6 ліпеня ў гісторыі. Каранацыя Міндоўга. Перамога пад Лоевам. Мост Ястржэмбскага. Нарадзіліся Я. Лучына, П. Глебка.

Сусветны дзень пацалунку (World Kiss Day ці World Kissing Day).

Упершыню яго прыдумалі ў Вялікабрытаніі.

У многіх гарадах у гэты дзень праходзяць розныя конкурсы пацалункаў, удзельнікі якіх маюць шанц выйграць розныя прызы і падарункі.

Аўтарства першага пацалунку не ўстаноўлена.

Амаль ва ўсім свеце людзі, трапляючы ў рамантычную сітуацыю, адчуваюць неўсвядомленую неабходнасць цалавацца. Такое адчуванне, што прадстаўнікі супрацьлеглага полу запраграмаваны на пацалунак і толькі гэтага і чакаюць.

Існуе нават спецыяльная навука, якая вывучае фундаментальныя фізіялагічныя, псіхалагічныя і іншыя асаблівасці чалавечага пацалунку – філематалогія.

Навукоўцамі-філематолагамі ўстаноўлена, што пацалунак супакойвае нервовую сістэму і прадухіляе стрэсы, дапамагае схуднець, з’яўляецца выдатнай прафілактыкай маршчын, бо задзейнічае каля 30 мышц асобы, распрацоўвае лёгкія, выклікае актывізацыю дзейнасці цэлага шэрагу гармонаў. Тры 20-секундныя пацалункі з раніцы здольныя падтрымліваць рамантычны настрой цэлы дзень, а доўгі пацалунак спыняе прыступ вегетасасудзістай дыстаніі.

Працягласць ідэальнага пацалунку – 3 хвіліны.

Ноч з 6 на 7 ліпеня – Купалле, Ноч на Івана Купалу, перад днём Святога Яна Хрысціцеля, злучэнне двух несумяшчальных стыхій, агню і вады.

Старажытнае земляробчае свята, звязана з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплыні. Раней адзначалася ў ноч на 24 чэрвеня.

Пасля 1918 года, калі ў Савецкай Расіі адбыўся зрух у календары, свята “перадзвінулася” на 6-7 ліпеня паводле Грыгарыянскага календара.

Свята старажытных індаеўрапейцаў у гонар Бога (Багіні) Купалы (Купавы). «Сёння Купалле, а заўтра Ян». Сімвал беларускага Купалля – кветка «брат-сястрыца» з пялёсткамі сіняга і жоўтага колераў. Атрыбуты Купальскай ночы: вогнішчы, карагоды са спевамі, пусканне па вадзе вяночкаў, гаданні, пошукі папараць-кветкі, якая зацвітае апоўначы, прывіднае святло ночы, набыццё дара мовы звярамі, птушкамі і дрэвамі, атрыманне здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі клады і разумець мову звяроў. У 1983 г. выйшаў беларускі мастацкі фільм «Купальская ноч».

1253 год. Каранацыя Міндоўга (1195-1263).

Першы вялікі князь ВКЛ (1248-1253, 1261-1263), першы і апошні кароль літоўскі (1253-1261).

Міндоўг (існуе версія, што яго імя азначае “шматдумны”) у складаны час пагроз з боку Лівонскага ордэну і мангола-татараў стварыў цэнтралізаваную дзяржаву.

Розныя крыніцы па-рознаму ўказваюць паходжанне Міндоўга. Паводле Васкрасенскага летапісу, ён паходзіць з роду полацкіх Ізяславічаў (Рагвалодавічаў).

1651 год. Перамога войск ВКЛ над казакамі ў бітве пад Лоевам.

У Другой бітве пад Лоевам, падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага, перамагло вялікалітоўскага войска пад камандаваннем Януша Радзівіла.

Праз некалькі тыдняў па першай бітве, Хмяльніцкі здолеў абраць рассеяных казакоў і з падтрымкаю татараў зноў сур’ёзна пагражаў Рэчы Паспалітай. У гэты час польскае паспалітае рушэнне, як і сам кароль Ян Казімір, адмовілася ад далейшых баявых дзеянняў і раз’ехалася па дамах. У глыб Украіны рушылі войскі гетманаў каронных Патоцкага і Каліноўскага.

