Дзень у гісторыі. 27 лютага. Стварэнне друкарні ў Любчы, Літбел. Нарадзіліся магнаты Людвіка і Караль Радзівіл, сувязіст Д. Сарноў.

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя (International polar bear day, з 2008 года).

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя праводзіцца з ініцыятывы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі Polar Bears International, якая змагаецца за захаванне папуляцыі белых мядзведзяў.

Белы мядзведзь – самы буйны прадстаўнік атрада драпежных сысуноў, якія насяляюць сушу.

Па дадзеных Сусветнага Фонду Дзікай Прыроды, у свеце налічваецца менш за 25 000 асобін белага мядзведзя (каля 60% папуляцыі – у Канадзе).

Белы мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды.

1612 год. Пачалася дзейнасць друкарні ў Любчы.

Заснавана выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам. 

Выдала больш за 80 кніг лацінай і польскай па гісторыі, медыцыне, філасофіі, некалькі паэтычных твораў. Сярод выданняў: «Эпітоме» С. Рысінскага, «Апафеграмы» С. Буднага, «Навагрудскі дыспут» Я. Зыгроўскага, «Гісторыя іудзейскай вайны» І. Флавія, «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх»  М. Стрыйкоўскага, «Статут Слуцкай школы». 

Абслугоўвала патрэбы пратэстантаў, але зрэдку прымала заказы і католікаў. 

З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў вядомы гравёр К. Гётке.

Ю. Пешка. Любча, пачатак XIX стагоддзя

1667 год. Нарадзілася Людвіка Караліна Радзівіл.

Рэлігійная дзеячка, мецэнатка.

Дачка Багуслава Радзівіла. Рана асірацела. У спадчыну атрымала вялікія маёнткі.

Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінісцкія зборы ў Літве і Беларусі, плаціла стыпендыі студэнтам, якія вучыліся ў пратэстанцкіх універсітэтах. Паводле яе загаду ў 1684 у Караляўцы быў надрукаваны малітоўнік на літоўскай мове для сялян-кальвіністаў.

Утрымлівала Слуцкую друкарню. У 1690 годзе выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена.

Пасля смерці Людвікі Караліны 25 сакавіка 1695 года, яе латыфундыі сталі аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і нямецкімі князямі.

1734 год. Нарадзіўся  Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Патрыёт.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў. З іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

Памёр 21 лістапада 1790 года.

1919 год. Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на І З’ездзе Саветаў Літвы ў Вільні.

Літбел была створана на занятых Чырвоным войскам тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. Утварэнне праіснавала да 19 ліпеня 1919 года, калі СНК Літбела прыняў пастанову аб перадачы ўсіх спраў Мінскаму губернскаму камітэту. Неўзабаве пасля прыняцця згаданай пастановы, пасля 40 дзён абароны, польскімі войскамі быў заняты і Мінск (8 жніўня). 

Літбел уключала 5 губерняў: Віленскую, Гродзенскую, Ковенскую, Мінскую, Сувалкскую. У красавіку 1919 года Рэчыцкі павет Мінскай губерні быў перададзены Гомельскай губерні РСФСР.

1888 год. Нарадзіўся Яфім Бялевіч.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны, штабс-капітан.

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920–1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення. Памёр 13 снежня 1942 года ў Магаданскім канцлагеры.

1891 год. Ва Узлянах (цяпер – Пухавіцкі раён) нарадзіўся Давід Сарноў.

Амерыканскі сувязіст і бізнесмен беларускага яўрэйскага паходжання, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы доктар Калумбійскага, Нью-Ёркскага і іншых універсітэтаў, брыгадны генерал.

Працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі», прэзідэнтам Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (RCA). 14 красавіка 1912 года прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 1920-х гадоў з’яўляўся саветнікам 10-і прэзідэнтаў ЗША.

Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай, зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп’ютарызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Кенсіка ў Вальхале, штат Нью-Ёрк.

1906 год. Нарадзілася Рыта (Рэбека) Млодак.

Беларуская оперная спявачка (лірыка-драматычнае сапрана), народная артыстка Беларусі.

Скончыла Віцебскі музычны тэхнікум, Беларускую студыю оперы і балета. Працавала салісткай Беларускага тэатра оперы і балета. Пад час вайны працавала ў оперных тэатрах Свярдлоўска, Пярмі, удзельнічала ў канцэртах франтавых брыгад.

Сярод галоўных партый: Таццяна, Ліза, Тамара, Маргарыта, Мікаэла, Аксана ў пастаноўцы «Чаравічкі», Марыся – у «Міхась Падгорны» і іншыя. Выступала і як канцэртная спявачка.

