У Магілёве гарэла таксі, у якім ехалі мама з немаўляткай

Кіроўца таксі за стырном Volkswagen не прапусціў Peugeot, якім кіраваў 47-гадовы мужчына. Ад удару машына таксі імгненна запалала. Тушыць Volkswagen давялося пажарнай брыгадзе.

У таксі ў момант аварыі ехала 28-гадовая мама з немаўляткай на руках. Дзіця не пацярпела, а маці была з траўмамі дастаўлена ў лякарню. Шпіталізацыя спатрэбілася таксама 46-гадовай пасажырцы Peugeot.

Здарэнне адбылося на скрыжаванні Ленінскай вуліцы і Ціміразаўскай у 8:20. 30-гадовы кіроўца таксі пры павароце налева павінен быў прапусціць Peugeot, што рухаўся прама.

Два чалавекі загінулі пры аварыі ў Магілёўскім раёне

Трагедыя адбылася каля 15:00 паблізу вёскі Сянькова. Паводле папярэдняй інфармацыі, на закругленні дарогі налева, вадзіцель Subaru не справіўся з кіраваннем. Адбыўся занос аўтамабіля, у выніку якога ён перакуліўся на дах.

Побач з транспартным сродкам знойдзены целы дваіх мужчын. Адзін з іх 48-гадовы мясцовы жыхар. Асоба другога ўстанаўліваецца.

 

Пасажыр у рэанімацыі – п’яны бяспраўнік перакуліўся пад Слаўгарадам

Кіроўцу ўжо неаднаразова каралі за нецвярозае ваджэнне, у тым ліку крымінальна.

27-гадовы вадзіцель на аўтамабілі “Audi” не змог справіцца з кіраваннем і вылецеў у кювет, дзе машына перакулілася. Здарэнне адбылося каля вёскі Кульшычы Слаўгарадскага раёна – паведамляе Тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”. 

Пасажыр “Audi” ў выніку дарожна-транспартнага здарэння атрымаў сур’ёзныя траўмы і быў шпіталізаваны. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі.

Праверка паказала 0,7 праміле алкаголю ў кіроўцы. Раней ён ужо неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за нецвярозае ваджэнне і быў пазбаўлены правоў.

Пешахода збілі насмерць у Бабруйскім раёне ноччу – ён стаяў на дарозе без флікера

Надзвычайнае здарэнне адбылося паблізу вёскі Ясны Лес 29 верасня каля 23:30 – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС. 

54-гадовы кіроўца  мікрааўтобуса Mercedes, рухаючыся па аўтадарозе “Магілёў-Бабруйск”,  здзейсніў наезд на мужчыну, які стаяў на праезнай частцы дарогі без святлоадбіўных элементаў.

На фота відаць, што ўдар прыйшоўся ў левае крыло аўтамабіля – з боку кіроўцы. Гэта можа сведчыць пра тое, што пешаход знаходзіўся блізка да цэнтра дарогі.

Машына правалілася ў ліўнёвы калодзеж на праезжай частцы ў цэнтры Магілёва

Кіроўцы – будзьце асцярожныя!

Аўтамабіль Skoda Kodiaq рухалася па вуліцы Тані Карпінскай у бок спуску да Дубравенкі, калі адбылося незвычайнае здарэнне. Рашотка ліўнёўкі не вытрымала, альбо, магчыма, наогул адсутнічала на праезжай частцы. У выніку аўтамабіль праваліўся правым пярэднім колам у калодзеж, без магчымасці рухацца далей – задняе левае кола бездапаможна завісла ў паветры.

На месцы працуюць супрацоўнікі дарожнай аўтаінспекцыі.

Адзначым, што здарэнне адбылося ў пары сотнях метраў ад гарвыканкама.

 

П’яны кіроўца збіў чалавека пад Асіповічамі і не спыніўся

На трасе Мінск – Гомель у Асіповіцкім раёне кіроўца грузавога мікрааўтобуса збіў чалавека на ўзбочыне – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы Магілёўскага УУС. Пасля гэтага ён, не спыняючыся, працягваў рух. Неўзабаве кіроўца быў затрыманы каля адной з крам у Асіповічах. Яго аўтамабіль меў сляды дарожна-транспартнага здарэння  Сам кіроўца аказаўся нецвярозым – аналіз паказаў 1,8 праміле алкаголя ў выдыхаемым паветры. 

