1755 год. Георгій Каніскі стаў епіскапам Магілёўскім (Беларускім).
На той час беларускае праваслаўе знаходзілася ў глыбокім крызісе. У асяроддзі мясцовага праваслаўнага духавенства не знайшлося кандыдатур на такую пасаду. Запрасілі Каніскага з Украіны.
Не змогшы даць рады праблемам беларускага праваслаўя, якое тады было незалежнае ад Масквы, Каніскі спачатку падаўся да груповак, якія выступалі супраць караля Рэчы Паспалітай, а калі і тое не дапамагло, звяртаўся па дапамогу да расійскай самадзержцы Кацярыны ІІ.
Па ўмацаванні на беларускіх землях расійскай улады, з ініцыятывы Каніскага прымусова пачалі навяртаць у праваслаўе ўніятаў, каталікоў ды пратэстантаў. Методыку, апрабаваную на Магілёўшчыне і Мсціслаўшчыне, пазней пашырылі на ўсю Беларусь.
Паводле ўкраінскага гісторыка Яраслава Фошчана, Георгій Каніскі, трапіўшы ў Беларусь, аказаўся закладнікам часу і ўмоваў, у якіх яму давялося дзеіць. Ён прасіўся, каб яго адправілі з архіепіскапскага служэння ў Рэчы Паспалітай ва ўкраінскі манастыр. Навуковец прызнае, што цяпер у гістарыяграфіі стаўленне да дзейнасці Каніскага палярныя.
У Магілёве сёлета паставілі помнік Каніскаму
1898 год. Нарадзіўся Леў Маневіч.
Савецкі ваенны разведчык («Эцьен») у Германіі, Аўстрыі, Італіі, Вялікай Брытаніі.
У 1932-1943 гадах утрымліваўся ў турмах Італіі, у 1943 годзе патрапіў у лагерны комплекс «Маўтхаўзен», дзе працягваў здабыванне разведвальных даных.
Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Чавусах.
Маневічу прысвечаны раман і мастацкі фільм.
1937 год. Забаронена дзейнасць «Таварыства беларускай асветы».
Таварыства працавала ў міжваеннай Польшчы.
Мэтай было «праца над развіццём беларускай культуры, пашырэннем школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздымам маральнага ўзроўню і вывучэнне польскай культуры, культурных адметнасцяў іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі».
Таварыствам выдавалася газета «Родны край».
1938 год. Уладзімір Пракулевіч.
Грамадскі дзеяч, палітык, публіцыст, журналіст, юрыст.
Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920 году, член прэзідыума Першага беларускага з’езда Случчыны, дзяржаўны сакратар Урада БНР.
Дзеяч беларускай эміграцыі ў Празе.
У 1926 годзе вярнуўся ў Беларусь, жыў у Менску. Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.
У 1930 годзе арыштаваны савецкімі карнымі органамі па сфабрыкаванай чэкістамі справе «Саюзу вызвалення Беларусі». На пяць гадоў высланы ў расійскую Перм. Зноў быў арыштаваны і 10 ліпеня 1938 году прыгавораны да расстрэлу.
Расстраляны 20 жніўня 1938 году. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989 гадах.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў