Стала вядомая прычына засухі ў Магілёўскай вобласці сёлета

Аддзел аналітыкі mogilev.media правёў сваё ўласнае даследаванне і высветліў прычыну працяглай засухі ў нашым рэгіёне.

Працяглая летняя засуха – гэта неўласцівая з’ява для прыродна-кліматычнай зоны Магілёўскай вобласці. Умерана-кантынентальны клімат нашай краіны як правіла характарызуецца цёплым летам, мяккай зімой і вялікай колькасцю ападкаў. Аднак, на працягу апошніх гадоў адбываюцца інтэнсіўныя змены планетарнага маштабу ў атмасферы Зямлі. Так, ліпень мінулага года стаў самым спякотным за ўсю гісторыю назіранняў – пісала наша выданне. 

“Мы назіраем беспрэцэдэнтныя змены ва ўсім свеце” – тлумачыў кліматычныя трансфармацыі дырэктар Годдардаўскага інстытута касмічных даследаванняў NASA Гэвін Шміт і дадаваў, што хаця змены могуць падацца шакуючымі, яны не з’яўляюцца нечаканасцю для навукоўцаў: на працягу апошніх 40 гадоў тэмпература расла дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем.

Аддзел аналітыкі mogilev.media падняў архіўныя дадзеныя за мінулы, самы спякотны за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў год, і высветліў, што прынамсі двойчы, у чэрвені 2023 года, насельніцтва Магілёўскай вобласці знаходзіла спосаб паўплываць на навакольнае асяроддзе.

Так, летась 10 чэрвеня ўдзельніцы фальклорнага калектыва “Астранка” праводзілі абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна. 16 чэрвеня 2023 года рытуал выклікання дажджу адбываўся ў вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна. Тады ўдзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Прычым гэтае палатно на працягу некалькіх дзён ткалі “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – пісаў пра падзею “Маяк Прыдняпроўя”. Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу.

вызывание дождя

А што мы назіраем сёлета ў Магілёўскай вобласці? Здаровы сэнс падказвае, што поспех мінулагодніх мерапрыемстваў проста абавязаныя былі паўтарыць і маштабіраваць у спякотнае і задушлівае лета ў гэтым годзе. Але здаровы сэнс – гэта яўна не пра лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Ні падняць эканоміку, ні забяспечыць насельніцтва прыстойным і камфортным надвор’ем, як бычым, ім не па сілам. 

Маніторынг рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі паказаў, што ніводнага абраду выклікання дажджу так і не назіралася сёлета ні ў фальклорных, ні ў самадзейных, ні ў працоўных калектывах Магілёўскага рэгіёна. Што ж тады здзіўляцца!

вызывание дождя

Фота: “Родная ніва”, “Маяк Прыдняпроўя”, архіў

На Магілёўшчыне зноў рытуальна выклікалі дождж, мінулым разам дапамагло

У вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна правялі рытуал па выкліканні дажджу – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Удзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Палатно ткалі на працягу некалькіх дзён “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – сцвярджае выданне. Палатно падчас рытуала сімвалізавала бесперапынныя струмяні дажджу.

Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу. А таксама крыжападобна асвяцілі крыніцу дробкай чацвярговай солі з малітвай да ўсіх святых.

Напрыканцы мінулага тыдня на Магілёўшчыне ўжо выклікалі дождж. Пра рытуал у Клімавіцкім раёне з распашкай берага ракі плугам пісалі mogilev.media. Што цікава, у мінулую суботу ў многіх раёнах Магілёўшчыны сапраўды прайшоў дождж – адзіны за доўгія тыдні засушлівага надвор’я.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”