Шапікі «Магілёўсаюздрук» аднаўляюць працу па вобласці

З канца кастрычніка сталі аднаўляць працу асобныя кіёскі “Магілёўсаюздруку” ў Магілёве, Бабруйску, Чавусах. Супрацоўнікі сеткі нясмела выказваюць аптымізм, што да канца года адновяць працу некалькі дзясяткаў гандлёвых кропак прадпрыемства. Шматлікія шапікі прадпрыемства не працавалі з чэрвеня-ліпеня бягучага года.

Кіраўніцтва ААТ «Магілёўсаюздрук» ў жніўні падало хадайніцтва ў суд аб прызнанні банкруцтва – пісалі Магілёў.media – хаця яшчэ ў чэрвені на прадпрыемстве заяўлялі, што не збіраюцца ліквідавацца. 

Праблемы ў прадпрыемства пачаліся яшчэ ў 2016 годзе, калі ўзніклі цяжкасці ў разліках з дзелавымі партнёрамі. Затрымкі выплат пацягнулі за сабой штрафныя санкцыі. На 1 студзеня 2020 года чыстая страта ад яе дзейнасці павялічылася амаль у 50 разоў – з 19 да 900 тысяч рублёў.

У 2022 годзе «Магілёўсаюздрук» стаў паступова закрываць свае гандлёвыя кропкі. Паліцы ж многіх з аб’ектаў гандлю, якія засталіся, стаялі напаўпустымі. З-за фінансавых цяжкасцей прадпрыемства не магло закупаць увесь ранейшы асартымент тавараў.

Сярод крэдытораў “Магілёўсаюздруку” было 523 арганізацыі, і далёка не ўсе з іх згодныя былі цярпліва чакаць вяртання даўгоў. Ужо да сярэдзіны ліпеня было ўзбуджана 289 выканаўчых спраў па запазычанасцях.

«Магілёўсаюздрук» мусіў на жнівень выплаціць агульную суму ў 4 859 087 рублёў. Немагчымасць пагасіць такую буйную суму і прымусіла прадпрыемства самому хадайнічаць аб прызнанні яго банкрутам.

У жніўні быў прызначаны крызісны кіраўнік, «Магілёўсаюздрук» узяў курс на вяртанне пазык крэдыторам.


Даведка. На студзень 2018 года “Магілёўсаюздрук”, які якраз адзначаў свой 100-гадовы юбілей, меў гандлёвую сетку з 224 кропак, у тым ліку 10 магазінаў, 28 павільёнаў і 186 кіёскаў.


На жнівень 2022 года засталося толькі 43 аб’екты ў Магілёве, Бабруйску і Чавусах, але і тыя да верасня закрыліся.

Безумоўна, гандаль друкаванымі выданнямі сёння не з’яўляецца самай прыбытковай справай. Па-першае, наймацнейшую канкурэнцыю тут складаюць сеткавыя рэсурсы. Па-другое, з-за розных прычын людзі ўвогуле сталі менш чытаць. Па-трэцяе – “Саюздрук” у значнай меры выжывае за кошт гандлю рознымі дробнымі таварамі, уключаючы тытунёвыя вырабы, талоны і праязныя білеты. Напрыклад, у некаторых кіёсках цыгарэты давалі да 65% абароту. Але сёння розныя гандлёвыя сеткі запоўнілі сабой і сваімі таварамі ўсё навокал, у тым ліку вядуць рознічны гандаль і праз вулічныя кіёскі.

Пры гэтым РУП “Белсаюздрук”, куды ўваходзіць і яго магілёўскае падраздзяленне, з’яўляецца найбуйнейшай нацыянальнай сеткай па распаўсюджванні перыёдыкі.