Чаму яе электрычнасць не патрэбна “Магілёўэнерга”? Пакуль спецыялісты станцыі спрачаюцца з дзяржаўным манапалістам, аб’ект не працуе ўжо 4 месяцы.
Гонар альтэрнатыўнай энергетыкі краіны, Чэрыкаўская сонечная электрастанцыя была запушчана ў эксплуатацыю ў лютым 2022 года. Магілёў.media пісалі пра пачатак яе працы, але выявілася, што станцыя папрацавала толькі тры месяцы. Ужо ў маі яна прыпыніла выраб электраэнэргіі і прастойвае чацвёрты месяц, бо якасць яе электрычнасці аказалася нездавальняючай для “Магілёўэнерга”. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, пачалося скарачэнне персаналу.
Некалькі гадоў таму Чэрыкаўскі раён стаў пляцоўкай для развіцця энергіі будучыні. Задума была выдатнай – размясціць фотаэлектрастанцыі на землях, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і непрыдатныя да выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. У выніку сёння на Чэрыкаўшчыне пабудаваны ўжо дзве сонечныя фотаэлектрастанцыі.
Станцыя ў Рэчыцкім сельсавеце самая магутная ў Беларусі. Яна размешчана на адселенай тэрыторыі. Паміж лясамі і невялікай ракой Воўчас у раёне выселенай вёскі Блізкая Рэчыца на плошчы 220 гектараў зямлі размешчаны сонечныя панэлі. Пуск сонечнай электрастанцыі стаў для Беларусі сапраўдным прарывам у развіцці “зялёнай” энергетыкі.
Па інфармацыі cherikovnews.by, інвестыцыйная дамова на будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі для вытворчасці электрычнай энергіі была складзена ў 2014 году. Непасрэдна будаўнічыя работы пачаліся ў верасні 2018 года. Генеральным падрадчыкам выступіла ЗАТ “Белзамежбуд”, заказчыкам – ТАА “Солар Лэнд”, а інвестыцыі ў гэты праект уклала ірландская кампанія “Камеліасайд Лімітэд”. 22 верасня 2021 г. быў падпісаны акт уводу аб’екта ў эксплуатацыю. А першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі стаў люты 2022 году. За ўвесь перыяд рэалізацыі інвестпраекта сума інвестыцый у асноўны капітал склала 372.510.000 беларускіх рублёў. “Зялёную” энергію выпрацоўваюць 388 090 фотаэлектрычных модуляў. За год тут планавалася выпрацоўваць 137,79 мільёнаў кВт/г.
Нягледзячы на тое, што маштаб створанай альтэрнатыўнай крыніцы энергіі ўражвае, у ТАА “Салар Лэнд” працавала толькі 22 чалавекі. Прычым, персанал можа працаваць аддалена і не знаходзіцца ўвесь час на аб’екце. На тэрыторыі фотаэлектрастанцыі ўстаноўлена інтэлектуальная сістэма перыметральнага назірання, якая дэтэктуе рух: калі на тэрыторыю пранікае чалавек або буйная жывёла, аператару прыходзіць апавяшчэнне.
Здаецца праблем не павінна было быць. Сучаснае абсталяванне, замежныя інвестары, дадатковыя рабочыя месцы і папаўненне бюджэту гарантавала падтрымку ўладаў і бестурботную рэалізацыю праекта. Але ў маі “Магілёўэнерга” перастала прымаць электрычнасць станцыі з-за яе нізкай якасці.
Звычайны чалавек і не здагадваецца, колькі параметраў якасці электрычнасці трэба вытрымаць вытворцы, перш чым яна патрапіць да спажыўца.
Што такое якасць электрычнасці?
Прывядзем караценька асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да якасці электрычнай энергіі :
-адхіленне значэння асноўнай частаты напругі электрасілкавання ад намінальнага значэння, Гц;
-ваганні напругі і флікер, %;
-павольныя змены напругі, %;
-несіметрыя высілкаў у трохфазных сістэмах, %;
-несінусоіднасць напругі, %.
Для тых, хто зразумеў, што такое якасць электрычнасці, і хоча пашырыць свае веды рэкамендуем пачытаць “Нормы качества электрической энергии. Гармоники тока.”
Звычайным жа чытачам варта зразумець карані праблемы. Калі гэта тэхналагічныя часовыя складанасці, то чаму сучаснае абсталяванне на Чэрыкаўскай станцыі паказвае адпаведную нарматывам якасць яе электраэнергіі, а прыборы “Магілёўэнерга” фіксуюць іншую нездавальняючую якасць?
Пакуль спробы работнікаў станцыі выправіць сітуацыю не далі плёну. Па іх дадзеных усё добра. Адсюль узнікае і наступнае гіпатэтычнае меркаванне: “А ці няма тут злоснага намеру з боку дзяржаўнага манапаліста, дадзеныя якога ні праверыць ні абвергнуць ніхто не можа?”
Пакуль прыватныя спецыялісты станцыі спрачаюцца з дзяржаўнымі спецыялістамі, аб’ект прастойвае ўжо 4 месяцы. Кіраўніцтва фірмы спрабуе ўтрымаць высокакваліфікаваныя кадры, але ў верасні пачалося скарачэнне абслугоўвага персаналу.
Няўжо найбуйнейшая ў Беларусі сонечная электрастанцыя стане самым правальным нацыянальным праектам развіцця “зялёнай энергетыкі”?