Пачынаючы з 9 кастрычніка ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці расійскія войскі перайшлі ў наступ на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў адразу з некалькіх напрамкаў. Украінскі бок заяўляе пра знішчэнне “неверагоднай колькасці варожай тэхнікі”.
За суткі украінская армія знішчыла 34 танка і 91 баявую браніраваную машыну расіян – заявілі ў Генеральным штабе ЗСУ. Акрамя гэтага заяўляецца пра знішчэнне больш за 820 чалавек жывой сілы, самалёта СУ-25, дзясяткаў артылерыйскіх сістэм і аўтамашын. Значная частка з нанесенага ўрону адбылася ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Аналітыкі рэсурса DeepState ахарактарызавалі 10 кастрычніка як адзін з найцяжэйшых дзён падчас расійска-украінскай вайны.
“Праціўнік пайшоў некалькімі калонамі, таксама набітымі дэсантам. – піша рэсурс – Днём гэта ўсё суправаджалася артылерыяй, авіяцыяй і ракетамі. Калоны наступалі з Краснагораўкі, Наваселаўкі Другой, Вадзянога, Пескаў і Вясёлага. Вядома, [ім] удалося захапіць пэўныя пазіцыі, але з улікам колькасці задзейнічанага асабістага складу і тэхнікі вынікі для праціўніка проста жаласныя.
[Праціўнік] спадзяваўся на бліцкрыг. Страты тэхнікі каласальныя, хутка іх падлічаць аналітыкі. Сотні пехацінцаў высадзіліся і дагэтуль блукаюць па шэрай зоне. Баі працягваюцца. Сапраўды, усё магло быць значна горш, але зладжаная праца Сіл абароны дала вынік. Вядома, не абышлося без страт.”
Аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што расіяне спрабуюць акружыць Аўдзееўку, але наўрад ці гэта ім удасца з наяўнымі ў гэтым раёне сіламі.
“Украінскі Генштаб пацвердзіў, што да трох расійскіх батальёнаў здзейснілі атаку ў напрамку Аўдзееўкі, і ISW назірала кадры баёў у гэтым раёне, але ISW не назірала ніякіх пацверджанняў расійскіх прасоўванняў на момант напісання гэтага артыкула” – гаворыцца ў справаздачы Амерыканскага інстытута вывучэння вайны.
Фота: DeepState, скрыншот