Дзень у гісторыі. 11 красавіка. Выбух у мінскім метро. Нарадзіліся старшыня Рады БНР І. Сурвіла, архіепіскап Сафроній, алімпіец І. Басінскі, “афганец” А. Мельнікаў. Загінуў Цішка Гартны

Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў (International Day for the Liberation of Concentration Camp Prisoners).

Уведзены паводле рашэння ААН у памяць пра міжнароднае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Бухенвальд”.

Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Нямеччыны і акупаваных ёй краінах было больш за 14 000 канцлагераў. Праз іх прайшло звыш 20 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе налічвалася больш за 260 канцлагераў. Самыя вялікія знаходзіліся ў Мінску, Гомелі, Бабруйску і Полацку. У іх было знішчана звыш 1,5 мільёна чалавек.

Сусветны дзень барацьбы з хваробай Паркінсана (World Parkinson’s Day).

Устаноўлены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Паркінсан – адно з самых жахлівых прозвішчаў, якое можна пачуць у кабінеце неўролага. Яго насіў ангельскі лекар, які падрабязна апісаў загадкавую хваробу. У дзень нараджэння Джэймса Паркінсана ўстаноўлены гэты Сусветны дзень.

Сусветным сімвалам хваробы стаў Чырвоны цюльпан. Справа ў тым, што ў 1980 годзе галандскі садоўнік Ван дэр Веральд, які пакутаваў на хваробу Паркінсана, вывеў новы эфектны гатунак цюльпана ў чырвона-белых танах і назваў яго «Цюльпан доктара Паркінсана».

Хвароба ўзнікае з-за парушэння выпрацоўкі дофаміна – аднаго з нейрамедыятараў (рэчываў, якія служаць для перадачы імпульсаў у галаўным мозгу). Гэта вядзе да парушэння функцый клетак у аддзелах мозгу, якія адказваюць за рухі чалавека. З-за гэтага парушаецца рэгуляцыя рухаў і тонус, што выяўляецца характэрным трэмарам (дрыготкай), агульнай скаванасцю і парушэннем паставы і рухаў.

1927 год. Прынята Канстытуцыя БССР – другая з чатырох.

Першая канстытуцыя БССР была прынята ў 1919 годзе, трэцяя і чацвёртая – у 1937 і 1978 гадах. 

Канстытуцыя развіла агульныя палажэнні Канстытуцыі 1919 года, разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасці. Было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстання роднай мовай, нацыянальным меншасцям забяспечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове, усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай (ідыш) і рускай моў. 

На тэрыторыі ВКЛ Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў фактычна з’яўляліся канстытуцыяй і на большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 года, а ў Гродзенскай, Мінскай i Вiленскай губернях Расійскай імперыі – да 1840 года.

Акрамя таго, 3 мая 1791 года Вялікі сойм прыняў першую канстытуцыю ў Еўропе.

Ян Матэйка, Канстытуцыя 3 мая. 1891 год

1936 год. Нарадзілася Івонка Сурвіла (Шыманец).

Беларуская грамадска-палітычная дзеячка ў эміграцыі, мовазнавец, мастак, старшыня (з 1997) Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

На эміграцыі з 1944 года – Данія, Францыя, Іспанія, Канада.

Скончыла філалагічны факультэт Сарбоны. Працавала ў Беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, выкладала французскую мову ў школах Іспаніі, была перакладчыцай у Канадскім федэральным бюро перакладаў.

У Канадзе ўзначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, уваходзіла ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай рады, сузаснавальніца «Канадскага фонда дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі».

Удзельнічала ў мастацкіх выстаўках як жывапісец.

1937 год. У магілёўскай псіхлячэбніцы загінуў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887–1937).

Беларускі грамадскі і дзяржаўны дзеяч, кіраўнік ураду ССРБ (1919), пісьменнік, паэт, перакладчык, Акадэмік АН БССР.

Удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гадоў, культурна-выдавецкай суполкі «Знание» у Пецярбургу.

Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята (1918), рэдактарам бальшавіцкіх газет «Дзянніца»,«Савецкая Беларусь», аўтарам маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Першы кіраўнік БССР (1 студзеня – 3 лютага 1919), удзельнік грамадзянскай вайны.