На сустрэчу з кароннымі войскамі рушыў і Януш Радзівіл з 9 харугвамі літоўскай кавалерыі, 2 татарскімі харугвамі Сянкевіча і Мурзы, агулам 4 000 салдат. 6 ліпеня ён сустрэў і разбіў казацкія аддзелы палкоўніка Марціна Нябабы (15 000 пяхоты), якія накіроўваліся пад Гомель.

Пасля гэтай перамогі, Радзівіл вызваліў з аблогі трохтысячны аддзел у Крычаве, а 4 жніўня заняў Кіеў.

1715 год. Памёр Ян Фрыдэрык Сапега (1680-1715).

Вялікі канцлер літоўскі.

Займаў шматлікія дзяржаўныя пасады, у тым ліку старосты прапойскага.

Сабраў вялікую бібліятэку (3 500 кніг), напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодні, гістарычна-генеалагічны нарыс роду Сапегаў, у Кодзенскім касцёле стварыў партрэтную галерэю прадстаўнікоў свайго роду.

1796 год. Памёр Адам Нарушэвіч (1733-1796).

Беларускі паэт і гісторык. Вялікі пісар літоўскі (1781-1788). Біскуп смаленскі, луцкі.

Выкладаў лацінскую мову ў Віленскай акадэміі. Адзін з першых лепшых у Еўропе перакладчыкаў Карнелія Тацыта, а пераклады Гарацыя – самыя поўныя і дасканалыя.

Аўтар 7-томнай «Гісторыі Польшчы», гісторыі Крыма – «Таўрыя».

Заснавальнік у польскай гістарыяграфічнай школы – «школы Нарушэвіча».

Аўтар шматлікіх одаў, ідылій, сатырычных твораў.

1851 год. Нарадзіўся Янка Лучына (Іван Неслухоўскі, 1851-1897).

Беларускі паэт, перакладчык.

Аўтар твораў розных жанраў на польскай, рускай, беларускай (вядомы 14 вершаў) мовах, нарыса «З крывавых дзён», які прысвечаны паўстанню 1863-1864 гг., зборніка «Вязанка».

1859 год. Купец Хаім Цэйтлін, за 5 400 рублёў, атрымаў падрад на будаўніцтва драўлянага моста праз р.Дняпро ў Магілёве.

Будаўніцтва важнага моста да пабудаванай дарогі Орша-Доўск (1841-1851)  пачата і скончана летам 1860 года. Яго праект быў створаны інжынерам М. Ястржэмбскім (1810-1874) – начальнікам Магілёўскай акругі шляхоў зносін.

Вялікі ўдзел у будаўніцтве моста прыняў гарадскі галава Р. Гартынскі. Мост атрымаў імя імператара Аляксандра I. 

Вышыня збудавання ў 40 футаў (больш за 12 м) была абумоўлена высокімі вясновымі водамі, даўжыня ў 90 пагонных сажняў (каля  192 м) – затапленнем значнай часткі поймы ракі падчас паводкі. Мост меў 8 арачных пралётаў. У 1902 годзе падчас рэканструкцыі ён быў пашыраны. Пры падрыхтоўцы да пераносу сталіцы БССР у Магілёў, рэканструкцыя моста была ўключана ў генеральны план гарадской забудовы.

У ліпені 1941 года мост не спраўляўся з нагрузкамі і таму побач з ім вайскоўцы ўзвялі яшчэ дзве пантонныя пераправы. Пасля акружэння горада германскімі войскамі мост быў падарваны адступаючымі чырвонаармейцамі. Нямецкія сапёры аднавілі разбураную апору, замяніўшы ферму звычайным бэлечным пакрыццём. Работы завяршыліся зімой 1941 года, пасля чаго мост насіў імя генерала Мюлера. У маі 1943 года Дняпроўскі мост быў разбамбаваны савецкай авіяцыяй, пасля чаго зноў адбудаваны германскімі ваеннымі. Падчас акупацыі дзейнічала і іншая пераправа праз Днепр – у раёне гарадскога пляжу, дзе быў збудаваны нізкі мост.

Пры адступленні з горада ў чэрвені 1944 года гітлераўцы ўзарвалі ўсе пераправы праз раку. 20 лістапада 1944 года мост быў адноўлены. У лютым 1956 года гарвыканкам інфармаваў міністра камунальнай гаспадаркі “аб аварыйным стане Дняпроўскага моста і немагчымасці яго далейшай эксплуатацыі”.

