Аранжавы ўзровень небяспекі з-за спякоты аб’яўлены на 21 чэрвеня

З прычыны спякотнага надвор’я аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі на 21 чэрвеня – перасцерагае Белгідрамет

У сераду па Магілёўскай вобласці пераменная воблачнасць і пераважна без ападкаў (іх верагоднасць ніжэй за 10%). Уначы і раніцай месцамі слабы туман. 

Вецер паўночны хуткасцю 2-7 м/с, тэмпература ўноч да +12  +16°C, днём спякотна – да +28 +30°C, у сувязі з чым і аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

Маніторынг выявіў забруджанасць паветра ў Магілёве на працягу некалькіх дзён запар

Аналіз стану атмасфернага паветра ў гарадах Беларусі дэманструе стабільна высокія паказчыкі забруджанасці ў Магілёве – паведаляе Белгідрамет. Так, па стане з 30 мая да 2 чэрвеня станцыя фонавага маніторынга паветра, размешчаная на завулку Крупскай у Магілёве, паказвала перавышэнне норм па ўзроўні забруджанасці ў 1,1 – 1,5 разоў. 

Горш чым у Магілёве абстаноўка з чысцінёй паветра складалася на працягу мінулага тыдня толькі ў Брэсце.

Фота: mogilev.media, графіка: Белгідрамет

Пціч стала небяспечна затапліваць – Белгідрамет

Узровень вады ў рацэ Пціч, што працякае на самым паўднёвым захадзе Магілёўшчыны – праз Глуск – стала падымацца да небяспечна высокай адзнакі, паведамляюць у Белгідраметцэнтры. Пагроза затаплення пакуль назіраецца толькі на працягу цячэння ракі ў Гомельскай вобласці – ў раёне вёскі Першая Слабодка Петрыкаўскага раёна. 

“Ледастаў і ледастаў з палонкамі назіраецца на Дняпры каля Магілёва, Бярэзіне каля Бабруйска, Сожы пад Крычавам і некаторых іх прытоках. На азёрах і вадасховішчах назіраецца ледастаў і ледастаў няпоўны, таўшчынёй ад 13 см да 27 см. – гаворыцца ў паведамленні”.

Фота з адкрытых крыніц.

Моцны снег, мяцеліца – прагноз надвор’я на 10 студзеня

Аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах – аранжавы ўзровень небяспекі – на 10 студзеня папярэджаюць сіноптыкі Белгідрамету. 

10 студзеня па ўсходняй палове краіны, частцы Магілёўскай вобласці, чакаецца ўзмацненне паўднёва-ўсходняга ветру парывамі да 15-20 м/с, ноччу і раніцай на паўночным усходзе – моцны снег, мяцеліца.

Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра днём -3..-5°C. 

Надвор’е на заўтра і бліжэйшыя дні. Будзе галалёдзіца

13 снежня на тэрыторыі Магілёўскай вобласці будзе воблачна з праясненнямі і без істотных ападкаў, паведамляе  Белгідрамет. Верагоднасць ападкаў невялікая – 10-15%. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра -1…-3°C. Вецер паўднёва-заходні, 5-10 м/с, парывамі да 14 м/с.

Да канца тыдня дзённыя тэмпературы прагназуюцца ў дыяпазоне -4…-8°C, у чацвер, 15 снежня каля 0°C і мокры снег з дажджом, а ў ноч да -14…-15°C і з вятрамі хуткасцю да 17 м/с.

Начныя тэмпературы на выходныя 17 і 18 снежня могуць апусціцца да -15…-20°C, а ў дзённыя часы слупок тэрмометра не падымецца вышэй за -5…-8°C. Хуткасць вятроў можа дасягнуць да 15 м/с, перадасцярагаюць сіноптыкі.

Самыя гарачыя восем год на планеце

Апошнія восем гадоў былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў, заявіла 6 лістапада Сусветная метэаралагічная арганізацыя ў дакладзе на адкрыцці штогадовай канферэнцыі ААН па змене клімату ў Шарм-Эль-Шэйху, Егіпет.