Узначальваў Дзяржвыдавецтва,  выдавецтва «Адраджэнне», Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, членам прэзідыума Інбелкульта, рэдактарам часопіса «Полымя», у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук.

У 1922 годзе пры наведванні Берліна наладзіў там выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг.  Удзельнік Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925 год, Берлін). У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Выключаны з ВКП(б) у студзені 1931 года «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны ў 1936 годзе, у красавіку 1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу.

Пахаваны на ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў Магілёве. Тут яму пастаўлены сціплы помнік (1989).

1951 год. Нарадзіўся архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі (з 2002 года) Сафроній (Юшчук).

Скончыў Ленінградскую духоўную акадэмію. У 1987 годзе пастрыжаны ў манахі ў Жыровіцкім манастыры.

Служыў пры Жыровіцкім, Лядзенскім манастырах.

У 2000 годзе стаў біскупам Брэсцкім і Кобрынскім, у 2002 годзе – біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім.

23 жніўня 2009 года на біскупа Сафронія быў учынены напад перад пачаткам літургіі ў кафедральным саборы ў імя Трох Свяціцеляў у Магілёве.

1 лютага 2018 года ўзведзены ў сан арцыбіскупа.

1963 год. Нарадзіўся Ігар Басінскі.

Беларускі спартсмен па стральбе з пісталета. Заслужаны майстар спорту СССР.

Уладальнік Кубка свету, шматразовы чэмпіён свету, чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў Еўропы, СССР і Беларусі ў асабістым і камандным заліках, бронзавы прызёр у складзе зборнай СССР на Алімпіядзе-88 у Сеуле, сярэбраны прызёр алімпіяды-96 у Атланце, сярэбраны і бронзавы – алімпіяды 2000 года ў Сіднеі.

Лепшы спартсмен БССР 1986 і 1987, Беларусі ў 2000 годзе.

1968 год.  У Магілёве нарадзіўся Андрэй Мельнікаў (1968–1988).

Герой Савецкага Саюза, гвардыі радавы 9-й парашутна-дэсантнай роты 345 палка. Загінуў у  Афганістане ў баі на «вышыні 3234» у правінцыі Хост.

Да арміі працаваў трактарыстам у саўгасе “Дняпроўскі”.

Удзельнічаў у шасці баявых аперацыях у Афганістане.

У Магілёве яго імем названа вуліца, СШ №28, у музеі вайсковай часці экспануецца яго кулямёт. На магіле на Польскіх могілках усталяваны помнік з бронзавым бюстам.

Мельнікаў стаў прататыпам аднаго з герояў фільма “9-я рота”.

1986 год. Памёр Міхаіл Ганчарык (1899–1986).

Беларускі навуковец у галіне фізіялогіі раслін і фотасінтэзу, пісьменнік. Доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (1924), дзе ўзначальваў Беларускую секцыю студэнтаў. Кіраўнік Аршанскага філіяла «Маладняка».

Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, намеснікам дырэктара Інстытута біялогіі, дырэктарам Ігарскай доследнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Арыштоўваўся (1933, 1949). Вязень ГУЛАГ, ссыльны ў Сібіры.

Распрацоўваў навуковыя асновы палярнага земляробства. Устанавіў розную патрабавальнасць бульбы да вільготнасці глебы ў антагенезе, даследаваў фотасінтэз у бульбе, адток асімілятаў, уплыў іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялагічныя працэсы раслін.

1995 год. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у парламенце Беларусі абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць ініцыянаванага А. Лукашэнкам рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы.

У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў чорных масках – падраздзяленне КДБ «Альфа» – збілі 19 дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне» і выцягнулі іх з будынка.

2011 год. У 17:56 адбыўся выбух у мінскім метрапалітэне на станцыі «Кастрычніцкая».

Падчас выбуху на станцыі знаходзілася каля 300 чалавек. Непасрэдна ў выніку выбуху загінула 11 чалавек, пазней ад атрыманых траўм яшчэ два чалавекі памерлі ў бальніцы. За медыцынскай дапамогай звярнуліся 204 чалавекі.

