Спартыўны комплекс у Крычаве пераплаціў камунальнікам 650 тысяч рублёў, заведзена справа

Кантралёрамі камітэта дзяржкантроля Магілёўскай вобласці было ўстаноўлена, што Крычаўскім фізкультурна-аздараўляльным комплексам на працягу некалькіх гадоў аплачваліся завышаныя больш чым у два разы рахункі, якія прад’яўляліся яму за паслугі цеплазабеспячэння мясцовым камунальным прадпрыемствам «Камунальнік».

Як паведамляюць у абласным ведамстве, па выніках праверкі было выяўлена больш за 650 тысяч рублёў сродкаў, якія незаконна атрымлівала жыллёва-камунальная структура «Камунальнік».   

Прычынамі правапарушэння з’яўляюцца адсутнасць належнага кантролю за цеплавой энергіяй, якую спажываў Крычаўскі фізкультурна-аздараўляльны комплекс, а таксама ўтойванне камунальнікамі расходу паліва на кацельні і аб’ёмаў фактычнай яе вытворчасці.

Па матэрыялах гэтай праверкі следчымі органамі ў дачыненні да службовых асоб камунальнага прадпрыемства Крычава ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

Дзяржкантроль ізноў знайшоў “абасраных” кароў на Магілёўшчыне

Гэтым разам у Бялыніцкім, Касцюковіцкім, Кіраўскім, Клічаўскім, Крычаўскім, Слаўгарадскім і іншых раёнах

Праверка ўтрымання жывёлы ў зімовы перыяд выявіла, як звычайна, шматлікія парушэнні і недахопы. У ранейшы час за непамытых, брудных кароў зляталі са сваіх пасадаў губернатары і міністры. Сёння ўсё інакш. 

Як паведамілі “Навіны Бялынічаў”, Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці правёў кантрольныя мерапрыемствы па пытаннях зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ў гаспадарках рэгіёну і ў прыватнасці ў Бялыніцкім раёне. 

Выявілася, што кароў, як звычайна, недакормліваюць і парушаюць рацыён кармлення. У прыватнасці ў ААТ “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” выяўлена: “Неналежнае ўтрыманне цялят, недахопы пры іх выпойванні, кармленні і вадапаенні, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў”. Пры гэтым таксама ўстаноўлены факт незбалансаванага кармлення і паення дарослага пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Правяраючыя канстатавалі, што “нягледзячы на значнасць своечасовага выпойвання нованароджаным цялятам малодзіва для выпрацоўкі ў іх імунітэту, іх выпойванне ў начны час не арганізавана на фермах правераных гаспадарак.” Традыцыйна выяўлены і “абасраныя” (тэрмін афіцыйных паведамленняў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі) каровы. 

Праблема “абасраных” кароў настолькі важная, што рэйды супрацоўнікі Камітэта, Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў і аблвыканкама праводзілі ў выходныя дні альбо начны час. Чыноўнікі пагражаюць працягваць свой маніторынг.

Сітуацыя ў Бялыніцкім раёне не з’яўляецца выключэннем з правіл. Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх гаспадарках, якія правяраліся. 

Неналежнае ўтрыманне цялят, падрыхтоўцы да зімы цялятнікаў і індывідуальных домікаў выяўлены ў гаспадарках: “Тэльмана” Клічаўскага, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб” і “Бялынічы” Бялыніцкага, “Неўскі-Агра”,  “Добрасць” і “Крычаўрайаграпрамтэхзаб” Крычаўскага, “Жылічы” Кіраўскага, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка” Магілёўскага, “Заранскі” і “Наша Радзіма” Слаўгарадскага, “Машавое” Касцюковіцкага раёна. 

Выпойка нованароджаных цялят малодзівам у начны час не арганізавана на наведаных фермах “Дабросць”, “Крычаўрайаграпрамтэхзаб”, “Бялыніцкі райаграпрамтэхзаб”, “Агракамбінат “Усход” і “Эксперыментальная база “Дашкаўка»”.

Адзначана “загноенасць” (занавожанасць) асобных адрын, выгульных пляцовак, гноясховішчаў практычна на кожным аб’екце названых сельгасарганізацый.” Менавіта таму магілёўскія каровы па ранейшаму часцяком брудныя і недагледжаныя.

Дзяржкантроль выявіў хіб у рэгіянальнай эканоміцы: замала інвестпраектаў

У некаторых распрацаваных інвестпраектах не могуць разабрацца кантралёры.


Інвестыцыйны праект – гэта комплекс узаемазвязаных захадаў, скіраваных на дасягненне канкрэтна вызначаных мэтаў. Ён – аснова для прыцягнення інвестыцыяў на канкрэтнае прадпрыемства ці ў галіну ў цэлым. Пісьменна складзены інвестыцыйны праект – найлепшы інструмент для паскарэння прыняцця інвестарам рашэння адносна мэтазгоднасці ўкладання сродкаў у тое ці іншае прадпрыемства.


Паводле Дзяжкантролю, рэгіянальнай эканоміцы бракуе інвестыцыйных праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне новых і мадэрнізацыю існуючых прадпрыемстваў.

Ведамства ўгледзела, што спыненая рэалізацыя шэрагу інвестпраектаў з-за адсутнасці рэальных крыніц фінансавання. А таксама, парушэння тэрмінаў выканання прац праекціроўшчыкамі і будаўнічымі падрадчыкамі ў іх ажыццяўленні, ды складанасцяў з лагістыкай у пастаўцы абсталявання, якое закупляецца ў рамках інвестпраектаў, піша “Маяк Прыдняпроўя”.

Паводле кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Васіля Герасімава у Магілёве прыдумалі праект з сумнеўнымі інавацыйнасцю і злабадзённасцю. Ва «Удасканаленне сістэмы зімовага ўтрымання рэспубліканскіх аўтамабільных дарог на тэрыторыі асобна ўзятай Магілёўскай вобласці» закладзеная сума ў 11 мільёнаў рублёў.

«Разбіраючыся, а што яны ўвогуле збіраюцца рабіць і вывучаць за такія грошы, я да канца зразумець так і не змог», – прызнаўся Герасімаў на пасяджэнне Савету Міністраў, дзе старшыняваў Аляксандр Лукашэнка. Шчыраванні кіраўніка камітэту дзяржкантролю падае  тэлеканал «ОНТ».

фота: mobile.twitter.com/goscontrolrb