Міжнародны Дзень братоў і сясцёр (Siblings Day, з 1998 года).
Ініцыятыва ўключэння такога свята ў сусветны каляндар належала амерыканцы Клаўдзіі Эварт. У раннім дзяцінстве яна страціла сястру і брата, цяжка перажываючы страту, жадаючы нагадаць астатнім людзям аб важнасці роднасных адносін, выступіла ініцыятарам новага свята.
Гэтае свята – выдатная нагода ўспомніць аб тым, што на Зямлі ёсць блізкая роднасная душа. Яно нясе ў сабе дабро, каханне, клопат і разуменне, вучыць павазе да блізкіх і родных.
У гэты дзень прынята дарыць падарункі брату ці сястры, сустракацца ў кавярні ці ўсёй сям’ёй дома, дорачы цяпло і радасць адзін аднаму і бацькам, для якіх няма нічога больш прыемнага, чым блізкія і добрыя адносіны паміж іх дзецьмі.
Міжнародны дзень руху супраціўлення (International day of the resistance movement)
Прысвечаны ўсім, хто супрацьдзейнічаў фашыстам падчас Другой сусветнай вайны (1939–1945) на тэрыторыях, акупаваных войскамі Трэцяга рэйха.
Рух супраціўлення быў арганізаваны пры ўдзеле жыхароў акупаваных тэрыторый, якія супрацьстаялі нямецкім войскам, і адрозніваўся разнастайнасцю форм барацьбы супраць акупантаў.
Найбольшы размах рух супраціўлення набыў на тэрыторыі СССР, Італіі, Польшчы, Францыі, Югаславіі, Балгарыі і іншых. У кожнай асобнай краіне рух супраціву быў глыбока нацыянальным па сваім характары, але, у той жа час, гэта быў інтэрнацыянальны рух, бо меў агульную для ўсіх народаў, якія змагаюцца, мэту – разгром сіл фашызму, вызваленне ад захопнікаў тэрыторый акупаваных краін.
1660 год. Дзісенскі замак вызвалены войскамі ВКЛ.
Замак існаваў у XIV–XVIII стагоддзях на востраве Замак у сутоку Дзісны і Заходняй Дзвіны ў Мёрскім раёне на месцы старажытнага паселішча XI стагоддзя.
Фарпост Полацка на Заходняй Дзвіне.
25 ліпеня 1654 года быў заняты маскоўскімі войскамі, у 1655 годзе меў 14 вежаў, 40 гармат. Знішчаны ў час Паўночнай вайны.
1762 год. Шклоў атрымаў герб.
Кароль Аўгуст III надаў Шклову Магдебургскае права, зацвердзіў герб і пячатку. Гарадская пячатка мела зверху Пагоню, знізу – гарадскі герб.
За дату заснавання Шклова бярэцца 1535 год, калі горад быў спалены падчас маскоўска-вялікалітоўскай вайны (1534–1537), за дату першай згадкі – 1520. Упершыню ўскосна згадваецца ў 1466 годзе ў лісце наваградскага намесніка М. Гаштольда да свайго шклоўскага намесніка Комара. У тастаменце Яна Неміровіча ад 1518 года згадваецца шклоўскі намеснік Гаштольда Ф. Дурасовіч.
У 1526 годзе праз Шклоў у Маскву праехаў імператарскі пасол Сігізмунд Герберштэйн.
Сёння Шклоў – 15-тысячны цэнтр раёна, у ім працуюць прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасці.
1900 год. У в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета (зараз – раён) нарадзіўся Гаўрыла Гарэцкі (1900–1988).
Геолаг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў акадэміі навук. Доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР. Родны брат класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Першы дырэктар (1927) Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. У 28 гадоў стаў акадэмікам – самы малады сярод акадэмікаў да гэтага часу.
Арыштоўваўся ДПУ (1920, 1922, 1930, 1937, 1938). У 1931, 1938 годах прыгаворваўся да расстрэлу.
Вязень ГУЛАГ. У лагерах стаў геолагам. У 1939–1968 гадах – удзельнік будоўляў амаль усіх найбуйнейшых ГЭС у еўрапейскай частцы Расіі і Украіны, каналаў, вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм.
Па вяртанню на Беларусь, працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР.
Аўтар даследаванняў па эканоміцы, насельніцтве, фальклоры, дэмаграфіі, археалогіі, геалогіі. Ім закладзены асновы новай у СССР галіны ведаў – палеапатамалогіі, вучэння аб старажытных рэках.