Памерла 3 снежня 1969 года.

1935 год. Нарадзіўся  Фёдар Клімчук.

Беларускі мовазнавец, дыялектолаг, гісторык. Кандыдат філалагічных навук. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі ў складзе аўтарскага калектыву за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Скончыў гістарычныя факультэты Пінскага настаўніцкага і Мінскага педінстытутаў.

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Старшыня «Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства „Загароддзе“.

Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескім дыялекце.

Памёр 22 кастрычніка 2018 года.

2005 год. У Францыі памёр Віктар Жаўняровіч (1913-2005).

Беларускі мастак і спявак.

Нарадзіўся ў Чыце ў сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з Друі.

Скончыў гімназію імя Л. Сапегі ў Друі, вучыўся ў віленскай Кансерваторыі, адначасова займаўся маляваннем, удзельнічаў у выставах Таварыства незалежных мастакоў. Быў знаёмы з Ф. Рушчыцам, Я. Драздовічам, П. Сергіевічам.

Другая сусветная вайна перапыніла навучанне. 

У 1945 годзе апынуўся ў Францыі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Спяваў і маляваў прыватна. З часам стаў удзельнікам найважнейшых мастацкіх выставаў, што ладзіліся ў Парыжы, атрымоўваў узнагароды. Меў пэрсанальную выставу, ладжаную БІНіМам у Нью-Ёрку. Тэмы твораў у яго былі ў асноўным беларускія.

 

Дзень у гісторыі. 22 кастрычніка. Дзень нараджэння Івана Буніна. Дзень памяці рэлігійнага дзеяча Бенедыкта Войны, ссыльнага публіцыста Рамуальда Падбярэскага. Крушэнне на вакзале Манпарнас. Зроблена першая ксеракопія. Назразумелае 100-годдзе Магілёўскага тэатра

1615 год. Памёр Бенедыкт Война. 

Рэлігійны і дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага.

Сакратар караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. Пробашч троцкі, адміністратар Віленскай дыяцэзіі, біскуп віленскі.

Правёў паўторную кананізацыю Святога Казіміра – каралевіча польскага і вялікага княжыча літоўскага, патрона Вільні і Гродзенскага біскупства, апякуна Вялікага Княства Літоўскага.

wikimedia.org

 1856 год. У ссылцы памёр Рамуальд Падбярэскі

Беларускі выдавец, публіцыст, краязнавец і фалькларыст.

Перакладаў на польскую мову рускія байкі для часопіса «Athenaeum».

Выдаваў літаратурна-навуковыя альманахі «Rocznik Literacki» і «Pamіetnik naukowo-literacki», выдаў зборнікі Т. Лада-Заблоцкага «Паэзія» і «Дыярыуш» С. Бельскага.

Аўтар прадмовы «Беларусь і Ян Баршчэўскі» да кнігі «Шляхціц Завальня…» Я. Баршчэўскага.

Блізкі сябар Т. Шаўчэнкі.

За публіцыстычную дзейнасць арыштаваны ў 1850 годзе і сасланы ў Архангельскую губерню.

 wikimedia.org

 1870 год. Нарадзіўся Іван Бунін. 

Рускі пісьменнік, паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1933 года. Яго род вядзе свой пачатак ад літвіна Сімяона Бункоўскага.

Памёр 8 лістапада 1953 года ў Парыжы. Пахаваны на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа.

У студзені 2010 года ў выдавецтве І. Логвінава выйшла буйное 486-старонкавае выданне твораў Буніна на беларускай мове ў перакладзе Андрэя Каляды. 

Кнігу склалі 75 апавяданняў, 3 аповесці, раман «Жыццё Арсеньева» і іншыя матэрыялы.

Вершы Буніна перакладалі на беларускую мову Рыгор Бярозкін, Пётр Макарэвіч, Рыгор Сітніца.

wikimedia.org

 1895 год. Крушэнне на вакзале Манпарнас – адно з самых вядомых у гісторыі.

Пасажырскі цягнік, не здолеўшы затармазіць на ўхіле, выбіў шляхавы ўпор, выехаў на перон вакзала, прабіў сцяну будынка і зваліўся з вышыні на вуліцу.

Распаўсюджаныя фатаграфіі паравоза, які выпаў, і згадванне ў шэрагу твораў мастацтва, зрабілі яго адным з самых вядомых чыгуначных здарэнняў.

tunnel.ru

1918 год. Нарадзіўся Алесь Бажко. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Заслужаны работнік культуры.

