Па Мсціславу прайшліся машынныя злодзеі, з аднаго аўто скралі больш за 5,5 тысяч даляраў

Усяго было здзейснена некалькі крадзяжоў з аўтамабіляў у розных частках горада Мсціслава. Ва ўладальніка транспартнага сродка, які пражывае па вуліцы Палявой, з салона аўтамабіля выкралі 5400 долараў, 400 беларускіх і 9000 расійскіх рублёў.

У іншага гаспадара машыны злодзеі пажывіліся толькі пачкай цыгарэт, а ва ўладальніка аўтамабіля з вуліцы Школьнай яны скралі мадулятар, флэшкарту і палаценца. Па ўсіх здарэннях супрацоўнікамі ўнутраных органаў праводзіцца праверка паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. 

Фота ілюстрацыйнае

Прагноз: лішак рублёў і валюты ў беларускіх банках прывядзе да абвалу працэнтаў па дэпазітах

У чэрвені тое прывяло да зніжэння працэнтаў па дэпазітах насельніцтву і прадпрыемстваў. А ў ліпені–жніўні можа выклікаць абвал ставак. Юрыдычныя асобы гэта ўжо адчулі.

Рублі…

Фізічным асобам пашанцавала больш, бо банкі не наважыліся істотна скарачаць працэнты па іх укладах, хоць і пачалі зніжаць іх, дзеліцца высновамі рэсурс Select.by.

Ён нагадвае: сярэдняя стаўка па новых кароткатэрміновых укладах насельніцтва ў чэрвені апусцілася да 17, 12% з 18, 02% у траўні. Па новых доўгатэрміновых укладах стаўка ўпала да 20, 21% з 20, 71%.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку для юрыдычных асобаў, сярэдняя стаўка па іх новых дэпазітах на тэрмін да 1 года скарацілася ў чэрвені да 8, 83% з 11, 85% у траўні. Па доўгатэрміновых укладах аналагічная стаўка ўпала да 9, 18% з 14, 46%.

Валюта…

Select.by адзначае: у сегменце валютных дэпазітаў і крэдытаў у чэрвені назіралася прыкладна тая ж карціна, што і з рублёвымі.

У банках у чэрвені ўзнік лішак валютнай ліквіднасці, у сувязі з чым яны пачалі зніжаць працэнты па ўкладах, але пры гэтым павялічылі працэнты па крэдытах, якія ў Беларусі выдаюцца толькі юрыдычным асобам.

Нягледзячы на некаторае зніжэнне кошту доларавых рэсурсаў на ўнутраным рынку, камерцыйныя банкі ў чэрвені значна павялічылі працэнты па крэдытах у доларах.

Сярэдняя стаўка па новых крэдытах на тэрмін да 1 года ўзнялася да 9, 73% гадавых з 8, 42% у траўні. Па доўгатэрміновых крэдытах аналагічныя працэнты павялічыліся да 10,62 працэнта з 9,58 працэнта.

Гэта можа азначаць, выснуе рэсурс Select.by, што банкі лічаць рызыкі крэдытавання ў доларах высокімі. Яны апасаюцца ўзнікнення праблем з разлікамі ў доларах з-за санкцый.

 

Рэйтынгавае агенцтва Moody’s аб’явіла пра дэфолт Беларусі. Горш эканоміцы і насельніцтву

Міністэрства фінансаў Беларусі выплаціла $22,9 мільёнаў долараў па еўрааблігацыях у беларускіх рублях, што ў міжнародным рэйтынгавым агенцтве Moodyʼs ацанілі як нясплату доўгу.

Уладальнікі аблігацый не змаглі атрымаць у беларускіх рублях

Беларусь дапусціла дэфолт па знешніх даўгавых абавязацельствах, гаворыцца ў паведамленні  агенцтва.