Адзін са стваральнікаў руска-беларускага слоўніка. Аўтар успамінаў пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і іншых.
Дамогся вяртання імя і творчасці Максіма Гарэцкага.
У гонар яго названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл.
Магілёву бракуе вуліцы ў гонар знакамітага ўраджэнца.
1912 год. Брытанскі лайнер “Тытанік” выйшаў з Саўтгемптанскага порта ў сваё першае і апошняе плаванне.
Яшчэ на выхадзе з порта ён ледзь не сутыкнуўся з параходам “Нью-Ёрк”. Праз 5,5 гадзін, прайшоўшы 147 км, лайнер узяў на борт пасажыраў з французскага Шэрбура. Другім прыпынкам быў ірландскі Квінстаунаў, якога “Тытанік” дасягнуў апоўдні 11 красавіка, там былі папоўнены запасы правізіі, а на борт падняліся апошнія пасажыры.
Склад пасажыраў быў надзвычай разнастайным – ад жабракоў-эмігрантаў з Ірландыі, Італіі, Швецыі, Расіі, Сірыі, Арменіі, якія адпраўляліся на пошукі лепшай долі ў ЗША, да арыстакратаў і мільянераў.
У ноч з 14 на 15 красавіка адбылося сутыкненне «Тытаніка» з айсбергам. Загінула ад 1495 да 1635 чалавек з 2208-2225 людзей на борце, у тым ліку жыхары Беларусі. Газета “Минское слово” 11 мая 1912 года надрукавала спіс загінуўшых: Сымон Літман, Зельман Злакоўскі, Гары Корн, Сымон Вайсман, Якоб Кук, Лезлі Гелінскі, Насан Гольдшміт, Іосіф Мурдлін, Вульф Спектар, Абрам Гермед, Самсон Абельсон, Самуіл Грынберг, Зяліна Кантар, Польнер Ушэр, Абе Віллер і Іосіф Антвіла. Толькі 712 чалавек былі эвакуіраваны з «Тытаніка».
1931 год. У Менску адбыліся суды над прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі.
Іх абвінавачвалі ў антысавецкай дзейнасьці. Сярод засуджаных на 5 гадоў высылкі ў расійскую глыбінку – пісьменнік Максім Гарэцкі, паэт Уладзімір Дубоўка, літаратуразнаўца Уладзімір Чаржынскі, гісторык Мікола Улашчык і іншыя.
Многія былі расстраляны, астатнія знаходзіліся ў ГУЛАГ.
У. Дубоўка правёў 27 гадоў у лагерах за імкненне тварыць на беларускай мове.
1931 год. Нарадзіўся Іван Чыгрын (1931–2006).
Беларускі літаратуразнаўца, паэт, крытык. Кандыдат філалагічных навук.
Скончыў БДУ. Настаўнічаў у школах Слонімскага, Дзятлаўскага раёнаў, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Аўтар і суаўтар літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій, кніг «Станаўленне беларускай прозы і фальклор: Дакастрычніцкі перыяд», «Проза „Маладняка“: Дарогамі сцвярджэння», “Крокі: Проза «Узвышша», «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці», раздзелаў «Истории белорусской советской литературы», «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1981).
Выступаў ў друку з вершамі. выдаў шэраг зборнікаў вершаў.
Пераклаў паасобныя вершы Ф. Цютчава, У. Сыракомлі, Я. Лучыны, склаў «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. і зборнік «Веснаход» (апавяданні «Маладняка»).
1942 год. У Магілёве адбыўся патоп на рацэ Дубравенцы, праз які загінулі больш за 1 000 гараджан, разбурана каля 100 будынкаў.
Прычына – возера і навала крыг перад трубой пад чыгуначным насыпам, праз якую цячэ рака. Нямецкія сапёры прасвідравалі 3 адтуліны ў насыпе, каб спусціць ваду, але гэта не вырашала праблему, тады яны зрабілі невялікі выбух, каб зняць верхнюю частку насыпу.
Выбух і прывёў да трагедыі. Самі сапёры сталі першымі ахвярамі патопа. Вада хлынула ўніз у пойму ракі і знесла ўсё на сваім шляху: дамы, дрэвы, Быхаўскі рынак (у базарны дзень), лазню, людзей. Першы вал вады дасягаў да 15 м. Стыхія бушавала каля 20 хвілін. Калі вада сышла, уся пойма ракі аказалася засыпана глеем.
