Міліцыя аспрэчвае, што іх супрацоўнік кіраваў бандай рабаўнікоў фур

У траўні гэтага года выданне “Наша ніва” выпусціла сенсацыйны матэрыял аб тым, што арганізатарам банды рабаўнікоў фур аказаўся супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіл Згірскі. Рабаўнікі займаліся абкраданнем фур, якія спыняліся на адпачынак на трасах у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях – пісалі mogilev.media. На “справу” выязджалі па начах, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль вадзіцель спаў у кабіне фуры, яны ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам: ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў.

Цяпер жа інфармацыйныя рэсурсы Міністэрства унутраных спраў выступілі з заявай, што інфармацыя пра датычнасць Міхаіла Згірскага да арганізацыі рабаванняў не адпавядае рэчаіснасці. “Экстрэмісцкімі рэсурсамі распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя аб удзеле супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС у здзяйсненні крадзяжоў з грузавога транспарту ў Аршанскім раёне” – піша, у прыватнасці, тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад крыніц выдання “Наша ніва”, Згірскі не толькі даводзіў удзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах. Кіраўніцтва МУС рашуча абвергла гэту інфармацыю і заявіла, што Згірскі быў абвінавачаны па іншай справе. 

«Супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіл Згірскі і яго саўдзельнік затрыманыя ў маі бягучага года за здзяйсненне махлярства і вымагальніцтва ў дачыненні да мінчаніна, які, на думку зламыснікаў, займаўся незаконнымі здзелкамі з крыптаваютай. Згірскі і яго саўдзельнік далі прызнальныя паказанні. Судом Нясвіжскага раёна названыя асобы прысуджаныя да пазбаўлення волі» – гаворыцца ў заяве МУС.

“Наша ніва” ў адказ на гэтую заяву заўважае: “Цікава, што канкрэктны тэрмін Згірскаму – 8 гадоў калоніі – МУС не называе. Магчыма, каб не пацвердзіць тое, што «Наша Ніва» насамрэч валодае інфармацыяй.”

Фота: МУС

Кіраўніком банды рабаўнікоў фур аказаўся супрацоўнік міліцыі, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях?

“Наша ніва” апублікавала сенсацыйны матэрыял, што бандай рабаўнікоў фур, што арудавала ў тым ліку і на Магілёўшчыне, аказаўся супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС.

Паводле інфармацыі выдання, супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і ўдзельніка палітычных рэпрэсій капітана Міхаіла Згірскага затрымаў КДБ. Міліцыянера абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў з Оршы, пра затрыманне якой стала вядома нядаўна. Рабаўнікі займаліся абкраданнем фур, якія спыняліся на адпачынак на трасах у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. На “справу” выязджалі па начах, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль вадзіцель спаў у кабіне фуры, яны ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам: ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў. Усяго гаворыцца пра шэсць такіх эпізодаў.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», схопленыя аршанскія ўдзельнікі банды пасля затрымання выдалі асобу іншага саўдзельніка, які і зрабіў схему магчымай – праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі. Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў – 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі.

Выданне піша, што Згірскі не толькі даводзіў ўдзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.

Вядома, што пасля пратэстаў 2020 года Міхаіл Згірскі прымаў удзел у рэпрэсіях супраць беларускага народа. Крымінальная справа супраць яго знаходзіцца на асаблівым кантролі у кіраўнікоў МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхілены ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крыміналу.

Фота: “Наша ніва”, МУС