Камісія ААН пацвердзіла, што менавіта ўзброеныя сілы Расіі нясуць адказнасць за невыбарчыя авіяцыйныя атакі на драмтэатр і радзільнае аддзяленне ў Марыупалі, за ракетныя абстрэлы чыгуначнага вакзала ў Краматорску.
Усе падзеі адбыліся вясной 2022 года, гаворыцца ў дакладзе Незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні парушэнняў ва Украіне.
У дакуменце зазначаецца, што расійскія ваенныя не прынялі магчымыя меры для праверкі прысутнасці грамадзянскіх асоб.
“Камісія расследавала абставіны нападаў… і прыйшла да высновы, што большасць нападаў насілі невыбарчы характар. У прыватнасці, у такіх шырока асветленых выпадках, як атака на гарадскі драматычны тэатр 16 сакавіка 2022 года падчас аблогі Марыўпаля, у выніку якой загінула і была паранена вялікая колькасць людзей, напад 8 красавіка 2022 года на чыгуначны вакзал у Краматорску, у выніку чаго загінулі 59 і паранены 92 чалавекі, напад 27 чэрвеня 2022 года на гандлёвы цэнтр у Крэменчугу, у выніку чаго загінулі 21 чалавек і дзясяткі былі параненыя” – зазначаецца ў дакладзе.
Камісія не выключае, што абстрэлы аб’ектаў з грамадзянскім насельніцтвам былі зроблены свядома, таму што не ведаць аб знаходжанні там сотняў людзей было немагчыма.
“Сотні грамадзянскіх асоб знаходзіліся ў месцах, якія пацярпелі ад абстрэлаў чыгуначнага вакзала Краматорска і драматычнага тэатра ў Марыупалі. Таксама сотні грамадзянскіх асоб знаходзіліся ў жылых раёнах Чарнігава падчас нападаў 3 сакавіка 2022 года, у выніку чаго загінулі сама меней 20 чалавек, а многія іншыя атрымалі раненні” – гаворыцца ў дакуменце.
Нягледзячы на спробы Крамля перакласці адказнасць на узброеныя сілы Украіны, камісары ААН пацвердзілі, што менавіта Расія нясе адказнасць таксама за атаку на радзільнае аддзяленне ў Марыупалі, калі загінула мінімум адна цяжарная жанчына і яе ненароджанае дзіця.
“Расійскімі ўзброенымі сіламі здзяйсняліся, а ў некаторых выпадках, верагодна, здзейсніліся невыбарчыя і непрапарцыйныя напады”, што з’яўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.