Moodyʼs Investors Service – адно з вядучых сусветных рэйтынгавых агенцтваў, якое прысвойвае крэдытныя рэйтынгі, публікую аналітычныя даследаванні і матэрыялы па аналізе рызык.


13 чэрвеня скончыўся льготны перыяд, на працягу якога Беларусь мелася выплаціць 22,9 млн долараў па еўрааблігацыях Беларусь-27. Міністэрства фінансаў Беларусі правяло выплаты ў беларускіх рублях, уладальнікі аблігацый не змаглі іх атрымаць, што ў Moodyʼs расцанілі як дэфолт.

Мінфін: з «недружалюбнымі» краінамі будзем разлічвацца не ў той валюце, у якой бралі крэдыты, а ў беларускіх рублях.

Мінфін яшчэ ў сакавіку паведаміў, што ўлады Беларусі маюць намер разлічвацца па даўгах ураду, беларускіх банкаў і кампаніяў з «недружалюбнымі» краінамі не ў той валюце, у якой бралі крэдыты, а ў беларускіх рублях.

29 чэрвеня ўрад Беларусі пацвердзіў такія намеры. Паводле яго выкананне даўгавых абавязкаў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банку на дату плацяжу.

Такую меру ўрадоўцы называлі вымушанай і абумоўленай немагчымасцю плацежнага агента і іншых удзельнікаў міжнароднай разьлікова-клірынгавай сістэмы гарантаваць паўнату і своечасовасць пералічэння сродкаў усім трымальнікам еўрааблігацыяў.

Урадоўцы сцвярджаюць: ёсць факты неатрымання асобнымі ўладальнікамі купоннага даходу па еўрааблігацыях, пералічанага Міністэрствам фінансаў у лютым.

Выпуск 10-гадовых эўрааблігацый Belarus-27 на $600 млн з прыбытковасцю 7,625% гадавых размешчаны ў чэрвені 2017 году. Агулам у абарачэнні знаходзіцца 5 выпускаў беларускіх эўрабондаў на агульную суму $3,25 млрд. Апошні раз Беларусь выходзіла на рынак эўрааблігацый у чэрвені 2020 году, калі размясціла 5-гадовыя эўрабонды на $500 млн пад 6,125% і 10-гадовыя на $750 млн пад 6,3.


Дэфолт – невыкананне абавязацельстваў па дамовам займу. Не своечасовая выплата працэнтаў або асноўнага доўгу.Тэрмін выкарыстоўваецца ў адносінах да прыватных асобаў, кампаніяў або дзяржаваў. Найчасцей асацыюецца з краінамі, бо наступствы такога падзеі закранаюць шмат людзей.

Дэфолт дзяржавы зніжае яго крэдытныя рэйтынгі. Краіне будзе цяжэй прыцягваць пазыковыя сродкі, што будзе тармазіць развіццё эканомікі. Магчымы рост інфляцыі, паслабленне нацыянальнай валюты, банкаўскі крызіс і гэтак далей. Грамадзяне могуць сутыкнуцца з ростам беспрацоўя, зніжэннем заробкаў, скарачэннем дзяржаўных ільгот.


Услед за Расіяй

Раней аб абслугоўванні свайго знешняга доўгу ў нацыянальнай валюце – расійскіх рублях – таксама аб’явілі ў Маскве.

27 чэрвеня заходнія СМІ паведамілі аб «сімвалічным» дэфолце Расіі па валютных дзяржаблігацыях з-за таго, што напярэдадні, 26 чэрвеня, скончыўся льготны перыяд па аплаце каля 100 млн долараў пратэрмінаваных плацяжоў па каштоўных паперах Масквы.

Згодна з дамовай Расія павінна была заплаціць у замежнай валюце, аднак у Крамлі настойваюць, што ўнеслі суму ў рублях, і на гэтай падставе называюць сцвярджэнні аб яе дэфолце неправамернымі.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў чэрвені падраслі на 96,6 млн. долараў і часткова кампенсавалі майскае глыбокае прасяданне

У маі рэсурсаў паменела на 350 млн. долараў.

