На сайце petitions by з’явілася петыцыя супраць перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў плошчу імя Георгія Каніскага.
“Мы выступаем супраць перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў Магілёве ў гонар Георгія Каніскага – гаворыцца ў петыцыі. Асоба Каніскага ўжо ўшанавана ў назве суседняй вуліцы Архірэйскі Вал Каніскага. Нядаўна ж пастаўлены помнік свяціцелю знаходзіцца не на плошчы, на вуліцы Карла Маркса.
Куды больш гэтая назва пасавала б для трапецападобнай плошчы насупраць архіепіскапскага палаца, створанай па прыкладзе плошчы Капітолія ў Рыме, бо палац і комплекс увогуле з’явіўся па заказе Каніскага.
Што тычыцца плошчы Арджанікідзэ, то ўжо не першы раз прапануецца адраджаць у назвах плошчаў і сквераў гістарычную тапаніміку Магілёва. Гэты квартал паміж вуліцамі Болдзіна і Камсамольскай узнік толькі дзякуючы таму, што было знесена другое кола ўмацаванняў горада – Блізкі вал. Прапануем так і назваць плошчу – плошча Блізкі Вал. Для прыкладу ў Мінску ёсць вуліца Гарадскі Вал, а таксама плошча Стары Аэрапорт, якія адлюстроўваюць розныя гістарычныя аб’екты, што сёння ўжо цалкам зніклі з гарадской прасторы.”
Петыцыя была створаная 27 верасня. Збор подпісаў пад ёй будзе праходзіць да 4 кастрычніка.
Пачынаючы з 13 верасня і па 13 кастрычніка праходзіць арганізаванае Магілёўскім гарвыканкамам абмеркаванне перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў абласным цэнтры. На прысуд грамадскасці вынесеныя наступныя варыянты: пакінуць назву “Плошча Арджанікідзэ”, памяняць назву на “Плошча Свяціцеля Георгія Каніскага” альбо можна прапанаваць іншы варыянт.
Mogilev.media папрасілі пракаментаваць сітуацыю магілёўскага гісторыка і краязнаўцу, які пажадаў застацця невядомым, што да гістарычнай назвы мясцовасці і абгрунтавання перайменавання плошчы.
“Для пачатку неабходна разабрацца з пытаннем, гістарычную назву якога аб’екта мы шукаем. – падзяліўся з выданнем сваімі думкамі суразмоўца – У працэдурах кадыфікацыі гістарычных і абгрунтаваных гарадскіх тапонімаў звычайна абапіраюцца на цэлы шэраг акалічнасцяў.
Па-першае, трэба адзначыць, якой была першапачатковая гістарычная назва аб’екта. Калі мы гаворым пра тэрыторыю, вынесеную на абмеркаванне, як пра мясцовасць, то самым старажытным і гістарычна апраўданым тапонімам з’яўляецца, безумоўна, “Касцерня”. Вуліца з такой назвай праіснавала ў Магілёве да пачатку ХХ стагоддзя.
Паходжанне гэтай назвы доўгі час звязвалі з касцямі маскоўскіх стральцоў, пахаваных прыкладна ў гэтым месцы, на схіле гары за сценамі магілёўскіх гарадскіх умацаванняў. Але таксама ёсць гіпотэза, што назва “Касцерня” паходзіла ад слова Castrum, што адзначае ў перакладзе з латыні – “замак”, умацаванае месца. Гэттым словам, магчыма, называлі адзін з магілёўскіх бастыёнаў якраз у гэтай мясцовасці. Гара-”замак” у раёне сучаснай плошчы Арджанікідзэ, была занатаваная ў другой палове ХІХ стагоддзя вядомым расійскім мастаком Д. Струкавым. У подпісе гэтага аўтара сказана, што гэтая мясцовасць “ныне называется Костерней”.
Але, па-другое, неабходна ўлічваць таксама гістарычную назву самаго аб’екта, які мы абмяркоўваем. Калі мы з вамі паглядзім на тое, як выглядала мясцовасць, дзе зараз размяшчаецца плошча Арджанікідзэ, напрыклад, у зусім яшчэ нядаўнія, адразу пасляваенныя часы, то ніякай плошчы мы там не ўбачым. Наадварот, мы пабачым рэшткі гарадскога замкавага рва, які ішоў на тым месцы, дзе зараз пралягае вуліца Камсамольская.
