Партал Booking.com апублікаваў топ-10 самых гасцінных гарадоў свету. Клайпеда ў гэтым рэйтынгу займае ганаровае 5-е месца.
Здавалася б, што аб’ядноўвае Клайпеду з тым жа шматмільённым Мехіка? 232 мільёны апытаных падарожнікаў сцвярджаюць, што менавіта тут турыстам рады, як нідзе ў свеце. І відавочна, што галоўны сакрэт гасціннасці – у мясцовых жыхарах.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
“Горад”, “Мора” і “Лес” – тры асноўныя восі партовага горада. І старая, і новая візуальная ідэнтычнасць сканструяваны на гэтай аснове – мяркуе мясцовы экскурсавод Крысціна Садаўскене, аўтар кнігі «Альтэрнатыўны клайпедскі гід».
Што прыцягвае замежных турыстаў ў Клайпедзе, што могуць наведаць у горадзе магілёўцы.
Самыя наведвальныя аб’екты Клайпеды: узмор’е Куршскага заліва Балтыйскага мора, порт, Тэатральная плошча, паруснік «Мерыдыянас», Стары горад з яго скульптурамі, архітэктурай, гарадзішчам. Літоўскі марскі музей, Музей гісторыі Малой Літвы з яго філіяламі, гарадскі парк адпачынку, вуліца Саламеяс – з мноствам дрэў, хмызоў, кветак, разнастайнасцю будынкаў розных архітэктурных стыляў, са старым будынкам былой настаўніцкай семінарыі (цяпер – факультэт сацыяльных і гуманітарных навук Клайпедскага ўніверсітэта). Наогул у горадзе аддаюць перавагу “павольнаму” турызму.
Фішка гарадскіх экскурсій.
У горадзе экскурсаводы імкнуцца не абмяжоўваюцца толькі афіцыйным бокам гісторыі, культуры, эканомікі Клайпеды, а дзяліцца з гасцямі і асабістымі гісторыямі гараджан аб іх месцах першага спаткання, аб дварах дзяцінства, сямейных кутках адпачынку, бо ў горадзе лічаць, што без асабістых гісторый горад – толькі дэкарацыя.
Горад – гэта людзі, а не толькі будынкі, дрэвы, музеі, гістарычныя разваліны, могілкі.
Турыстам тут даюць пэўны набор фактаў, дат, архітэктурных стыляў, якія ажываюць у сувязі з рэальным жыццём гараджан, даюць гасцям магчымасць адчуць чалавечую сувязь з месцам.
Немалаважную ролю на экскурсіі адыгрывае гід – пасол свайго горада і краіны. Быць гідам – гэта не толькі задавальненне, але і вялікая адказнасць.
Менш бюракратыі, больш жыцця.
У Клайпедзе максімальна давяраюць культурнай і творчай супольнасці горада ў стварэнні адкрытых цэнтраў прыцягнення. Тут карыстаюцца правілам: менш бюракратыі, больш жыцця.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.