Старшыня ўраду Раман Галоўчанка запэўнівае, што цукру ў краіне дастаткова. Паводле яго «20-25 тысяч тон цукру ляжыць у недатыкальным запасе звыш пралічаных патрэбаў на выпадак, калі хтосьці захоча зрабіць сваё жыццё яшчэ саладзейшым».
“Мы, у прынцыпе, ствараем запас штогод, бо хранічна ўзнікаюць нейкія ўсплёскі цікавасці да цукру ў розныя месяцы пад уплывам розных фактараў. Хоць я працягваю ўсім гаварыць: цукру трэба есці менш, будзеце здаравейшымі”, – цытуе Галоўчанку «БелТА».
Урадовец тлумачыць, што сёлета на ўнутраны рынак цукру будзе пастаўлена 380 тысяч тон. На наступны год з улікам росту вытворчасці запланавана паставіць да 400 тысяч тон. Калі і гэтага аб’ёму не хопіць, то ёсць магчымасць зменшыць экспартныя квоты, падае словы Галоўчанкі тэлеграм-канал «Правительство Беларуси».
Цукровая тэма ўздымаецца на працягу некалькіх апошніх тыдняў. 17 ліпеня ў Брэсце ўзнік ажыятажны попыт на гэты прадукт. Сталі разыходзіцца чуткі, што неўзабаве ён падаражэе. Яго пачалі браць кілаграмамі і на Магілёўшчыне. У некаторых крамах цукар наагул знік з паліц.
Чыноўнікі запэўнівалі, што цукру дастаткова, але тое мала суцішала пакупнікоў.
22 ліпеня Раман Галоўчанка адзначыў, што ажыятажны попыт на цукар прывёў да таго, што яго продаж павялічыўся са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.
Паводле яго, паніку ўдалося суцішыць і продаж цукру зменшыўся да 3 тысяч тон.
Ён заявіў тады, што цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажы, паведамляў Магілёў.media.