Закончыў музычны інстытут імя С. Манюшкі ў Навагрудку.

Удзельнічаў у стварэнні першых фарміраванняў Войска Польскага на тэрыторыі СССР.

Быў членам нелегальнай падпольнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”, але неўзабаве быў перавербаваны КДБ.

Працаваў ў розных газетах, часопісах, дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, у Міністэрстве культуры БССР.

Аўтар многіх аповесцяў, зборніка нарысаў і памфлетаў, кніг аповесцей,  паэм, зборнікаў вершаў.

Перакладаў з польскай і славацкай моў.

nashi-lyudi.by

 1937 год. НКУС быў расстраляны Фларыян Ждановіч. 

Беларускі акцёр і рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра.

Адзін са стваральнікаў і кіраўнік Першага таварыства драмы і камедыі, Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Купалаўскі, 1920). 

Зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і іншых.

Абапіраўся на практыку папярэднікаў і традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку, спевы.

Перакладаў на беларускую з польскай, рускай і ўкраінскай моў.

Арыштаваны ДПУ у 1930 годзе. Вязень ГУЛАГу.

Яго дачка – Ірына Ждановіч – актрыса, Народная артыстка БССР.

wikimedia.org

1938 год. Упершыню ў гісторыі вынаходнікам Чэстэрам Карлсанам зроблена ксеракопія. 

За сваё вынаходства ён пасля атрымаў ад кампаніі “Ксеракс” 150 мільёнаў даляраў (100 мільёнаў ён выдаткаваў на дабрачыннасць). 

У 1949 году ў продаж паступілі першыя мадэлі капіравальнага апарата кампаніі «Халоід». 

Тэхналогію назвалі “ксераграфія” – ад грэчаскіх “ксерас” (“сухі”) і “графе” (“пішу”).

“Халоід” з 1958 года стала называцца “Халоід Ксеракс” ці проста “Ксеракс” (Xerox).

tunnel.ru

 2018 год. Памёр Фёдар Клімчук. 

Беларускі мовазнавец, дыялектолаг, гісторык. Кандыдат філалагічных навук. 

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй у складзе аўтарскага калектыву за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Асноўныя накірункі навуковай дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Старшыня «Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства „Загароддзе“.

Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескім дыялекце.

wikimedia.org

 1988 год. Адбылося святкаванне 100-годдзя Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру. Выбар даты незразумелы. 

28 траўня 1886 года адбылося першае паседжанне будаўнічага камітэта па будаўніцтве Магілёўскага драмтэатра, 14 траўня 1888 года цалкам скончаны будынак тэатра. 

15 траўня, у дзень святкавання свяшчэннага каранавання Іх Імператарскіх Вялікасцей, у гарадскім тэатры адбыўся першы аматарскі спектакль, на які многія жадаючыя не змаглі патрапіць з-за хуткага распродажу ўсіх білетаў. 

На святкаванні ззялі ордэнамі віцэ-губернатар, гарадскі галава, мясцовыя багацеі. Архітэктар П. Камбураў, майстры-будаўнікі былі ў натоўпе, як і малады мастак Чарнышоў, які выконваў пры пабудове тэатра ўсе жывапісныя працы. Не было сярод тых, хто адкрываў тэатр, і мастака Трэніна, які напісаў заслону і дэкарацыю.

Пра гэту знамянальную падзею ў культурным жыцці горада ўжо 17 траўня 1888 г. пісалі “Магілёўскія губернскія ведамасці”.

25 верасня 1888 года антрэпрызай Г.Дзеркача (Любімаў) адкрыўся зімовы тэатральны сезон.

Чырвоная цагляная пабудова Магілёўскага тэатра са складанай кампазіцыяй лічыцца адной з найпрыгажэйшых у горадзе. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. 

Тэатр пабудаваны на месцы былых абарончых умацаванняў сярэднявечнага Магілёва, на месцы Каралеўскай брамы. Яго будавалі на ахвяраванні жыхароў усёй губерніі.

Сцены тэатра памятаюць імператара Мікалая II, кіраўніка Часовага ўрада А. Керанскага, адмірала А. Калчака, шматлікіх царскіх генералаў, класікаў літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. На сцэне тэатра выступалі В.Камісаржэўская, С.Рахманінаў.

У 1985 годзе магілёўская грамадскасць абараніла тэатр, не дапусціўшы яго разбурэння. Пасля рэканструкцыі ў студзені 2001 года тэатр зноў адчыніў свае дзверы для гледачоў.