Збітым чалавекам аказаўся 28-гадовы мінчанін, які знаходзіўся каля свайго няспраўнага аўтамабіля BMW. З нязначнымі траўмамі ён быў адпушчаны медыкамі пасля агляду. Здарэнне адбылося ў цёмны час сутак – каля 20:00.

Кіроўцу грузавіка цяпер чакае пазбаўленне правоў, буйны штраф, а яго дзеянням будзе давацца прававая ацэнка.

 

У Магілёве была начная пагоня за бяспраўнікам на матацыкле

На хлопца склалі 13 пратаколаў.

На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве экіпаж ДАІ даў сігнал аб неабходнасці спыніцца маладому байкеру – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Хлопец, аднак, толькі паддаў газу і паспрабаваў адарвацца ад патрульнай машыны. У ходзе пагоні ён выяжджаў на паласу процілеглага руху, скіроўваў на ўзбочыну і ўрэшце рэшт пакаціўся ў кювет. Як высветлілася, прычынай уцёкаў была адсутнасць правоў кіроўцы.

Ні матацыкл, ні сам байкер у выніку вымушанага прыпынку не пацярпелі. На маладога чалавека было складзена 13 пратаколаў: за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні, выезд на паласу сустрэчнага руху, адсутнасць права кіравання, парушэнні правілаў манеўравання і іншыя парушэнні.

 

Байкер у Бабруйску не справіўся з кіраваннем – матацыкл выбухнуў пад коламі МАЗа

Жудасная карціна дарожна-транспартнага здарэння трапіла на камеры відэаназірання. На відэа, якое публікуе ў сваім Тэлеграм-канале прэс-служба магілёўскага УУС, бачны момант падзення байкера на праезжую частку. Імгненнем пазней матацыкл сутыкнуўся з коламі грузавіка МАЗ, што ехаў наперадзе, і ўспыхнуў.

Байкер – 33-гадовы жыхар Бабруйска – ударыўся аб прыпаркаваныя на ўзбочыне дарогі аўтамабілі. Са шматлікімі траўмамі ён шпіталізаваны. 

Здарэнне адбылося на вуліцы Дняпроўскай Флатыліі ў Бабруйску.

 

Картэж прэзідэнта Ўкраіны трапіў у аварыю. У Зяленскага нязначныя траўмы

Картэж Зяленскага трапіў у аварыю ноччу. Адна з машын картэжу, у якой знаходзіўся Зяленскі, сутыкнулася ў Кіеве з легкавіком.

«Прэзідэнта агледзеў лекар, сур’ёзных пашкоджанняў не выяўлена», – піша прэс-сакратар Зяленскага Сяргей Нікіфараў.

Паводле яго, кіроўцу легкавога аўтамабілі аказалі першую дапамогу медыкі, якія суправаджалі Зяленскага.

Інфармацыйнае агенцтва «УНІАН» паведамляе, што ў сеціве зʼявіліся першыя кадры з месца аварыі з удзелам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. На знятых відавочцамі кадрах бачная вялікая колькасць машын паліцэйскіх, пажарных і хуткай дапамогі на адной са сталічных вуліц.

Аварыя, як мяркуецца, адбылася 15 верасня апоўначы.

14 верасня Зяленскі наведваў украінскіх байцоў у вызваленым ад расійскіх войск Ізюме Харкаўскай вобласці.

Жорсткая аварыя ў Магілёве трапіла на відэа

Здарэнне адбылося на кальцы па вуліцы Грышына, каля спартыўнага комплекса “Алімпіец”. 

Відэа аварыі выклаў адзін з карыстальнікаў папулярнага магілёўскага Тэлеграм-канала. На ім бачна, што кіроўца за стырном Volkswagen Passat вырашыў павярнуць з кальцавой дарогі, знаходзячыся ў сярэдняй паласе, у той час як па крайняй левай рухаўся Audi.

 

Пра пацярпелых у аварыі пакуль не паведамляецца. Паводле папярэдніх звестак, у выніку сутыкнення з бардзюрам аўтамабілю Audi вырвала заднюю вось.