пратэрмінаваную каўбасу, сыр без маркіроўкі

Спецыялістамі клімавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі былі выяўлены парушэнні ў краме гадлёвай сеткі “Еўраопт”.

Работнікі санітарнай службы падчас праверкі крамы гандлёвай сеткі “Еўраопт” выявілі крывяную каўбасу на пяць з паловай кілаграм са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Акрамя гэтага, у магазіне не выконваліся ўмовы захоўвання крошкі сухарнай “Сонейка” і прадаваўся сыр “Мацарэла” без маркіроўкі прадпрыемства-вытворцы. 

Быў выяўлены таксама салат “Селядзец пад футрам”, які не адпавядаў мікрабіялагічным паказчыкам, а гэта значыць, што ён не павінен прадавацца ў гандлёвым аб’екце – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

Уся забракаваная прадукцыя была знята з абарачэння, рэкамендацыі па ліквідаванню выяўленых парушэнняў спецыялісты санітарнай службы накіравалі кіраўніцтву крамы.

Фота: “Родная ніва”

У Беларусі прыпынена праца інтэрнэт-крамы LC Waikiki

Інтэрнэт-крама турэцкага брэнда адзення LC Waikiki спыніла працу ў Беларусі з 1 красавіка бягучага года – такая інфармацыя размешчана на сайце Waikiki.

Заказы ў інтэрнет-магазіне не прымаюцца ўжо з 1 красавіка. У паведамленні гаворыцца, што сайт Waikiki стане недаступны пасля 20 красавіка, да гэтага часу пакупнікі могуць вярнуць раней замоўленыя тавары. Прычыны прыпынення працы інтэрнэт-крамы не называюцца. 

Набываць рэчы брэнда можна будзе, як і раней, у фірменных магазінах.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

“Беларуснафта” плануе адкрыць інтэрнэт-краму

Запуск уласнай інтэрнэт-крамы плануе ў сярэдзіне 2023 года “Беларуснафта” – паведаміў намеснік гендырэктара кампаніі Сяргей Каморнікаў профільнаму выданню «Нафта».

На першым этапе праз інтэрнэт-краму можна будзе купіць аўтатавары. А ў перспектыве – і іншыя тавары, якія ўжо прадстаўленыя на запраўках, і не толькі. Пакупнік зможа выбіраць і аплачваць тавары, каб забраць на найбліжэйшай АЗС.

Кампанія плануе адкрыць па адной такой краме ў кожнай вобласці. Адна з «пазазаправачных» гандлёвых кропак ужо працуе ў Гродне.

Пад інтэрнэт-крамы плануецца пашырэнне плошчаў існуючых крам. Там, дзе пашырыць немагчыма, “Беларуснафта” будзе выкарыстоўваць мабільныя павільёны, якія, паводле слоў Сяргея Каморнікава, ужо добра зарэкамендавалі сябе ў Гомельскай вобласці.

Гандаль заляжалымі і сапсаванымі таварамі ў крамах Магілёўскай вобласці працягваецца

У лютым 2023 года парушэнні выяўлены ў 27 кропках у 10 раёнах з 21 у Магілёўскай вобласці – інфармуе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідеміялогііі і грамадскага здароўя.

Лідар парушэнняў – Чавускі раён.

Больш за ўсіх працавала крам і кропак грамадскага харчавання з парушэннямі ў Чавускім раёне – 9, у тым ліку ў саміх Чавусах сем. У Магілёўскім раёне – 4, у тым ліку і ў кавярні “Любужскі замак”, Горацкім – 4.

Тыповы набор тавараў з парушэннямі

З парушэннямі тэрмінаў рэалізацыі і правіл захоўвання гандляваліся, галоўным чынам, мясныя паўфабрыкаты, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, прэсервы з рыбы, рыбная прадукцыя,  безалкагольныя напоі, малочная прадукцыя, яйкі, 

Парушаюць крамы не толькі райспажыўтаварыствы, але і «Еўраопт»

Парушэнні дапусцілі не толькі крамы, якія належаць  райспажыўтаварыствам,  «Роднаму куту»,  індывідуальным прадпрымальнікам, ЗАТ «Дабраном», але і сетцы «Еўраопт» (дзве крамы ў  г. Асіповічы).

Фота з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар

Дно слаўгарадскіх райпо – бяруць з сярэдняй адукацыяй, заробак самы нізкі ў краіне

Крамы слаўгарадскага райпо год таму далучылі да чавускага спажывецкага таварыства, але заробкі так і засталіся самыя нізкія ў Беларусі. 

Слаўрадскае спажывецкае таварыства ў адрозненні ад падобных структур бліжліжэйшых раёнаў доўга трымалася “на плаву” і неяк працавала. Аднак з сакавіка 2022 года слаўгарадскае райпо сталася адасобленым структурным падраздзяленнем чавускага спажывецкага таварыства. 

Пры гэтым заробкі на прадпрыемствах спажыўкааперацыі Слаўгарадчыны як былі нізкія, так і засталіся. Напрыклад, зарплата таваразнаўцы складае 555 рублёў. На сайце службы занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны размешчана падобная вакансія ў адну са слаўгарадскіх крамаў. Прычым патрабаванні да кандыдатаў невысокія: першая кваліфікацыйная катэгорыя і агульная сярэдняя адукацыя. Гэта значыць, што не трэба нават сярэдне-спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці. Прычым, у слаўгарадскім райпо ў таваразнаўцаў адна з самых нізкіх зарплат па ўсей краіне. 

Адзначым, што ў далучэнні слаўгарадскага райпо да чавускага спажывецкага таварыства, як аказалася, ёсць свае плюсы. Напрыклад, у Слаўгарадскі раён пачалі завозіць хлеб чавускай вытворчасці, які людзі ахвотна набываюць.  

Фота ілюстрацыйнае