«Дрэвы плылі, дамы плылі, каровы плылі. Людзі пайшлі ў лазню і яе таксама знесла… Калі ўсё сціхла, на берагах чаго толькі не было, і швейныя машынкі, і мэбля – усю маёмасць, апошнімі вынеслі з разбураных дамоў…» – казалі сведкі.
Літаральна перад самым патопам па Дубровенцы хадзілі немцы і прасілі людзей пакінуць гэтыя мясціны. Але людзі да апошняга не верылі.
1965 год. Нарадзіўся Сяржук Вітушка (1965–2012).
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кіраўнік таварыства «Талака», гісторык і педагог, аўтар казак для дарослых і дзяцей.
З 1991 году жыў у Вільні, працаваў настаўнікам гісторыі ў віленскай беларускай школе імя Ф. Скарыны. Арганізатар і першы дырэктар адноўленага Віленскага Беларускага музея імя І. Луцкевіча. Выдаваў газэту «Vilnia i kraj» (1993).
Актыўна супрацоўнічаў з радыёстанцыяй «Балтыйскія хвалі» і літоўскім тэлебачаннем, друкаваўся ў газэтах «Наша Ніва» і «Рунь».
Ініцыятар і арганізатар беларускіх набажэнстваў у віленскай царкве Святога Мікалая. Хварэў на цукровы дыябет. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнай дзейнасці, арганізоўваў «сляпыя экскурсіі» для беларусаў па Вільні, пісаў казкі, п’есы-батлейкі, вершы і беларускія тэксты на музыку вядомых песень.
2010 год. У выніку смаленскай авіякатастрофы загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі разам з прадстаўнікамі польскай палітычнай і вайсковай эліты – усяго 89 пасажыраў і 7 членаў экіпажа.
Польскі самалёт, які выконваў рэйс у Смаленск для наведвання ўрадавай дэлегацыяй катынскага мемарыяла, пацярпеў крушэнне. Дэлегацыя накіроўвалася на жалобныя мерапрыемствы з нагоды 70-х угодкаў Катынскага расстрэлу.
Катастрофа пад Смаленскам стала найбуйнейшай па колькасці ахвяр авіякатастрофай, у якіх гінулі першыя асобы дзяржавы.
Следства выявіла сляды выбухоўкі на 190 элементах самалёта Ту-154М. Брытанская лабараторыя пацвердзіла наяўнасць гексагену, трацілу і пентрыкса ў 89 з 238 даследаваных узораў.
2010 год. Загінуў у смаленскай авіякатастрофе беларус Мірон (Міраслаў) Хадакоўскі, 1957–2010.
Архіепіскап гайнаўскі, праваслаўны ардынарый Войска Польскага, брыгадны генерал Войска Польскага. Доктар тэалогіі.
Скончыў Варшаўскую Духоўную семінарыю, Вышэйшую Духоўную семінарыю ў Яблечна. Кіраваў аднаўленнем Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра, архімандрыт.
У 1998 годзе прызначаны праваслаўным ардынарыем Войска Польскага.
Неаднаразова наведваў Казахстан, Расію, Украіну.
2021 год. Памёр Уладзімір Папковіч (1935–2021).
Беларускі пісьменнік, перакладчык.
Скончыў Мінскі педінстытут замежных моў. Працаваў у інстытуце замежных моў, інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР, у Мінскім вышэйшым інжынерна-радыётэхнічным вучылішчы, на Мінскім оптыка-механічным заводзе, у Віцебскім педінстытуце, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме.
Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя У. Караткевіча.
З 1962 года друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выданнях у Мінску і Віцебску: часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», альманахах «Дзень паэзіі», «Далягляды», «Братэрства», «Дзвіна», «Ратуша».
2021 год. Памерла Арыядна Ладыгіна (1927–2021).
Беларускі вучоны ў галіне эстэтыкі, педагог. Доктар філасофскіх навук, прафесар.
Сястра беларускай спявачкі, Народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай.
Скончыла Маскоўскую кансерваторыю. Выкладала ў Саратаўскім музвучылішчы, Маскоўскай, Казанскай кансерваторыях, працавала у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у Беларускай акадэміі музыкі.
Даследавала праблемы народнасці мастацтва, пераемнасць культур (пераважна на матэрыяле беларускай музыкі), гісторыю беларускага музычнага тэатра.
Выступала як музычна-тэатральнальны крытык.