Старшыня БРСМ, магілёвец Аляксандр Лук’янаў наведаў акупаваную Аўдзееўку. Хто ён такі?

“Кіраўнік ДНР” Дзяніс Пушылін апублікаваў пра гэта пост у сваім Тэлеграм-канале і тут жа выдаліў. 

Першы сакратар БРСМ і член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў пабываў ва ўкраінскім горадзе Аўдзееўка, дзе сустракаўся з прызначаным Крамлём кіраўніком марыянетачнай “Данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Паведамленне пра гэта Пушылін размясціў у сваім Тэлеграм-канале, заўважыла выданне Zerkalo.io.

пушилин авдеевка

Раней Лук’янаў ужо бываў на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Разам з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам, у 2023 годзе ён праводзіў свой адпачынак у Запарожскай і Херсонскай абласцях. Паведамляецца, што кіраўнік БРСМ цесна супрацоўнічае з расійскай акупацыйнай адміністрацыяй, у тым ліку, беручы ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь дзеля “аздараўлення”.

Лукъянов Азаренок

Аляксандр Лук’янаў нарадзіўся ў Магілёве ў 1989 годзе ў сям’і супрацоўніка МНС. Бацька і маці Лук’янава працавалі ў кампаніі “Пажспецсервіс” – дырэктарам і намеснікам дырэктара адпаведна. 

Лук’янаў вучыўся ў вышэйшых навучальных установах сістэмы МНС, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме прымянення нанадысперсных прэпаратаў для зніжэння гаручасці матэрыялаў. Працаваў выкладчыкам. Але навуковую дзейнасць рэзка памяняў на ідэалагічную, калі прыняў удзел у праекце “100 ідэй для Беларусі” ад БРСМ. 

Пачынаючы з 2018 года Аляксандр Лук’янаў пачаў імклівую кар’еру ў БРСМ, стаўшы прадстаўніком арганізацыі ў Маладзёжнай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі, а ўжо ў 2021-м ён быў абраны першым сакратаром усяго БРСМ.

Прычыну такога хуткага роста расследвальнікі звязваюць з гарачай падтрымкай Лукашэнкі падчас падзей 2020 года. “Наша ніва” расказвае, што ў тым годзе, з-за розніцы ў палітычных поглядах, Лук’янаў спыніў камунікацыю з шматлікімі знаёмымі, а сомому яму нібыта прыходзіла “па 30-40” паведамленняў з пагрозамі ў дзень.

Пасля хвалі рэпрэсій, што абрынуліся на беларускае грамадства ў апошнія гады, кіраўніцтву БРСМ пастаўлена задача замяніць тыя грамадскія арганізацыі, што займаліся гуманітарнай дзейнасцю ў рэгіёнах. Як гэта робіць ведамства Аляксандра Лук’янава, можна было пабачыць некалькі дзён таму ў Магілёве – mogilev.media пісалі пра тое, як “Галоўны БРСМ-авец краіны “маніторыў” цэнтральны ўнівермаг Магілёва”.

Фота: zerkalo.io

Расійская армія перайшла ў масіраванае наступленне пад Аўдзееўкай і панесла значныя страты

Пачынаючы з 9 кастрычніка ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці расійскія войскі перайшлі ў наступ на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў адразу з некалькіх напрамкаў. Украінскі бок заяўляе пра знішчэнне “неверагоднай колькасці варожай тэхнікі”.

За суткі украінская армія знішчыла 34 танка і 91 баявую браніраваную машыну расіян – заявілі ў Генеральным штабе ЗСУ. Акрамя гэтага заяўляецца пра знішчэнне больш за 820 чалавек жывой сілы, самалёта СУ-25, дзясяткаў артылерыйскіх сістэм і аўтамашын. Значная частка з нанесенага ўрону адбылася ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Аналітыкі рэсурса DeepState ахарактарызавалі 10 кастрычніка як адзін з найцяжэйшых дзён падчас расійска-украінскай вайны.

“Праціўнік пайшоў некалькімі калонамі, таксама набітымі дэсантам. – піша рэсурс – Днём гэта ўсё суправаджалася артылерыяй, авіяцыяй і ракетамі. Калоны наступалі з Краснагораўкі, Наваселаўкі Другой, Вадзянога, Пескаў і Вясёлага. Вядома, [ім] удалося захапіць пэўныя пазіцыі, але з улікам колькасці задзейнічанага асабістага складу і тэхнікі вынікі для праціўніка проста жаласныя.

[Праціўнік] спадзяваўся на бліцкрыг. Страты тэхнікі каласальныя, хутка іх падлічаць аналітыкі. Сотні пехацінцаў высадзіліся і дагэтуль блукаюць па шэрай зоне. Баі працягваюцца. Сапраўды, усё магло быць значна горш, але зладжаная праца Сіл абароны дала вынік. Вядома, не абышлося без страт.” 

Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што расіяне спрабуюць акружыць Аўдзееўку, але наўрад ці гэта ім удасца з наяўнымі ў гэтым раёне сіламі.

“Украінскі Генштаб пацвердзіў, што да трох расійскіх батальёнаў здзейснілі атаку ў напрамку Аўдзееўкі, і ISW назірала кадры баёў у гэтым раёне, але ISW не назірала ніякіх пацверджанняў расійскіх прасоўванняў на момант напісання гэтага артыкула” – гаворыцца ў справаздачы Амерыканскага інстытута вывучэння вайны.

Фота: DeepState, скрыншот