Выбух быў прызнаны тэрактам.

Акцыі шанавання ахвяр выбуху ў мінскім метро прайшлі  ў шматлікіх беларускіх гарадах. У Магілёве такая акцыя адбылася 13 красавіка на пл. Леніна каля знака «нулявога кіламетра» і каля Вечнага агню на пл. Савецкай (зараз – Славы).

 

Дзень у гісторыі. 23 кастрычніка. Міжнародны дзень ірбіса. Дзень нараджэння Арцёма Вярыга-Дарэўскага, Адама Плуга, Цішкі Гартнага. Антысавецкае паўстанне ў Будапешце

Міжнародны дзень снежнага барса (з 2013).

Ад 4000 да 7000 асобін ірбісаў жывуць у 20 краінах – на цяжкадаступных горных вяршынях Цэнтральнай Азіі.

Цікавыя факты. У адрозненне ад вялікіх котак, снежны барс умее варкатаць і не ўмее рыкаць.

Аддае перавагу паляваць на здабычу буйней сябе ці якая адпавядае яго памерам.

Родзіч тыгра. Даганяючы сваю здабычу, можа здзейсніць скачок да 6 м у даўжыню.

Адзіная котка, якая жыве ў суровых умовах высакагор’я.

Снежныя барсы ніколі не нападаюць на чалавека.

1816 год. Нарадзіўся Арцём Вярыга-Дарэўскі. 

Беларускі пісьменнік і даследчык фальклору, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

У 1861-1862 гадах браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, у 1863 адзін з кіраўнікоў узброенага выступлення на Віцебшчыне.

Арыштаваны ў траўні 1863 года. Сасланы ва Усходнюю Сібір, дзе і памёр у 1884 годзе.

На Віцебшчыне арганізоўваў народныя школы, тэатр, бібліятэкі і чытальні, віцебскую публічную бібліятэку. Збіраў беларускі фальклор.

Аўтар паэм, гутарак і драматычных твораў, драм, камедый, магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе».

Першым пераклаў на беларускую мову паэму А. Міцкевіча «Канрад Валенрод».

1823 год. Нарадзіўся Адам Плуг.

Беларускі пісьменнік і журналіст.

За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях быў зняволены (1864-1866).

Працаваў у выданнях «Kłosy», «Wędrowiec», «Kurier Warszawski», галоўным рэдактарам «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі». Аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь.

Пісаў на беларускай мове апавяданні, легенды, вершы. Аўтар прац пра У. Сыракомлю, С. Манюшку, В. Дуніна-Марцінкевіча, з якімі сябраваў.

Перакладчык на польскую мову твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Г. Гейнэ, В. Гюго, А. Пушкіна, У. Шэкспіра.

1887 год. нарадзіўся Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч). 

Беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР. Першы кіраўнік БССР.

Сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята, рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца».

Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня яе Часовага ўрада.

Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам Інбелкульта, першым рэдактарам часопіса «Полымя».

Выключаны з ВКП(б) у студзені 1931 года, арыштаваны ў 1936 годзе.

7 красавіка 1937 года змешчаны ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і загінуў. Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве.

Цішка Гартны мог стаць першым Народным паэтам Беларусі: у 1923 годзе пленум ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму такое званне, але з невядомых прычын пастанова не была выканана.

У памяць дзеяча ўсталяваны помнік у Капылі, названы вуліцы ў Мінску, Капылі.

wikimedia.org

 1937 год. Памёр Уладзімір Крыловіч. 

Беларускі акцёр, адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. Заслужаны артыст БССР.

Удзельнік аматарскіх спектакляў, з 1921 года працаваў у купалаўскім тэатры. Іграў ролі ў творах беларускай і рускай савецкай драматургіі.

Сярод лепшых роляў: Крыніцкі («Паўлінка» Я. Купалы), Машэка, Кастусь Каліноўскі («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча).

Здымаўся ў кіно, у тым ліку ў фільме “Двойчы народжаны”  (1934).

wikimedia.org

 1940 год. Нарадзіўся Пеле (Э́дсан Арантыс ду Насіменту). Бразільскі футбаліст.  