«Экстрэмальная спякота, засуха і разбуральныя паводкі закранулі мільёны людзей і прычынілі мільярдныя страты ў гэтым годзе. Відавочныя прыкметы і наступствы змены клімату становяцца ўсё больш драматычнымі» – сказана ў публікацыі.

На думку экспертаў Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, у 2022 годзе сярэдняя глабальная тэмпература будзе прыкладна на 1,15 градуса вышэй за сярэднюю тэмпературу даіндустрыяльнага перыяду 1850-1900 гадоў. 

Верагодна, бягучы год зойме 5-6-е месца ў спісе самых гарачых за гісторыю назіранняў, аднак “толькі пытанне часу, калі настане яшчэ адзін самы цёплы год”.

Вучоныя канстатуюць, што з 1993 года хуткасць павышэння ўзроўню мора падвоілася, а са студзеня 2020 года ўзровень мора вырас амаль на 10 міліметраў. Раставанне леднікоў у Альпах у 2022 годзе стала рэкордным: на гэта паўплывалі нізкае снежнае покрыва ў канцы зімы, неаднаразовае выпадзенне пылу з Сахары і працяглыя і інтэнсіўныя хвалі цяпла.

“Упершыню ў гісторыі нават у самых высокіх пунктах вымярэнняў снег не перажыў летні сезон, і таму не адбылося назапашвання свежага лёду” – гаворыцца ў публікацыі.

 

Найбольш пакутуюць тыя, хто невінаваты.

Канцэнтрацыі асноўных парніковых газаў працягваюць расці і дасягнулі рэкордных узроўняў. Для многіх леднікоў кропка незвароту ўжо пройдзеная, і раставанне будзе працягвацца сотні, калі не тысячы гадоў, што будзе мець сур’ёзныя наступствы для воднай бяспекі.

У Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі нагадалі прыклады экстрэмальнага надвор’я ў 2022 годзе: засуху ва Усходняй Афрыцы, рэкордныя дажджы і паводкі ў Пакістане, серыю разбуральных цыклонаў на Мадагаскары і ў Паўднёвай Афрыцы, экстрэмальную спякоту ў Еўропе.

Паводка ў Пакістане

«Занадта часта больш за ўсё пакутуюць тыя, хто менш за ўсё адказны за змяненне клімату, як мы бачылі на прыкладзе жудаснай паводкі ў Пакістане і смяротнай працяглай засухі на Афрыканскім Рогу. Але нават добра падрыхтаваныя супольнасці сёлета пацярпелі ад экстрэмальных з’яў, пра што сведчаць зацяжныя хвалі цяпла і засуха ў значнай частцы Еўропы і паўднёвага Кітая» – сказаў прафесар Таалас.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў даклад “хронікай кліматычнага хаосу” і заклікаў удзельнікаў канферэнцыі ў Шарм-Эль-Шэйху “адказаць на сігнал трывогі ад планеты дзеяннем – амбіцыйным і рэальным дзеяннем у галіне клімату”.

У праграму канферэнцыі 2022 года ўпершыню было афіцыйна ўключана абмеркаванне механізму кампенсацый страт ад змен клімату для краін, якія развіваюцца – гэта адбылося ў выніку «інтэнсіўных перамоваў», паведамляе BBC News. Як піша Reuters, у папярэднія гады развітыя краіны перашкаджалі правядзенню афіцыйных абмеркаванняў; яшчэ нават на канферэнцыі 2021 года ЗША і ЕЗ заблакавалі стварэнне такога фонду.

Цыклон “Батсірай” на Мадагаскары

Кліматычныя змены ў Беларусі. 

З другой паловы 1970-х гадоў хуткасць росту тэмпературы ў краіне  склала 0,6 градуса за 10 гадоў. Гэтыя лічбы ў 3,5 раза перавышаюць хуткасць росту па ўсім зямным шары і практычна ў 2 разы перавышаюць хуткасць росту тэмпературы паветра над сушай паўночнага паўшар’я” – распавядаюць спецыялісты Белгідрамету.