Пры будаўніцтве новага моста, быў зрэзаны ўзгорак каля Вала Чырвонай Зоркі (цяпер Архірэйскі Вал), і вуліца Чалюскінцаў працягнулася да плошчы Арджанікідзэ. Да канца 1959 года будаўнічыя работы былі завершаны. Новы мост да 1967 года заставаўся адзінай у Магілёве аўтамабільнай пераправай праз Дняпро.

1864 год. У в. Багацькаўка (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзілася Еўфрасіння Гарэцкая (1864-1935).

Беларуская народная спявачка, збіральніца і захавальніца мясцовага фальклору. Маці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.

Памёрла  4 сакавіка 1935 года.

1900 год. Нарадзіўся Іван Лупіновіч (1900-1968).

Беларсукі глебазнавец-аграхімік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, акадэмік, віцэ-прэзідэнт АН БССР, прэзідэнт Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР.

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства. Унёс значны ўклад у вывучэнне праблем меліярацыі і асваення Палесся. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 50 кандыдацкіх і 7 доктарских дысертацый.

Памёр 9 кастрычніка 1968 года.

1905 год. Нарадзіўся Пятро Глебка (1905-1969).

Беларускі грамадскі дзеяч, навуковец, паэт, драматург, перакладчык. Акадэмік АН БССР.

К. Чорны пісаў: “Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі… Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам”. Узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка», інстытуты мовазнаўства, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. 

П. Глебка стаіць крайні справа

1927 год. Нарадзіўся Кастусь Харашэвіч (1927-2013).

Беларускі мастак.

Вучань Барыса Кіта. Удзельнік Саюза беларускай моладзі.

Сябра мастацкай суполкі «Пагоня». Аўтар больш чым 500 карцін, якія адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Павілля і ўсёй Беларусі, жыццё выбітных беларусаў Я. Купалу, Ф. Багушэвіча, Б. Кіта і іншых.

1977 год. Нарадзіўся Максім Мірны.

Беларускі тэнісіст.

Экс-першая ракетка свету ў мужчынскім парным разрадзе, 10-разовы пераможца турніраў Вялікага шлема, лідар зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса. Алімпійскі чэмпіён Летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года ў парным разрадзе разам з Вікторыяй Азаранка.

1989 год. Адроджана самая старажытная (992 або 1104 г.) у краіне Полацкая епархія.

Не працавала ў 1938-1943, 1955-1989 гадах. У розны час называлася Полацкая і Віленская, Полацкая і Віцебская, Полацкая, зараз Полацкая і Глыбоцкая.

Адраджалася нямецкай адміністрацыяй ў 1943 годзе ў сувязі з пераносам мошчаў Еўфрасінні Полацкай з Віцебска ў Полацк.

Епархія мае кафедральныя саборы  – Богаяўленскі (Полацк), Раства Прасвятой Багародзіцы (Глыбокае), 100 прыходаў, жаночыя манастыры ў Полацку, Браславе, Глыбокім.

2005 год. Святым сінодам Рускай праваслаўнай царквы адноўлена Магілёўска-Мсціслаўская епархія.

Заснавана ў 1632 годзе як Мсціслаўская, Аршанская і Магілёўская. З таго часу і да 1935 года мела розныя назвы. У 1942-1944 і 1989-2005 гадах – Магілёўская епархія. З яе складу ў 2004 годзе выдзелілася Бабруская і Быхаўская епархія.Да епархіі адносяцца Бялыніцкі, Горацкі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі раёны. Кафедральныя саборы – у гонар Праабражэння Гасподняга ў Магілёве, Аляксандра Неўскага ў Мсціславе.

Дзень у гісторыі. Каранацыя Міндоўга. Нарадзіўся Лучына, першы паэт, чые беларускія творы сталі друкаваць пасля рэпрэсіяў за паўстанне Каліноўскага. Нарадзіўся паэт Глебка, якому будучыня Беларусі ўяўлялася мройлівай і светлай

6 ліпеня 1253 года – каранацыя Міндоўга.

Першы вялікі князь літоўскі, першы і апошні кароль літоўскі. Карону атрымаў ад Папы рымскага, прыняўшы каталіцкую веру.

Лічыцца, што Міндоўг запачаткаваў беларускую дзяржаву з назвай Літва. Пры ім узрасло палітычнае значэнне Наваградку, які стаў першай сталіцай дзяржавы. Дзякуючы МІндоўгу Літва-Беларусь займела міжнароднае прызнанне і ўлучылася ў еўрапейскі кантэкст.

Міндоўг адзін з першых убачыў перспектыву ў руху на захад, у Еўропу. Праводзіў палітыку аб’яднання беларускіх земляў і пашырэння тэрыторыі гаспадарства, імкнучыся ўзмацніць яго ўплыў на суседнія землі і дамагаючыся выхаду з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў.

Паводле Васкрасенскага летапісу, ён паходзіць з роду полацкіх Ізяславічаў (Рагвалодавічаў).

У Наваградку ёсць гара Міндоўга. Паводле падання ў XIII стагоддзя пад ёй пахаваны заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага – Міндоўг.

Паводле іншай версіі, такая назва магла ўзнікнуць ад таго, што на гэтай гары і вакол яе праходзіла ў 1253 годзе каранацыя Міндоўга, які прыняў ад Папы Рымскага Інакенція IV карону і тытул Караля Літвы.

wikimedia.org


6 ліпеня 1851 года нарадзіўся Янка Лучына (Іван Неслухоўскі).

Паэт, перакладчык.

Як беларускі паэт дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы тым самым пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага паражэннем паўстання 1863 года і рэпрэсіямі расійскіх уладаў за яго.

Тэматычна паэзія Янкі Лучыны звязаная пераважна з жыццём беларускай вёскі. Ён па-мастацку асэнсаваў рэчаіснасць, сцвярджаў дэмакратычныя ідэалы.

wikimedia.org


6 ліпеня 1905 года нарадзіўся Пятро Глебка.

Грамадскі дзеяч, навуковец, паэт, драматург, перакладчык.

Друкаваўся з 1925 года. Першы яго зборнік – «Шыпшына» – красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту.

Рэчаіснасць бачылася маладому Глебку ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі – мройліва і светла.

«Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі. Вышэйшая асвета дала яму вялікую карысць. Яго талент узбагачаны думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага ўніверсітэту была ашчасліўлена такім прафесарам», – пісаў Кузьма Чорны пра Пятра Глебку.

wikimedia.org


6 ліпеня 1927 года нарадзіўся Кастусь Харашэвіч.

Мастак-жывапіцец.

Вучыўся ў Маладзечанскай гандлёвай школе падчас 2-й сусветнай вайны. Прымаў удзел у дзейнасці Саюзу беларускай моладзі.Сябра Беларускага саюзу мастакоў і мастацкай суполкі «Пагоня».

Сузаснавальнік студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечне.

Творчасць мастака-пэйзажыста прадстаўлена больш чым 500 карцінамі, якія адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Павілля і ўсёй Беларусі.

Яго творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне, Скандынаўскім цэнтры ў Менску, а таксама ў прыватных зборах у Польшчы, Нямеччыне, ЗША, Канадзе і Ізраілю.

У 2011 годзе ў філіяле дзяржаўнага літаратурнага музею імя Янкі Купалы ў Яхімаўшчыне адкрылася персанальная галерэя твораў Кастуся Харашэвіча.

Памёр 12 ліпеня 2013 году ў Маладзечне.

molib.by


6 ліпеня 1977 года нарадзіўся Максім Мірны.

Беларускі тэнісіст. Экс-першая ракетка свету ў мужчынскім парным разрадзе, 10-разовы пераможца турніраў Вялікага шлема, Алімпійскі чэмпіён Летніх Алімпійскіх гульняў 2012 г. у парным разрадзе разам з Вікторыяй Азаранкай.

Максім Мірны – рэкардсменам па колькасці матчаў, згуляных у Кубку Дэвіса. У 2003 годзе, дзякуючы яго перамогам, зборная Беларусі трапіла ў Сусветную – найвышэйшую – групу ў Кубку Дэвіса.

wikimedia.org


6 ліпеня 1989 года адроджана Полацкая праваслаўная епархія, найстаражытнейшая ў Беларусі.

Полацкая епархія вядзе сваю гісторыю ад канца Х – пачатку XI стагоддзяў, калі тут была заснавана першая ў Беларусі епіскапская кафедра.

У X–XIII стагоддзі ў яе склад уваходзіла тэрыторыя з гарадамі Віцебск, Мінск, Ізяслаў, Лагойск, Слуцк, Друцк, Наваградак, Ворша, Лукомль.

З 1391 года кафедра атрымала статус архіепархіі.

Цяпер епархіі ўключае тэрыторыі Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Полацкага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў.

Кафедральныя саборы – Багаяўленскі (Полацк), Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы (Глыбокае).

gorod214.by

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў