На тэрыторыі Мсціслаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіцца новая інклюзіўная дзіцячая пляцоўка коштам 15 000 рублёў – паведамляе “Святло Кастрычніка”. Як расказала дырэктар цэнтра Святлана Цітова, спонсарам для ўладкавання пляцоўкі выступіла дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Грошы былі выдзелены пад мікрапраект “Інклюзіўная сэнсарна-дынамічная пляцоўка як сродак развіцця рухальнай актыўнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.
– Наш калектыў сумесна з бацькамі выхаванцаў распрацаваў гэты праект для ўдзелу ў конкурсе дабрачынных праектаў “Рух у радасць”. Усяго да ўдзелу было прадстаўлена 45 работ з усёй Беларусі. Па выніках конкурсу наша ўстанова заняла другое месца. Прызам стала фінансаванне дзіцячай пляцоўкі. – распавяла дырэктар цэнтра карэкцыі.
Фота: “Святло Кастрычніка”