Асіповічам 150 год. Экскурс у гісторыю гораду

Юбілей Асіповічы адзначылі на прамінулых выхадных – 6-7 жніўня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, святкавалі яго з размахам.

«Сотні жыхароў гораду былі задзейнічаны ва ўрачыстым шэсці прадпрыемстваў, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, – паведаміла мясцовая раёнка. – На галоўнай плошчы гораду яблыку не было дзе ўпасці. Прыкавала ўвагу шматлікіх гледачоў сваім выступленнем рота Ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры ў суправаджэнні ваеннага аркестра».

Асіповічы, як “цэнтр сусвету”

Асіповічы, адзін з самым «маладых» райцэнтраў Магілёўшчыны, але пасля Магілёва і Бабруйску – найвялікшы горад рэгіёну. Тут жыве амаль 30 тысяч чалавек.

 

Асіповічы буйны чыгуначны вузел. Цягнікі разыходзяцца тут на захад у бок Слуцка, поўнач – у Мінск, поўдзень – у Бабруйск і Гомель і на ўсход у Магілёў. Ад Асіповічаў да сталіцы 90, а да Магілёва – 140 кіламетраў.

 

Лічыцца, што ад 18 стагоддзя на месцы Асіповіч была аднайменная вёска. Яе насельніцтва займалася земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем ды сплаўляла лес. З гістарычных звестак вядома, што ў 1777 годзе ў ёй было 16 сялянскіх двароў. Ёю валодаў Дамінік Еранім Радзівіл – апошні прадстаўнік нясвіжскай мужчынскай лініі роду Радзівілаў.

Чым славуты Дамінік Еранім Радзівіл

З 1810 году ён служыў у войску Княства Варшаўскага, меў званне палкоўніка. У чэрвені 1812 годзе наперадзе свайго палку ачоліў урачысты ўваход войскаў Напалеона ў Вільню, калі той паабяцаў свабоду і незалежнасць Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай.

Дамінік Еранім Радзівіл удзельнічаў у напалеонаўскай выправе на Маскву, за ўдзел у бітве пад Смаленскам узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёну.

З кастрычніка 1812 году атрымаў званне маёра Імператарскай Гвардыі, браў удзел у бітве пад Ліпскам. Атрымаўшы цяжкую кантузію ў бітве пад Ханаў, памёр у Францыі 11 лістапада 1813 году.

Улады Расейскай імперыі арыштавалі маёнткі Дамініка Радзівіла за ўдзел яго ў вайне на баку Напалеона.

З вёскі да гораду…

Асіповічы разрасліся да памераў мястэчка, а затым гораду падчас будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі ў другой палове XIX стагоддзя. Асіповічы – сталі першым паселішчам сучаснай Магілёўшчыны, дзе праклалі чыгунку. У Магілёве тагачасная прыкмета цывілізацыі з’явілася толькі напачатку 20 стагоддзя.

Асіпаўчане лічаць сімвалам гораду помнік паравозу, а дзень чыгуначніка святкуюць тут з асаблівым размахам.

Подзьвіг партызана

У 1943 годзе на станцыі Асіповічы партызан Фёдар Крыловіч знішчыў чатыры нямецкія эшалоны з палівам, снарадамі і танкамі «Тыгр». Гэтая дыверсія ў тым ліку паспрыяла перамозе Савецкіх войск у бітве на Курскай дузе.

За подзвіг Кірыловіча ўзнагародзілі ў 1949 годзе ордэнам Леніна і тое, дзякуючы заступніцтву будучага кіраўніка савецкай Беларусі Кірыла Мазурава. Помнік герою паставілі толькі ў 2009 годзе, калі Беларусь была незалежнай.

Асіповічы – горад артылерыстаў-ракетчыкаў

У Асіповічах за савецкім часам было некалькі буйных вайсковых частак. Цяпер тут дыслакуюцца артылерысты-ракетчыкі. Непадалёк ад райцэнтру распрасціраецца вайсковы палігон, які выкарыстоўваецца падчас беларуска-расійскіх манеўраў.

Фота з рэсурсаў: gzt-akray.by, planetabelarus.by, be-tarask.wikipedia.org, ekskursii.by