51-гадовы жыхар вёскі каля Мсціслава загінуў ад атручэння невядомай вадкасцю. Па словах яго жонкі, якія прыводзяць “Магілёўскія ведамасці”, мужчына быў частым госцем на палігоне побытавых адыходаў. Там ён пабачыў пяцілітровую бутыль з нейкай вадкасцю. Пераліўшы вадкасць у дзве меншыя бутэлькі, жыхар Мсціслаўскага раёна прыйшоў дахаты і выпіў з паўлітра сваёй здабычы.
Калі праз пару гадзін яму стала дрэнна, жонка прапанавала выклікаць хуткую, але муж забараніў гэта рабіць. Нараніцу медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Як высветлілі супрацоўнікі судовай экспертызы, у склад вадкасці ўваходзіў этыленгліколь – таксічнае рэчыва, якое і стала прычынай смерці. У большасці выпадкаў смяротная доза – усяго 100-150 мл вадкасці, якая змяшчае этыленгліколь. У выпадку своечасовага аказання медыцынскай дапамогі магчымы спрыяльны зыход.
Фота ілюстрацыйнае