Нападнік. Найлепшы футбаліст XX стагоддзя. Найлепшы спартсмен свету (1970), найлепшы футбаліст чэмпіянатаў свету (1958, 1970), найлепшы паўднёваамерыканскі футбаліст (1960, 1964, 1965, 1970).

Чэмпіён свету 1958, 1962, 1970 гадоў. 

У 1995-1999 гадах міністр спорту Бразіліі.

wikimedia.org

1941 год. Загінуў у ГУЛАГу ўраджэнец в. Мхінічы Краснапольскага раёна Васіль Шашалевіч. 

Беларускі драматург, празаік, паэт.

Выкладаў рускую мову і літаратуру ў школах Краснаполля (1919-1924), Мінска, працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.

Разам з братам і сёстрамі ў Краснаполлі стварыў народны тэатр, хор і аркестр народных інструментаў. Разам яны збіралі фальклор і ўключалі найлепшыя ўзоры ў свае канцэрты.

Аўтар вершаў, апавяданняў, п’ес, якія ставіліся на тэатральных сцэнах у Маскве і Мінску. 

Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы А. Чэхава, раманы І. Тургенева.

Арыштоўваўся ДПУ ў ліпені 1930, кастрычніку 1936 года. У 1937 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў. Адбываў пакаранне ў Магілёве, Прымор’і.

У ГУЛАГу, на лесапавале, на Васіля наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка выцеклі вочы.

Памёр у санітарнай частцы. Месца пахавання невядомае.

wikimedia.org

 1956 год. Супраць урада краіны і савецкага кантролю над краінай пачалося паўстанне ў сталіцы Венгрыі Будапешце

Пачаліся хваляванні насельніцтва, незадаволенага палітычнымі рэпрэсіямі і неэфектыўнай эканамічнай палітыкай венгерскага кіраўніцтва. 

У выніку з ініцыятывы студэнтаў Будапешцкага політэхнічнага інстытута ў сталіцы была арганізавана масавая дэманстрацыя, да якой далучылася звыш 200 тысяч чалавек. 

Людзі патрабавалі вываду савецкіх войскаў з краіны, увядзення афіцыйнага пражытачнага мінімуму для працоўных, дэмакратычнай працэдуры выбараў і дазволу шматпартыйнасці. 

Дэманстранты разбурылі помнік Сталіну ў цэнтры сталіцы. 

Хваляванні распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. 25 кастрычніка 1956 года стаў у Венгрыі “крывавым чацвяргом”. У гэты дзень натоўп лінчаваў супрацоўнікаў венгерскай дзяржбяспекі, партыйных функцыянераў. Загінулі і выпадковыя людзі.

kor.ill.in.ua

 1968 год. У Магілёве нарадзілася Іна Афанасьева. 

Беларуская эстрадная спявачка, тэлевядучая.

Выхаванка дзіцячага эстраднага калектыва «Вясёлка» Магілёўскага палаца піянераў, Магілёўскага вучылішча культуры. З 1988 года працавала ў Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі.

Сольную кар’еру пачала ў 1994 годзе. У 2000 годзе ўзначаліла ўласны творчы калектыў.

Шэраг песень запісаны ў дуэце з Валерыем Дайнекам, Дзмітрыем Смольскім.

2000 год. Знойдзены музей старажытных музычных інструментаў.

Кітайскія археолагі знайшлі музей музычных інструментаў, створаных 2 тысячы гадоў таму, у эпоху дынастыі Хань. Амаль усе 150 экспанатаў былі ў добрым стане.

2022 год. Адкрыццё XXVII Міжнароднага фестываля “Званы Сафіі” у Сафійскім саборы Полацка. 

Будзе працаваць з 23 кастрычніка па 27 лістапада. 

Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад голасу полацкага аргана ў сугуччы з вакалам, флейтай, аркестрам. Аматарам арганнага мастацтва арганізатары абяцаюць 6  незабыўных канцэртаў, дзе выступяць выдатныя выканаўцы. 

gorod214.by

 2022 год. Асвячэнне храма Покрыва Божай Маці ў магілёўскім парку ў Падміколлі. Узноўлены на яго гістарычным месцы.

sobory.ru, Фота 1916 года