І толькі ў пасляваенныя часы праходзіла масштабная рэканструкцыя пуцепраходаў у Магілёве, падчас якой была здзейснена падсыпка дарогі, па якой зараз ідзе вуліца Чалюскінцаў і ўласна адбылося стварэнне плошчы, якой далі імя Арджанікідзэ.
Такім чынам, гістарычная назва мясцовасці – гэта адно, а сам інфраструктурны аб’ект – гэта другое. Гэта стварэнне савецкага перыяду, якое атрымала адпаведную савецкую назву. І гэтую назву цалкам слушна таксама лічыць гістарычнай.
Калі б размова вялася пра дэкамунізацыю тапоніма, то безумоўна, варта было б прыглядзецца ў першую чаргу да гістарычнай назвы мясцовасці. Але ж размова пра іншае – пра замену гістарычнай назвы на сучасную, нічым не апраўданую гістарычна.”
Варта адзначыць, што ідэя змяніць назву плошчы Арджанікідзэ на імя праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага пакуль не знаходзіць гарачага водгуку сярод магілёўцаў. Так, карыстальнікі двух самых папулярных гарадскіх тэлеграм-каналаў адназначна аддаюць перавагу захаванню сучаснай назвы.
Галасаванне ў дзяржаўным тэлеграм-канале “Магілёў-мой горад” дае на момант падрыхтоўкі артыкула такія дадзеныя па прыхільнасці.
79% з больш чым 2200 удзельнікаў галасавання аддаюць сваю перавагу сучаснай назве і ў тэлеграм-канале незалежнага рэсурса “Могилев Online”.
Помнік размесцяць на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай, якая вядзе ў Падмікольскі парк. Працы ўжо пачаліся. Яго збіраюцца адкрыць разам з праваслаўнай Свята-Пакроўскай царквой. Побач з глядзельнай пляцоўкай плошча, якую гараджане не дазволілі назваць імем Каніскага.
Магілёўскай епархіяй Каніскі кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя.
Праваслаўны святар Георгій Каніскі не мае адназначнай пазітыўнай рэпутацыі ў беларускай гісторыі. Стаўленне да яго асобы дыяметральна супрацьлеглае – ад «расейскім калабаранта» да «абаронца праваслаўных».
У 2016 годзе яго імем хацелі назваць адно з плошчаў у абласным цэнтры. Абвясцілі грамадскае абмеркаванне, якое разгарнула палеміку ў беларускім інтэрнэце. Яно і выявіла неадназначнае стаўленне да святара.
На епіскапскае служэнне ў Беларусь Каніскага запрасілі з Украіны ў 1755 годзе. Магілёўскай епархіяй ён кіраваў на зломе эпохаў у другой палове 18 стагоддзя. Падзеі таго часу прывялі да знікнення з палітычнай карты Еўропы Рэч Паспалітую.
Падтрымліваў прымусовае навяртанне ў праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў
Паводле гісторыкаў, па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пасалі навяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.
Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскага, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гісторыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярныя.
Канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята пасля пратэстаў 2020 году
Цяперашняя ўлада Ў Беларусі Каніскага ставіць у адзін шэраг з Еўфрасінняй Полацкай і іншымі прызнанымі беларускімі дзеячамі і асветнікамі.
6 жніўня 1993 году архіяпіскап Георгій Каніскі быў далучаны да ліку мясцовых святых. Ягоны вобраз намаляваны на некалькіх праваслаўных святынях Магілёва. На Архірэйскім вале стаіць крыж у яго памяць, а на будынку былога архірэйскага палацу ўсталяваная шыльда са звесткамі пра яго жыццё.
У 1992 годзе пераназванне ў горадзе валу «Красной звезды» у архірэйскі вал Каніскага не выклікала ў грамадстве напружання. Такі крок расцэньваўся як аднаўленне гістарычнай праўды.
Цяпер Беларусь успрымаецца, як саўдзельніца вайны, распачатай Расіяй супраць Украіны. Адбылося гвалтоўнае здушэнне грамадскага пратэсту 2020 году. А, канчатковае рашэнне аб помніку Каніскаму было прынята 2021-ым. Грамадскага абмеркавання, як у выпадку пераназваннем плошчы, не абвяшчалася. Летась на месцы, дзе ставяць помнік, паклалі капсулу з пасланнем нашчадкам.