9 ліпеня ў гісторыі. Карлаў мост. Пераварот Кацярыны II. Адчынены МаАЗ, дзіцячая чыгунка. Нарадзіўся У. Някляеў.

Міжнародны дзень знішчэння стралковай зброі (Small Arms Destruction Day, з 2001 года).

Заснаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый каб нагадаць аб пагрозе, якую нясе празмернае і дэстабілізуючае назапашванне і незаконны абарот стралковай зброі і лёгкіх узбраенняў для міру і бяспекі.

Міжнародная супольнасць прызнала неабходнасць скарачэння незаконных патокаў зброі ў якасці ключавой задачы для дасягнення міру, справядлівасці і моцных інстытутаў у якасці мэты ўстойлівага развіцця.

1357 год. У Празе кароль Карл IV (1316-1378) заклаў арачны мост праз Влтаву.

Спраектаваны на 16 магутных апорных быках, пабудаваны ў 1357-1402 гадах чэшскім архітэктарам і скульптарам Пятром Парлержам на месцы старога Юдыфінінага моста, які быў разбураны ў 1342 годзе.

Мост з’яўляецца адной з самых вядомых славутасцяў горада. У 1683 годзе паабапал яго ўсталявалі скульптурныя групы, якія ілюструюць гісторыю Прагі па ўзоры рымскага маста св. Анёла. З канца XIX стагоддзя мост стаў называцца Карлавым.

Працягласць моста 516 м у даўжыню і каля 10 м у шырыню, мае тры вежы, дзве з якіх знаходзяцца ў Старым горадзе. Упрыгожаны 30 статуямі святых і заступнікаў багемскіх скульптараў М. Браун, Я. Брокафа і яго сыноў Юзафа і Фердынанда.

У 1965 годзе ўсё статуі заменены копіямі, а арыгіналы перавезены ў Нацыянальны музей Чэхіі.

У беларускай паэзіі Карлаваму мосту прысвечаны верш В. Болбаса «На Карлавым мосьце музыка іграе на шклянках…».

1762 год. У Пецярбургу ўчынены палацавы пераварот, у выніку якога на сталец узышла Кацярына II.

У ноч на 9 ліпеня, калі расійскі імператар Пётр III знаходзіўся ў Араніенбаўме, яго жонка Кацярына таемна прыбыла ў Пецярбург і ў казармах Ізмайлаўскага палка была абвешчана самадзяржаўнай імператрыцай. Да паўстанцаў далучыліся салдаты іншых палкоў, а сама вестка аб перавароце была з захапленнем сустрэта пецябруржцамі.

Кацярына ўступіла на сталец, маючы цалкам пэўную палітычную праграму, заснаваную, з аднаго боку, на ідэях Асветы і, з другога, яна ўлічвала асаблівасці гістарычнага развіцця Расіі.

У першыя гады свайго валадарання яна ажыццявіла рэформу Сената, правяла секулярызацыю царкоўных зямель, ліквідавала гетманства ва Украіне, заснавала шэраг новых навучальных устаноў. Лічыла неабходным замацавацца на Чорным моры, далучыць Паўночнае Прычарнамор’е, Крым, Прыкубанне, Каўказ, знішчыць Рэч Паспалітую.

1883 год. Нарадзіўся Аляксандр Дубах (1883-1942).

Беларускі навуковец у галіне меліярацыі і гідралогіі, пачынальнік сучаснай гідралесамеліярацыі.

Акадэмік АН БССР, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар.

Працаваў ва ўпраўленні земляробства і дзяржмаёмасці ў Магілёве, прафесарам Горацкай акадэміі, займаўся асушэннем лясных сельскагаспадарчых земляў. Рэпрэсаваны ў 1930 і 1937 гадах, пазбаўлены звання акадэміка.

Памёр 21 красавіка 1942 года.

1906 год. У наднёманскай в. Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд Мінскай губерні.

Разагнаны паліцыяй. На сходзе былі выказаны думкі пра неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму.

Удзельнікі з’езда былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя, як К. Міцкевіч (Якуб Колас) адсядзелі ў турме. 13 настаўнікаў былі звольнены з працы, у тым ліку І. Фёдараў (Янка Маўр).

На фота сюжэт “праз дваццаць гадоў”, 1926 год. Праз 20 гадоў з’езда. Сядзяць (злева направа) у ніжнім радзе: Сямён Матковіч, Іван Голас, Якуб Колас; у верхнім радзе: Язэп Пашчыцкі, Андрэй Дуб, Янка Яхімовіч, на плячо Якуба Коласа абапіраецца Тарас Гушча.

1935 год. Пачаў працу Магілёўскі аўтарамонтны завод.

Перад вайной перапрафіліраваны ў авіяцыйны, у 1941 годзе эвакуіраваны ў Куйбышаў, дзе асвоіў вытворчасць рухавікоў для штурмавікоў Іл-2 (цяпер Самарскае авіяракетнае аб’яднанне).

