Каля 07:45 раніцы 18 мая на чыгуначных шляхах каля горада Бахчысарая ў Крыме адбыўся падрыў цягніка, які перавозіў зерне – паведамляе Тэлеграм-канал Mash.
Папярэдне, выбуховае прыстасаванне было закладзена пад чыгуначнымі пуцямі ў раёне вёскі Чысценькае, побач з Сімферопалем. Выбух адбыўся ў пачатку састава. Пашкоджана 50 метраў палатна, дыяметр варонкі пад рэйкамі – каля 15 метраў, глыбіня каля двух.
Са слоў відавочцаў, выбухнула так, што гукі чулі ў суседніх сёлах. Абышлося без пацярпелых. Цяпер чыгуначныя зносіны паміж Сімферопалем і Севастопалем спынілі, мясцовых просяць перасесці на аўтобусы.
Прычынай выбуху на чыгуначных шляхах з’яўляецца “ўмяшанне старонніх асоб” – заявіў кіраўнік Крыма Аксёнаў.
У Расіі, якая развязала вайну супраць Украіны рэзка расце колькасць дыверсій. Амаль 25% з іх адбыліся толькі за 13 майскіх дзён – паведамляе news.pn.
Так, у студзені і лютым расійцы, якія пратэстуюць супраць вайны, здзейснілі па 12 спроб дыверсій. У сакавіку іх колькасць упала да 7, а ў красавіку зноў вырасла да 12. У маі ўжо адбыліся як мінімум 14 спроб знішчэння расійскай дзяржаўнай уласнасці.
Самы распаўсюджаны від дыверсій у Расіі – падпалы рэлейных шаф на чыгунках. З пачатку года вядома аб 36 такіх выпадках. Другія па папулярнасці – падпалы ваенкаматаў, іх было 9. Таксама дыверсанты пашкоджвалі чыгуначныя пуці, падрывалі газаправод, падпальвалі паліцэйскія машыны, будынак ФСБ, склад Росгвардыі і цэнтр збору гуманітарнай дапамогі для салдат.
У маі павялічыўся маштаб дыверсій. 1 і 2 мая ў Бранскай вобласці Расіі адбыліся два падрывы чыгуначных пуцей, з рэек сышлі два грузавыя саставы. 1 мая ў Ленінградскай вобласти невядомыя ўзарвалі апору лініі электраперадачы, а яшчэ адну замініравалі. Праз тыдзень на тэрыторыі авіязавода Чкалава ў Новасібірску адбыўся падпал закансерваванага бамбавіка Су-24.
З пачатку года дыверсіі здзяйсняліся ў 26 рэгіёнах (з улікам акупаванага Крыма). Больш за ўсё іх адбылося ў Падмаскоўі – 9. 5 – у Новасібірскай вобласці, па 4 – у Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбургу.
Вечарам 2 мая ў сямі кіламетрах ад Бранска на перагоне каля чыгуначнай станцыі Снежэцьская было падарвана чыгуначнае палатно – пішуць “Навіны Бранска”. Лакаматыў і 20 грузавых вагонаў сышлі з рэек. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.
Крыніцы Тэлеграм-канала Shot сцвярджаюць, што ўсяго было чутна тры выбухі і выяўлены тры кропкі кантакту, магутнасць выбуху адпавядала 6-7 кілаграмам у трацілавым эквіваленце.
Раней, днём 2 мая Тэлеграм-канал Mash заяўляў, што на 77-м кіламетры перагона Красны Рог – Почап былі заўважаныя некалькі падкопаў пад чыгуначнае палатно. Туды ў далейшым маглі закласці самаробнае выбуховае прыстасаванне.
Непадалёк быў заўважаны выкапаны друз у мяшках. Пра ўбачанае працаўнік чыгункі паведаміў праваахоўнікам. На месца выяжджалі аператыўныя службы. Паводле звестак тэлеграм-канала, выбуховае прыстасаванне пакуль не знойдзена.
Як паведамляе расійскі Тэлеграм-канал Baza, з’явіліся падрабязнасці дыверсіі ў Бранскай вобласці, у выніку якой быў спушчаны пад адхон беларускі цягнік.
Выбухоўка на чыгуначных пуцях у Бранскай вобласці была ўстаноўлена ў трох месцах – на цягніку былі знойдзены тры пункты кантакту. Магутнасць асноўнага выбуху склала 10 кілаграм у тратылавым эквіваленце. Два іншыя былі магутнасцю прыкладна па 200 грам у трацілавым эквіваленце.
Пры гэтым, мяркуючы па ўсім, дыверсант або дыверсанты, даволі доўга сачылі за шляхамі – за 100 метраў ад месца выбуху былі знойдзены 2 недакуркі, 2 пачкі ад цыгарэт, пустая бляшанка з-пад піва і ўпакоўка ад супу хуткага прыгатавання «Ролтан». Таксама там ляжалі фрагмент абгарэлай электраправодкі і медныя фрагменты правадоў.
У выніку выбуху была разбурана частка рэек каля 6 метраў і 4 бетонныя шпалы. Таксама на месцы ўтварылася варонка каля 2,5 метраў глыбінёй і каля 1,5 метраў у дыяметры. Акрамя таго сышоў з рэек двухсекцыйны цеплавоз і 5 вагонаў. Цеплавоз і 4 вагоны згарэлі.
З бакаў цеплавоза, выцекла і разлілася 12 тон дызельнага паліва.
Раніцай 2 мая СМІ паведамлялі, што складзены фотаробат падазраванага ў дыверсіі, гэта мужчына апрануты ў чорнае прыблізна сарака гадоў, ростам каля 170 сантыметраў. Пры ім быў чорны заплечнік, мужчына перасоўваўся на ровары. Аднак пазней стала вядома, што гэты падазраваны быў затрыманы і аказаўся не датычным да дыверсіі. Цяпер расійскія сілавікі працягваюць шукаць прыкладна 35-гадовага мужчыну з барадой, якога таксама бачылі ля чыгункі незадоўга да выбуху.