З канца 1980-х гадоў змяненне тэмпературы паветра праяўлялася ў росце зімовых тэмператур. Аднак з другой паловы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў пачалі расці тэмпературы і летняга перыяду, адзначаецца рост колькасці гарачых дзён з тэмпературай паветра плюс 25 градусаў і вышэй. У цэлым растуць максімумы тэмператур, змяняецца працягласць сезонаў года – павялічваецца працягласць лета і скарачаецца зіма. Таксама павялічваецца працягласць вегетацыйнага перыяду і скарачаецца ацяпляльны перыяд.

Што да змены характару выпадзення ападкаў на тэрыторыі Беларусі, то ў халодны перыяд года іх сума расце, а ў асобныя месяцы цёплага перыяду года – скарачаецца. Такія тэндэнцыі адзначаюцца ў чэрвені, жніўні і верасні, што разам з ростам тэмпературы паветра прыводзіць да павелічэння засушлівых умоў.

У будучыні, тэмпературы паветра будуць расці і да канца стагоддзя на тэрыторыі Беларусі сярэднегадавыя тэмпературы паветра могуць дасягаць адзнакі плюс 10-12 градусаў. Акрамя гэтага, у перыяд паміж 2020 і 2040 гадамі тэмпература паветра па ўсёй Зямлі павысіцца на 1,5 градуса. Так, змены клімату паўплываюць на навакольнае асяроддзе, галіны эканомікі і здароўе насельніцтва. 

 

 

На думку спецыялістаў Белгідрамета, важна ўдзяляць вялікую ўвагу ацэнцы рызык ад змянення клімату, распрацоўваць стратэгіі па адаптацыі эканомікі, навакольнага асяроддзя і насельніцтва.

Сіноптыкі наваражылі дождж з парывамі ветру. Не забывайма на цяплейшую адзежу і парасон

Магілёў апанавала позневосеньскае надвор’е. Холадна і дажджліва. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Адгалоскі жнівеньскай спёкі ў раннім бабіным леце былі нядоўгімі. Разлічваць на сонца не варта.

Паводле Белгідрамету, у сённяшні выхадны дзень пераважаць будзе воблачнае надвор’е. Часам дождж (верагоднасць ападкаў больш за 90%). 

«Тэмпература паветра +10…+12°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с. Парывы да 14 м/с», – паведамляюць сіноптыкі.

Па краіне моцныя залевы. Усюды дужыя парывы ветру.

Фота з рэсурсу blr.belta.by

Да +33 з жоўтым узроўнем небяспекі. Надвор’е ў Магілёве

Спёка не пакідае край.

Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве! Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі.

26 жніўня ў Магілёве сіноптыкі прагназуюць невялікую воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +31+33°C. Вецер няўстойлівы, 3-8 м/с.

У дзённы час у многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С, у паўднёвых раёнах +33+34°С, у Мінску максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С.

Паводле інтэрнэт-рэсурсаў, якія падаюць звесткі аб гісторыі надвор’я, найніжэйшую тэмпературу жніўня фіксавалі ў Магілёве ў 2015 годзе – +10°С.

Годам раней 3 жніўня было найцяплей – +26°С

 

Спёка. Жоўты ўзровень небяспекі – прагноз сіноптыкаў на суботу

Белгідрамет піша аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве. Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. 13 жніўня ў многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30 +31°С.

У Магілёве спёка сягне 31 градусу. Сіноптыкі прагназуюць  пераменную воблачнасць. Верагоднасць ападкаў 5-10 працэнтаў. Вецер паўночна-ўсходні, 4-9 м/с.

На ўсялякі выпадак – парады, што трэба рабіць у спякотнае надвор’е. Лішнім не будзе, як прачытаеце. Клікніце па спасылцы. Беражыце сябе.

Надвор’е 24 ліпеня. Навальніцы з дужымі парывамі ветру і залевай

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.

Паводле Белгідрамету на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы з грымотамі, залевай, градам, шквалістым узмацненнем ветру з парывамі да 15-20 мэтраў за секунду.

Сіноптыкі абяцаюць, што 24 ліпеня ў Магілёве надвор’е будзе з грымотамі і залевай. Тэмпература паветра ад 14-ці ўначы і да 28-мі ўдзень. Месцамі па вобласці слупок тэрмометру сягне – 30 градусаў.