Дзень у гісторыі. 15 чэрвеня. Утварэнне Полацкай акадэміі, УЕФА. Бітва на Косавым полі. Трагедыя Борак. “Goodbye my Love, Goodbye”.

Сусветны дзень ветра (World Wind Day, з 2007 года).

Азначаецца па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Сусветнай рады па энергіі ветра.

Мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да вялізнага патэнцыялу ветраэнергетыкі.

Развіццё ветраэнергетыкі дапаможа вырашыць вялікае кола праблем не толькі энергетычнага, але і эканамічнага, экалагічнага характару.

На сёння ветраэнергетычныя ўстаноўкі паспяхова дзейнічаюць амаль у 120 краінах свету.

Некаторыя цікавосткі.

Першыя сапраўдныя вятракі з’явіліся ў VII стагоддзя на мяжы Ірана і Афганістана.

Сіла ветра аналізуецца паводле шкалы Бофарта (0-12 балаў).

Самы небяспечны і грозны паток паветра бушуе ў Антарктыдзе: хуткасць 60 км/гадзіну ды яшчэ ў спалучэнні з 60 градуснай вільготнай сцюжай.

Кожнае тарнада эксклюзіўна ў прыродзе. Кожнае з іх мае сваё гучанне, пах, тон, выгляд. Двух аднолькавых няма.

У Беларусі каля 120 ветраэнергетычных ўстановак. Па колькасці іх (50%) і па ўсталяванай магутнасці лідзіруючыя пазіцыі займае Магілёўская вобласць. 

Самы вялікі ветрапарк вобласці размешчаны ў в. Пудаўня Дрыбінскага раёна.

Самы высокі вятрак у Беларусі знаходзіцца ў в. Асмаловічы Мсціслаўскага раёна, вышыня вежы – 142 м. 

Самы магутны вятрак – у Лёзненскім раёне, магутнасць 3,5 МВт.

Русальчыны розыгрышы (народны каляндар).

Трэба засцерагацца русалак.

Русалкі (сірэны, ундзіны) – персанажы міфалогіі, чалавекападобныя істоты ці духі, што жывуць у вадзе або каля вады. Яны могуць знешне амаль не адрознівацца ад людзей, а могуць мець у ніжняй частцы цела замест ног плоскі хвост, падобны да хваста рыбы.

Ва ўсходнеславянскай міфалогіі русалкі пераважна – жанчыны (тапеліцы), у заходнееўрапейскай – звычайна жанчыны з рыбінымі хвастамі.

1389 год. Сербы і баснійцы былі разбітыя асманамі на Косавым полі.

Нягледзячы на гераічнае супраціўленне аб’яднанага войска сербаў і баснійцаў пад кіраўніцтвам князя Лазара, туркі-асманы султана Мурада І атрымалі перамогу, якая фактычна ператварыла Сербію ў васала Асманскай імперыі.

У 1459 годзе Сербія была канчаткова ўключана ў яе склад больш як на 400 гадоў.

1812 год. Адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі (універсітэта).

Адкрыта на базе Полацкага езуіцкага калегіума (з 1581 года). Мела правы ўніверсітэта. Складалася з факультэтаў тэалагічнага, філасофскага, свабодных навук і старажытных і сучасных моў. 

Установа дала сотні выбітных прафесіяналаў, сярод якіх пісьменнік Я. Баршчэўскі, мастак В. Ваньковіч, філосаф А. Доўгірд.

Акадэмія мела найбуйнейшую ў краіне бібліятэку з 40 000 тамоў. Нашчадак акадэміі – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

1831 год. Нарадзіўся  Вінцэнт Каратынскі (1831-1891).

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Быў памочнікам-сакратаром у У. Сыракомлі. Выдаў збор твораў У. Сыракомлі.

Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі – «Чым xата багата, тым рада».

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе, напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса.

На беларускую мову ягоныя творы перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

Памёр 7 лютага 1891 года.

1909 год. У г. Круглае нарадзілася Валянціна Філіповіч (1909-1942).

Географ, геамарфолаг, другая беларуская жанчына-геолаг апасля Ганны Місуны, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.

Загадчык кабінета геамарфалогіі Ленінградскага ўніверсітэта.

Адзін з праектантаў Вялікага Архангельска, даследчыца Ніжняга Прыамур’я.

Рэпрэсавана органамі НКУС.

план Вялікага Архангельска

1936 год. Нарадзіўся Мікола Гіль (1936-2022).

Беларускі пісьменнік, журналіст, перакладчык. Родны брат Ніла Гілевіча, бацька пісьменніка Міколы Віча (М. М. Гілевіч).

Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на рыдыё, у часопісах “Бярозка”,  “Родная прырода”,  галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Мастацтва”.

Аўтар больш за 10 кніг, аўтар кнігі “У времени в плену: Страницы жизни Геннадия Карпенко”.

Перакладаў на беларускую мову творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Памёр 14 сакавіка 2022 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Антон Платун (1896-1938).

Беларускі прафсаюзны, палітычны дзеяч. Быў наркамам асветы пры недахопе асабістай асветы, нават акадэмікам.

Удзельнік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў навукі і адукацыі. Ініцыятар “чыстак” у наркамаце.

Рэпрэсаваны сам і двое яго родных братоў.

1942 год. Нацысцкія карнікі вынішчылі разам з 2027 жыхарамі в. Боркі і навакольныя пасёлкі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны.

Адзначыўся батальён “Дырлевангер”, які пазней, у сакавіку 1943 года знішчыў Хатынь.

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія 6 пасёлкаў не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. 

На месцы найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). Рэканструяваны ў 2020 годзе.

1946 год. Нарадзіўся Дэміс Русас (1946-2015).

Вядомы грэчаскі спявак, любімы многімі пакаленнямі беларусаў.

Выдаў каля 40 альбомаў.

Самым папулярным у нашых суграмадзян з’яўляецца ягоны хіт “Goodbye my Love, Goodbye”.

1954 год. У швейцарскім Базелі заснаваны УЕФА.

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (Union of European Football Associations) аб’ядноўвае нацыянальныя футбольныя асацыяцыі еўрапейскіх краін.

Штаб-кватэра з 1995 года знаходзіцца ў швейцарскім Ньёне (раней – ў Парыжы). Беларусь далучылася да УЕФА ў 1993 годзе.

1954 год. Нарадзіўся Іван Крук.

Беларускі фалькларыст.

Даследуе беларускі фальклор, народную культуру, беларускі народны каляндар. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл», «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія».

1979 год. Нарадзілася Юлія Несцярэнка.

Беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў.

Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету і Еўропы, пераможца міжнародных спаборніцтваў серыі Гран-пры. Майстар спорту Беларусі, майстар спорту Беларусі міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту Беларусі. Ганаровы грамадзянін горада Брэста.

Фота з адкрытых крыніц.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Уладзіслаў Рабіч

Асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі».

Мужчыну з інваліднасцю, які перасоўваецца на вазку, абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі».

9 жніўня 2022 года ў дом, дзе знаходзіліся Рабіч і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. Пагражаючы яны змушалі яго, адрачыся ад каментару. Рабіч адмовіўся выконваць загад міліцыянтаў. Тыя ў адказ паабяцалі распачаць супраць яго крымінальную справу.

Справу на Рабіча разглядаў суддзя з Баранавічаў Мікалай Кміта.

Сцяпан Хадатовіч

Асуджаны да 2,5 гадоў абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу – «хіміі».

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі «выявы бел-чырвона-белага і жоўта-блакітнага сцягоў« на тэрыторыі вайсковага пахавання і трубаправодзе.

Суд Чашніцкага раёну абвінаваціў яго ў «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Справу на 23-гадовага мужчыну разглядала суддзя Таццяна Заруба.

Яраслаў Пашкоў

Асуджаны да 1 года і 9 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3 200 рублёў.

Праваабаронцы пішуць, што справу Пашкова разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава, якая абвінаваціла яго ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «абразе Лукашэнкі».

Нагодай для крымінальнага пераследу, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітвязня, сталі каментары пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Рыгор Грыг

Асуджаны да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Нагодай для яго крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Паводле праваабаронцаў, Рыгора Грыга затрымалі летась, 29 верасня, і ўжо зняволенаму выставілі абвінавачванне ў «абразе Лукашэнкі» і «закліках да санкцыяў».

Справу на 52-гадовага мужчыну, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітвязнем, разглядаў суддзя Мікалай Рачынскі.

Іван Кузюр

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 3200 рублёў

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Паводле праваабаронцаў, Кузюра абвінавацілі ў «абраза прадстаўніка ўлады».

Праваабаронцамі Казюр прызнаны палітвязнем. Яго справу разглядаў суддзя з Іванава Мікалай Стасевіч.

Ілля Багданаў

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў абвінавачаны ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справу разглядаў суддзя Віктар Баліка.

Багданаў – юрысконсульт. У 2019 году вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Полацку. Яго затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 году.

Анатоль Лазар

Асуджаны на 15 адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы пішуць, што падчас затрымання ў яго адбыўся ператрус, забралі камп’ютар і тэлефон.