Рогі зніклага тура, дакументы Галынскіх, рэчы паселішча жалезнага веку і нават гарматныя ядры. Распавядаем пра багатыя музейныя зборы, якія знаходзяцца ў сценах крычаўскага палаца XVIII cтагоддзя.
Пятнаццаць год таму былі завершаны працы па рэстаўрацыі і аднаўленню палаца Пацёмкіна-Галынскіх, у які пераехаў мясцовы краязнаўчы музей. У помніку XVIII cтагоддзя размясцілася новая экспазіцыя, якая ўключае дзевяць залаў. Залы насычаны прадметамі даўніны і каштоўнай інфармацыяй аб мінулым Крычава. Фонды музея налічваюць больш за 20 тысяч адзінак захоўвання.
Рогі тура, гарматныя ядры, кіраса XVIII cтагоддзя
Адным з самых унікальный экспанатаў у экспазіцыі Крычаўскага музея з’яўляюцца рогі тура. У 2-й палове ХХ стагоддзя іх прынёс у музей жыхар Крычава. Спачатку рогі знаходзіліся ў фондах, потым былі адрэстаўраваныя і змешчаныя ў экспазіцыю Рыцарскага зала.
Экспанат цікавы тым, што папуляцыя тураў на Зямлі знікла ў яшчэ ў 20-я гады XVII стагоддзя, калі апошні раз жывёлу зафіксавалі недалёка ад польскага Яктаруба. Датаваць рогі з экспазіцыі цяпер вельмі цяжка, аднак можна дакладна засведчыць, што гэты трафей не маладзейшы за XVII стагоддзе. А магчыма ўвогуле адносіцца да XV-XVI стагоддзяў і мог быць здабыты нават у ваколіцах Крычава.
У экспазіцыі музея прадстаўлены таксама гарматныя ядры, якія ўбачыш далёка не ў кожным музеі. З самага пачатку XVІ ст., калі межы ВКЛ з Масквой наблізіліся да горада, Крычаў пачаў выконваць функцыі сталага абарончага цэнтра, усходняга фарпоста дзяржавы. Па трапным выразе даследчыка Андрэя Мяцельскага “ўся гісторыя Крычава прапахла парахавым дымам”.
Крычаўскі замак вытрымаў аблогі расійскіх войскаў у 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 гадах, а таксама штурм у 1744 г. сялян-паўстанцаў пад кіраўніцтвам Вашчылы.
У Рыцарскім зале музея акрамя рагоў і ядраў экспануецца кіраса – верхняя частка даспехаў, што абараняла цела рыцара ад удару мячом. Экспанат цікавы сваім адносна невялікім памерам, аднак з упэўненасцю можна казаць, што гэта кіраса належала даросламу ваяру.
Чарнільніца і перніца XVII–XVIII стст., зборнік казанняў Сімяона Полацкага “Абед душэўны”
Прыборы для пісьма з фондавай калекцыі «Археалогія» былі знойдзены падчас раскопак на гарадзішчы Замкавая гара. Яны захаваліся настолькі добра, што на паверхні чарнільніцы нават можна разгледзець каляровую эмаль.
Бяспрэчна прыцягвае ўвагу і зборнік казанняў Сімяона Полацкага “Абед душэўны”. Старадрук датуецца 1681 годам і быў выдадзены праз год пасля смерці асветніка ў заснаванай ім маскоўскай друкарні. Гэта першая частка яго казанняў, другая выйшла ў 1683 годзе і звалася “Вячэра душэўная”. У Маскве Сімяон Полацкі жыў з 1664 года. Ён прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі. Выхоўваў цароў Фёдара Аляксеевіча і Пятра І.
Дакументы з сямейнага архіва роду Галынскіх
Палац, у якім месціцца музей, носіць імя графа Пацёмкіна, але шмат часу, 130 гадоў, да самай рэвалюцыі 1917-га, ім валодаў род Галынскіх. У 1959–1960 гадах, падчас рамонту крычаўскага палаца, пры замене драўляных перакрыццяў, рабочымі быў знойдзены гліняны гаршчок, у якім знаходзілася 49 дакументаў з сямейнага архіва Галынскіх. Яны датуюцца 1719–1905 гадамі. Першапачаткова дакументы патрапілі да тагачаснага дырэктара краязнаўчага музея Міхаіла Мельнікава, а цяпер знаходзяцца ў фондах Крычаўскага гістарычнага музея. Зараз некаторыя з гэтых дакументаў можна ўбачыць у адным з экспазіцыйных залаў.
Скарб дакументаў быў закладзены, верагодна, Уладзіславам Галынскім у 1905 годзе з-за небяспекі сялянскіх хваляванняў, бо 15 жніўня 1905 года быў разгромлены маёнтак Галынскіх у Кадзіна.
Сярод старых дакументаў разнастайныя паперы: лісты, распіскі, таварныя накладныя, дамовы, адрасы і нават дзіцячыя малюнкі. Адзначым, што амаль два дзясяткі дакументаў адносяцца яшчэ да часоў Рэчы Паспалітай. Наогул жа большая частка дакументаў напісана па-польску і асноўную масу іх складаюць лісты разнастайнай тэматыкі і зместу.
Асабліва замілоўваюць дзіцячыя малюнкі апошняга ўладара палаца Юзафа Галынскага, які пасля рэвалюцыі з’ехаў у Польшчу, дзе пражыў да глубокай старасці і памёр у 1973 годзе.
Фрагмент унутранага ўбрання касцёла і кавалкі ляпніны палаца
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя цэнтральную частку Крычава знішчыў жудасны пажар. Згарэлі амаль усе пабудовы, у тым ліку і драўляны касцёл разам з плябаніяй. Часова набажэнствы вяліся на першым паверсе ў круглым зале так званага Пацёмкінскага палаца, валодаў якім на той час заможны крычавец Стэфан Галынскі.
На яго ж грошы, а таксама на грошы вернікаў, у 1855–1860 гадах быў пабудаваны новы каменны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Стварыў гэты архітэктурны цуд у стылі неаготыкі таленавіты італьянскі архітэктар. Дзякуючы яго майстэрству, касцёл зрабіўся найпрыгажэйшай пабудовай у горадзе.
Аднак у савецкі час каталіцкую святыню зачынілі. Першапачаткова будынак крычаўскага касцёла выкарыстоўваўся як «народны дом», у якім дэманстраваліся кінафільмы і працаваў самадзейны тэатр, але ў 1934 годзе касцёл быў падарваны. Ад храма амаль нічога не засталася, акрамя невялічкага фрагмента ўнутранага ўбрання касцёла ў выглядзе маленькага анёла, які цяпер экспануецца ў адным з залаў музея.
Падчас рэстаўрацыі палаца былі знойдзены не толькі дакументы з асабістага архіва Галынскіх, але і нямала элементаў аздаблення палаца. У прыватнасці, была знойдзена кафля з рознымі матывамі XVIII-ХIХ стагоддзяў, а таксама кавалкі ляпніны, якія аздаблялі шматлікія залы палаца. Гэтыя экспанаты дапамагаюць наведвальнікам хаця б крыху ўявіць як раней выглядалі унутраныя інтэр’еры крычаўскай перліны.
Знаходкі з гарадзішча Гарадзец і медаль за лепшага сялянскага каня
Гарадзішча Гарадзец з’яўляецца першым умацаваным паселішчам на тэрыторыі сучаснага Крычава, з якога па-сутнасці і ўзнік горад. Археалагічныя даследаванні помніка паказалі, што паселішча на Гарадцы з’явілася яшчэ ў жалезным веку і існавала з ІІІ ст. да н.э. да ІV ст. н.э. Яно было заснавана прадстаўнікамі балцкай днепра-дзвінскай культуры.
У музейнай экспазіцыі якраз прадстаўлены шэраг цікавых рэчаў жыхароў Гарадца жалезнага веку. Сярод іх багата касцяных вырабаў (праколкі, наканечнік стралы, глянцавая падвеска ў выглядзе стылізаванай рыбкі, плоская праколка з рога з адтулінай для падвешвання), грузікі дзякаўскага тыпу, а таксама свідраваныя і клінападобныя каменныя сякеры. Прычым гэтыя экспанаты няправільна прадатаваны супрацоўнікамі ўстановы, бо музейная этыкетка сведчыць, што адносяцца старадаўнія прадметы да ІХ-ХІІ стагоддзяў.
Цікавым экспанатам з калекцыі “Фалерыстка” з’яўляецца медаль за лепшага сялянскага каня канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. Такая ўзнагарода выпускалася ў часы расійскага цара Мікалая ІІ, партрэт якога выяўлены на адным з бакоў медаля. Цяпер медная ўзнагарода дыяметрам пяць сантымертаў і вагой 50 грам знаходзіцца ў адной з вітрын музейнай экспазіцыі.
Фота dkmf.by, potyomkin.by, mogilev.media і з адкрытых крыніц