13 ліпеня ўчынак сямнаццацігадовай дзяўчыны з горада Горкі шырока разляцеўся па СМІ. Паведамляецца, што дзяўчына выклала ролікі у сваім Тэлеграм-канале, і з іх можна было зразумець, што яна забіла хатнюю жывёлу, а потым зварыла яе галаву.
Пазней стала вядома што кот, відаць, не быў ёю забіты, а знойдзены мёртвым. Гэта, аднак, мала паўплывала на шок, выкліканы абыходжаннем з парэшткамі. Таксама скандальнасці навіне дабаўляла знешнасць дзяўчыны з Горак, апранутай і з макіяжам у стылістыцы субкультуры готаў.
У СМІ агучваюцца версіі, што падобны ўчынак быў здзейснены для хайпа. Дзяўчына паведаміла праваахоўнікам, што збіралася выкарыстаць чэрап у аздабленні свайго пакоя, а расчляненне цела патлумачыла “даследчыцкімі мэтамі”, быццам бы яна хоча стаць доктарам ці ветэрынарам.
Нам удалося знайсці адзін падобны ўчынак у масавай культуры ў апошнія гады, і прычым звязана гэта было зусім не з містычным ці вядзьмарскім рытуалам, як меркавалася першапачаткова.
Вядомая амерыканская рэп-спявачка Азілія Бэнкс агаломшыла публіку ў 2021 годзе фотаздымкамі свайго выкапанага (так, ён памёр у папярэднім, 2020 годзе, быў пахаваны, а потым выкапаны Азіліяй) ката Люцыфера. Таксама спявачка паведаміла, што зварыла яго галаву і размясціла ў своеасаблівым алтары разам з іншымі прадметамі, на першы погляд выпадковымі – бутэлькай шампанскага, стодоларавай банкнотай, паўлінымі пер’ямі і г.д.
Фотаздымак Азілія Бэнкс пракаментавала так: «Люцыпар 2009-2020. Мой дарагі кацяня. Дзякуй табе за ўсё. Легенда. Ікона. Назаўжды сервал служыць».
Фота выклікала вялікі розгалас – рэпершу западозрылі ў вядзьмарскіх рытуалах, паяданні цела свайго хатняга гадаванца. Пазней спявачка патлумачыла, чаму яна выкапала труп ката – і гэта быў не дзіўны кулінарны эксперымент ці містычны рытуал. Аказалася, яна хацела зрабіць з чэрапа ката ўпрыгожванне.
– Як вы маглі падумаць, што я стану есці мёртвую котку, – напісала Азілія Бэнкс у Інстаграме – калі я ледзь магу з’есці мёртвую карову? Гэта называецца таксідэрміяй… Дзякуючы ёй паляўнічыя вешаюць на сцены аленевыя галавы. Вы, хлопцы, паводзіце сябе як расісты, і гэта вельмі не падобна на ідэалы black lives matter.
Паводле яе слоў, у рондалі з астанкамі жывёлы быў наліты не булён, як меркавалі карыстальнікі сацсетак, а раствор перакісу для ачысткі касцей.
Пакуль няясна, ці ведала падлетак з Горак пра імпазантны ўчынак амерыканскай спявачкі, але гэтага нельга выключаць.
Фота з адкрытых крыніц