Глусчанка Любоў Шапавалава перажыла землятрус у Турцыі і распавяла падрабязнасці трагедыі.
Ураджэнка Глуска ўжо чатыры гады жыве ў турэцкім Газіянтэпе. Любоў Шапавалава апынулася ў ліку трох беларусак, якіх першымі эвакуявалі на радзіму пасля землятрусу. Цяпер яна з дачкой знаходзіцца ў Глуску, а яе муж застаўся ў Турцыі дапамагаць землякам – піша газета “Радзіма”.
– Са сваякоў мужа ў першую ж гадзіну загінула сем чалавек. Вядома, вельмі страшна было тым, хто апынуўся пад заваламі, але страшна і перажыць вось гэта ўсё, што адбывалася. – распавядае Любоў – У нас і раней бывала, што трасе, але злёгку, нядоўга, секунд пяць… А тут усё доўжылася паўтары хвіліны. Тым больш пачалося ўсё, калі людзі спалі, у чатыры раніцы, 15-17 хвілін пятага. Ложак кідае, усё ўсюды стукае, люстры, шкло звіняць, паніка, цябе ўсяго трасе, ты не ведаеш, бегчы ці не бегчы, што наогул рабіць… Мы спрабуем уключыць святло, але не можам, таму што нас шпурляе направа-налева, наперад-назад… Мы схапілі дзіцяці, я думаю: ну вось-вось спыніцца, але ўсё горш і горш… Слава богу, мы ў рэшце рэшт спусціліся, я прыхапіла коўдру і падушку для дачкі, селі ў машыну. Але на самай справе і ў машыне не адчувалі сябе ў бяспецы: вакол вышынныя дамы, і яны маглі ў любую секунду абрынуцца.
Сям’я Любові Шапавалавай жыве ў ахоўваемым жылым комплексе (прыкладна 20 шматпавярховак, 20 віл, возера, кафэ, цырульня, трэнажорная зала і г. д.), які акружаны плотам. Комплекс размешчаны на ўскраіне горада, і з аднаго боку ад яго – вялікае поле. Менавіта туды вырашылі ехаць, каб схавацца ад стыхіі. Праўда, сітуацыя пагоршылася тым, што ў пачатку лютага ў Газіянтэпе выпаў снег. Падчас асноўных штуршкоў была моцная бура, з-за якой адключылася электрычнасць, і горад трэсла ў поўнай цемры.
– Два дні, груба кажучы, мы жылі ў машыне. – працягвае аповед Любоў Шапавалава – Але ў нас заканчваўся бензін і няма чым было грэцца, прытым што на вуліцы дзесьці -5, яшчэ пачаліся мокры снег і залева. Добра, мы паспелі заправіць машыну, хоць і адстаялі дзве гадзіны ў чарзе, а потым бензін некалькі сутак наогул не прадавалі. Слава богу, адкрылася мячэць, і мы пайшлі туды. У мячэці нас заспеў другі землятрус, і зноў было страшна. Праўда, там мы яго не адчулі, як у сябе ў кватэры на шостым паверсе, але кажуць, што гэты землятрус было яшчэ мацней, чым першы. Яшчэ суткі мы прабылі ў сяброў, у іх таксама шматпавярховы дом, але кватэра хаця б на першым паверсе.
Люба кажа, што іх жылы комплекс практычна не пацярпеў, так як знаходзіцца ў камяністым раёне, не на пяску: раней на гэтым месцы была скала, яе знеслі і пабудавалі дамы. Адразу пасля землятрусу ў Газіянтэпе і некаторых іншых правінцыях Турцыі з-за пагрозы выбухаў прыпынялі падачу прыроднага газу, былі перабоі з вадой. Цяпер усё наладжваецца.
Адышоўшы ад першага шоку, усе дні да ад’езду на радзіму Люба развозіла гуманітарную дапамогу пацярпелым. У такой сітуацыі шмат машын і валанцёраў не бывае, тлумачыць яна. Яе муж застаўся ў Турцыі, каб дапамагаць людзям.
З першага ж дня Любоў трымала сувязь з консульствам. Яе, як і іншых грамадзян Беларусі, эвакуявалі бортам Мінабароны. Без перажыванняў, вядома, не абышлося. Вылет прызначылі на поўнач, але напачатку самалёт не атрымаў дазволу на пасадку (аэрапорт у Газіянтэпе быў зачынены, усе рэйсы адменены) і прызямліўся ў 300 кіламетрах.
– Мы ўжо страцілі надзею, што нас забяруць. – успамінае Любоў – Добра, што я магла нешта спытаць, высветліць у супрацоўнікаў, так як больш-менш ведаю турэцкую, а дзве іншыя жанчыны, якія ляцелі са мной, увогуле мовы не ведалі.
Апынуўшыся нарэшце з дачкой унутры самалёта, яна не магла стрымаць слёз. Чатырохгадовая Зара цяпер ужо смяецца і спявае песенькі, але, калі здарыўся землятрус, вельмі спалохалася.
– Слава богу, яна не плакала, істэрыкі ў яе не было, але яна ўвесь час пыталася: “Мама, што гэта? Што гэта? Што гэта адбываецца?” – прыгадвае жанчына – Зара энергічнае дзіця, а тут суткі проста сядзела: усе сядзяць, і яна сядзіць.
Цяпер, калі дома ў Глуску і Люба, і яе сястра Вера, якая таксама жыве ў Турцыі, сям’я спакойная. Сёстры вернуцца ў Турцыю, калі ўсё супакоіцца.
Фота з архіву Любові Шапавалавай.