Пасля вайны завод вернуты ў Магілёў і выпускаў лакамабілі, парасілавыя ўстаноўкі, маставыя краны і маслазапраўшчыкі на шасі ГАЗ-51.

У 1958 годзе на завод пад’ёмна-транспартнага абсталявання імя С. Кірава ў Магілёве была перададзена вытворчасць аднавосевых цягачоў МАЗ-529.

У 1960 годзе з МАЗа была пераведзена група канструктараў, якая стала асновай тэхнічных службаў завода. З гэтага часу МаАЗ стаў адным з найбуйнейшых вытворцаў землярыйна-транспартнай тэхнікі ў СССР.

У 1966 годзе завод перайменаваны ў аўтамабільны. На ім створаны аднавосевыя цягачы, паўнапрывадныя аўтамабілі МаАЗ-7411, кар’ерныя самазвалы, самазвальныя аўтацягнікі для працы ў падземных шахтах і выпрацоўках.

У 2006 годзе завод стаў філіялам БелАЗа.

Унікальная прадукцыя – магілёўскі скрэпер

1944 год. У Магілёве адбыўся першы агульнагарадскі мітынг прысвечаны вызваленню горада і вобласці і парад партызан і войск гарнізона.

Мерапрыемствы адбыліся на часткова разбуранай Савецкай плошчы (зараз – Славы).

У мітынгу прынялі ўдзел больш за 25 000 чалавек.

А 13:00 мітынг адкрыў старшыня выканкама Магілёўскага абласнога Саветаў дэпутатаў генерал-маёр І. Кардовіч.

Сакратар Магілёўскага абкама і гаркама КП(б)Б І. Макараў адзначыў, што за гады вайны партызаны Магілёўшчыны знішчылі больш за 148 000 варожых салдат і афіцэраў, больш за 1 600 узялі ў палон, разграмілі 133 гарнізона, знішчылі 167 варожых танкаў, 78 бронемашын, 46 самалётаў, 232 гарматы. Народныя мсціўцы знішчылі 1 793 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага, узарвалі 53 чыгуначныя масты.

Пасля мітынгу адбыўся парад партызан і воінскіх часцей. Каля трыбуны прайшло каля 9 000 партызан.

Пасля заканчэння парада на плошчы выступіў франтавы ансамбль песні і танца.

1946 год. Нарадзіўся Уладзімір Някляеў.

Беларускі паэт, празаік, эсэіст, грамадска-палітычны дзеяч.

Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, палітычны зняволены.

Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

Някляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады.

1947 год. Памёр ураджэнец Беларусі Люцыян Жалігоўскі (1865-1947).

Польскі генерал, дзяржаўны і ваенны дзеяч.

Удзельнік руска-японскай, Першай Сусветнай войн. Камандзір 1-й літоўска-беларускай дывізіі (1920). Ваенны міністр Польшчы, інспектар арміі. Член Нацыянальнай рады польскага ўрада ў Вялікай Брытаніі.

1955 год. Адкрыта Мінская дзіцячая чыгунка імя К. Заслонава.

Працуе з 1 мая да канца верасня і на зімовых канікулах па пэўнаму раскладу. Галоўная станцыя «Заслонава». Працуюць два цеплавоза і 12 вагонаў з сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсій.

1987 год. Памёр ўраджэнец в. Улукі Слаўгарадскага раёна Іван Цішчанка (1912-1987).

Беларускі хімік, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР, дэкан хімфаку БДУ.

Аўтар прац па арганічнаму сінтэзу і рэакцыйнай здольнасці арганічных рэчываў. Распрацаваў метады сінтэзу поліфункцыянальных арганічных рэчываў, выявіў шэраг заканамернасцей рэакцыйнай здольнасці замешчаных ненасычаных злучэнняў у адносінах да малекулярнага кіслароду, перакісу вадароду і іншых акісляльнікаў. Сінтэзаваў ацыклічныя, карбацыклічныя і гетэрацыклічныя злучэнні з некалькімі функцыянальнымі групамі, некаторыя з іх біялагічна актыўныя.

Аўтар больш 130 навуковых прац, шэраг вынаходніцтваў.

2012 год. Памёр Аляксей Гусак (1927-2012).

Беларускі матэматык, прафесар.

Скончыў БДУ, у якім потым прапрацаваў усё жыццё.

Аўтар звыш 200 навуковых прац. Сярод іх 36 кніг, якія перакладаліся на венгерскую, іспанскую і французскую мовы, у тым ліку манаграфія «Тэорыя набліжэння функцый. Гістарычны нарыс», падручнік «Вышэйшая матэматыка», «Зборнік задач і практыкаванняў па дыферэнцыяльнай геаметрыі».

Клайпеда збірае спальныя мяшкі для Украіны і мяняе назву гімназіі імя Горкага

У Клайпедзе, як і па ўсё Літве праходзіць акцыя па зборы спальных мяшкоў для Украіны, паведамляе delfi.lt.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Валанцёры, Чырвоны Крыж заклікаюць ахвяраваць жыхарам Украіны спальныя мяшкі – чыстыя, якія ўжо былі ва ўжыванні, або новыя. 