У чэрвені росту ў асноўным садзейнічала купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах і  экспарцёры, якія пастаўлялі валютную выручку ў бюджэт, піша рэсурс Myfin.

myfin.by

Выдання адзначае, што поспех чэрвеня часткова кампенсаваў глыбокае травеньскае падзенне золатавалютных рэсурсаў больш чым на 350 млн. долараў.

Паводле Нацыянальнага банку на 1 ліпеня 2022 года памер золатавалютных рэсурсаў складаў 7506,2 млн долараў ЗША. 

фото: Andreas Gebert / Bloomberg

Грамадзяніна Расіі арыштавалі за махлярства. Ён падманам завалодаў грашыма 87-гадовай жыхаркі Магілёўскага раёну

Ён патэлефанаваў кабеце, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне і каб яе выбавіць ад адказнасці патрабуецца 20 тысяч долараў. У жанчыны было толькі васямнаццаць, якія яна аддала махляру.

Каб пераканаць кабету ў праўдзівасці гісторыі з ДТЗ ёй далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.

Затрыманы расіянін меў саўдзельнікаў, якія падтрымлівалі з пацярпелай сувязь пакуль іх завадатар ездзіў да яе па грошы. Яны не давалі магчымасці пажылой жанчыне звязацца з дачкой, піша l газета «СБ. Беларусь сегодня».

Крымінальнай справа займаецца Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Пракурор санкцыянаваў арышт абвінавачанага з улікам абставін злачынства, яго цяжкасці і дадзеных аб асобе расіяніна.

Старшыня ўраду Галоўчанка пра прыхільнасць беларусаў да долара: «Напэўна, так гістарычна склалася»

«Насельніцтва псіхалагічна больш прывязана да долара», адзначае прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, гаворачы пра стратэгію дэдалярызацыі.

«Мы даўно прытрымліваемся стратэгіі дэдалярызацыі, падае словы старшыні ўраду інфармагенцтва Белта, спасылаючыся на ягонае інтэрвʼю на тэлеканале «Беларусь 1».

“Яна ідзе няпроста, – прызнаў ён, – у першую чаргу. Напэўна, з-за таго, што насельніцтва псіхалагічна больш прывязана да долара. Дарэчы, з усіх краін ЕАЭС менавіта, беларусы адрозніваюцца такой унікальнай псіхалагічнай прыхільнасцю да яго. Ні ў Рф, ні ў Казахстане, ні ў Арменіі такой прыхільнасці няма. Напэўна, так гістарычна склалася”.

Па ягоных словах праграма дэдалярызацыі – гэта сумесныя дзеянні Нацбанку і ўраду Беларусі. Ён лічыць, што з часам яна набудзе яшчэ большую актуальнасць, бо знаходзіцца «у мэйнстрыму развіцця сусветнай эканамічнай мадэлі, звязаным з адмовай ад долара як адзінага сродку плацяжоў».

 У эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» Раман Галоўчанка заявіў, што свае ашчаджэнні захоўвае ў беларускіх рублях, і заклікаў беларусаў пераймаць ягоны прыклад.

Паводле звестак «Эканамічнай газеты» па выніках лютага агульны попыт на замежную валюту рэзка перавысіў прапановы.

Выданне, спасылаючыся на дадзеныя Белстату, паведамляла, што перавышэнне абʼёму набытай на працягу месяца замежнай валюты над абʼёмам прададзенай склала сумарна на ўсіх сегментах валютнага рынку 266 мільёнаў долараў ЗША. Чыстая купля валюты ў лютым 2022-га, аказалася найбольшай са жніўня 2020-га.

«Эканамічная газета» адзначае, што сітуацыя «на валютным рынку Беларусі, рэзка змянілася – пагоршылася – яшчэ да падзей ва Украіне.