Без гарачай вады і з камуналкай 200 рублёў – жыхарка Чавусаў напісала зварот да Лукашэнкі

У любы момант у пакоі інтэрната можа разваліцца сцяна, столі ў кухні чорныя ад вільгаці, а ў ванным пакоі некалькі гадоў не было ванны. Зварот да Лукашэнкі ў Тік-Ток сабраў 160 тысяч праглядаў.

Жыхарка Чавусаў Кацярына Дулесава напісала відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі ў сваім Тік-Ток і расказала пра жахлівыя ўмовы ў інтэрнаце, дзе жыве яе сяброўка з сынам. Паводле жанчыны, за пакой у інтэрнаце сяброўка вымушаная плаціць па 150-200 рублёў за месяц, але пры гэтым у яе няма гарачай вады, сцены на кухні чорныя ад цвілі а адна са сцен у жылым памяшканні вось-вось можа абрынуцца на краватку дзіцяці.

Аўтарка відэа просіць дапамагчы Лукашэнку, бо «тут дабіцца ў інстанцыях нічога не магчыма». Яна кажа, што звярталіся неаднойчы ў ЖКГ, у райвыканкам – «нічога не робіцца». Звароты былі і наконт гарачай вады. Паводле дзяўчыны, у інтэрнаце два-тры гады чакалі, пакуль паставяць ванну. Спачатку гарачая вада з’явілася, але неўзабаве знікла.

Яна распавядае, што паўгода таму прыязджалі з райвыканкама. «Паглядзелі, сказалі, што ўмовы тут прыўкрасныя, а калі штосьці каго не задавальняе, каб шукалі сабе жыллё. Але, прабачце, Чавусы – маленькі гарадок, не надта што знойдзеш».

@user5132653859430♬ оригинальный звук – Дулесова Катька❤️

Сяброўка, паводле блогершы, ужо спрабуе шчасця ў Магілёве, але трымае пакой і ў Чавусах. Кажа, што паставіла пломбу на электрычнасць, але камуналку плаціць так, быццам тут жыве. «За што? За тое, што тут жах такі, страх. Не дай бог у такіх умовах жыць з дзіцём».

Зварот да Лукашэнкі за дзень набраў больш за 160 тысяч праглядаў. Пазней жанчына распавяла, што а 21:30 патэлефанавалі сяброўцы і сказалі, што дадуць іншы пакой.

Фота: Кацярына Дулесава, скрыншоты