– Мы ведаем, што літоўцы – надзвычай згуртаваны народ, і мы неаднаразова гэта даказвалі. Мы не можам заставацца абыякавымі да просьбы нашых калег сабраць неабходную колькасць спальных мяшкоў, таму вельмі спадзяемся, што яшчэ не стаміліся дапамагаць і ахвяраваць Украіне, якая па-ранейшаму вельмі мае патрэбу ў дапамозе. Перад Калядамі мы заклікаем зрабіць вельмі важную працу і ўнесці свой уклад у нашу ініцыятыву па зборы спальных мяшкоў. – заклікае кіраўнік Чырвонага Крыжа Літвы Крысціна Мэйдэ. 

Чырвоны Крыж адзначае, што з-за хуткага пахаладання і вострага дэфіцыту электраэнергіі ва Украіне амаль 12 мільёнаў украінцаў засталіся без электрычнасці і кожны дзень змагаюцца з холадам. Таму Чырвоны Крыж Украіны звярнуўся ў Чырвоны Крыж Літвы з просьбай аб 75 000 адзінак спальных мяшкоў, у якіх цяпер вельмі маюць патрэбу жыхары Украіны. 

Прэзідэнт Літвы Г. Наўседа, які далучыўся да акцыі, таксама заклікае ўсіх жыхароў Літвы згуртавацца і дапамагчы ўкраінцам у гэтай барацьбе. 

– Кожны дзень вайны паказвае нам рашучасць і волю ўкраінскага народа захаваць сваю дзяржаву, захаваць свабоду. Яны змагаюцца са злом за ўсіх нас і кожны з нас можа дапамагчы ў гэтай барацьбе. Спальныя мяшкі, падораныя Чырвонаму Крыжу, будуць прызначаны для жанчын, дзяцей, бабуль і дзядуляў – тых, каго вораг хацеў бы зламаць холадам.Яны сагрэюць і абароняць жыцці, таму я заклікаю народ Літвы яшчэ раз згуртавацца для аказання дапамогі. Я таксама звяртаюся да літоўскіх муніцыпалітэтаў і бізнесу з просьбай дапамагчы Украіне шляхам перадачы электрагенератараў, у якіх краіна сёння надзвычай мае патрэбу. – сказаў кіраўнік краіны. 

Арганізатары адзначаюць, што зараз не збіраюць іншыя рэчы і просяць прыносіць толькі спальныя мяшкі. Таксама падкрэсліваюць, што важна прыносіць рэчы ў добрым стане ці новыя, якія можна адразу адправіць ва Украіну. 

Прагімназіі імя Максіма Горкага шукаюць новую назву 

 

Клайпедская прагімназія імя Максіма Горкага выказала жаданне змяніць назву сваёй навучальнай установы, якую яна носіць з 1946 года. Акрамя прагімназіі назву пралетарскага класіка атрымала і былая вуліца Ліепу. 

Аднак і прапанаваная школьнай супольнасцю новая назва – Клайпедская прагімназія партовага горада  – выклікала здзіўленне і не задавальняе адміністрацыю горада. 

Пасля дыскусій 8 снежня большасцю галасоў Камітэт па культуры, адукацыі і спорту Гарадской рады прыняў рашэнне пакуль адкласці разгляд гэтага пытання.

Член камітэта Эдмундас Кведэрыс нагадаў, што назвы многіх школ у партовым горадзе былі выбраны або па прозвішчах вядомых людзей Малой Літвы, або адлюстроўвалі пэўныя асаблівасці гэтай тэрыторыі, таму прапанаваў і далей трымацца гэтай традыцыі.

Але школьная супольнасць не жадае каб новая назва “асацыявалася з той ці іншай асобай, і хочуць нейтральную назву” – выказалася кіраўнік Аддзела адукацыі.

Са свайго боку, Юдзіта Сіманавічутэ параіла сваім калегам «не ладзіць драмы». 

– Партавы горад – гутарковы выраз, але Клайпеда нідзе не ўзаконена як партовы горад. Калі абшчына выбрала такую назву, то ў гэтым няма нічога такога. – сказала яна, заявіўшы пры гэтым, што ўхваліць новую назву Клайпедскай прагімназіі партовага горада.

– Я б прапанавала адказна паставіцца да гэтага пытання, бо назвы школ фарміруюць ідэнтычнасць нашага горада, адлюстроўваюць  яго гісторыю і ўсёй краіны. – сказала Н. Пуцейкіене, шкадуючы, што ў горадзе няма назваў, прысвечаных 100-годдзю далучэння Клайпедскага краю да Літвы. І задалася пытаннем, чаму гімназія не магла б быць названа ў гонар Ёнаса Будрыса, правадыра Клайпедскага паўстання.

Пытанне аб перайменаванні прагімназіі вынесенае на разгляд Гарадской рады, бо новая назва прагімназіі павінна быць узаконена з 1 студзеня.

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.