Лабавое пад Шкловам – шэсць чалавек шпіталізаваныя

Сёння раніцай, каля 9:20, на 57-м кіламетры аўтадарогі “Орша – Шклоў – Магілёў” адбылося сур’ёзнае дарожна-транспартнае здарэнне. Паводле папярэдняй інфармацыі, 65-гадовая кіроўца аўтамабіля Honda выехала на паласу сустрэчнага руху непадалёк ад вёскі Літоўск, дзе ўлабавую сутыкнулася з аўтамабілем Peugeot пад кіраваннем 68-гадовага мужчыны.

У выніку аварыі шэсць чалавек атрымалі траўмы і былі дастаўлены ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі. Сярод пацярпелых:

  • Кіроўца і 74-гадовая пасажырка Peugeot
  • Кіроўца Honda і тры яе пасажыры: 33-гадовая жанчына, 9-гадовы хлопчык і 11-гадовая дзяўчынка

Важна адзначыць, што ўсе ўдзельнікі ДТЗ былі прышпілены рамянямі бяспекі, а дзеці перавозіліся ў спецыяльных дзіцячых утрымліваючых прыладах. Гэта, верагодна, дапамагло пазбегнуць больш цяжкіх наступстваў аварыі.

Фота: ДАІ

Кіроўца зазявалася – пад Мсціславам машыну выкінула з дарогі

Аднаго з пасажыраў прыйшлося вызваляць з дапамогай спецыяльнага інструмента.

Раніцай 18 жніўня на трасе пад Мсціславам адбылася жорсткая аварыя. Аўтамабіль Citroen, у якім ехалі пяць чалавек, выкінула з дарожнага палатна, машына перакулілася. Як паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама, ДТЗ адбылося па той прычыне, што кіроўца згубіла ўвагу і выехала на сустрэчную паласу руху, а потым і наогул перастала кантраляваць аўтамабіль.

Для таго, каб дастаць з машыны аднаго з пасажыраў, спатрэбілася дапамога ратавальнікаў. Ён быў шпіталізаваны з траўмамі – піша прэс-служба МНС. У аварыі ніхто не загінуў, дзякуючы рамяням бяспекі – адзначылі супрацоўнікі ДАІ.

аварыя

Фота: МНС

Жудаснае лабавое сутыкненне пад Магілёвам – машыну разарвала на часткі, загінулі дарослы і дзіця

Вечарам 13 ліпеня, каля 20:40 адбылася жахлівая аварыя пад Магілёвам, недалёка ад паварота на санаторый “Сосны”. На відэа, апублікаваным ДАІ бачна, як аўтамабіль Volkswagen на шалёнай хуткасці здзяйсняе абгон неўзіраючы на сустрэчныя машыны, потым губляе кіраванне і сутыкаецца з аўтамабілем Audi. На апошніх кадрах відэа можна заўвжыць, што ад удару Volkswagen разарвала на часткі – па ўзбочыне коціцца задні мост і багажнік.

У выніку аварыі загінулі два чалавекі – мужчына і дзіця, якія ехалі ў Volkswagen. Яшчэ адзін дзіцёнак і трое дарослых былі дастаўленыя ў лякарню. Абставіны здарэння высвятляюцца.

Фота: ДАІ, скрыншот.

Тры чалавекі загінулі ў ДТЗ пад Слаўгарадам

Кіроўца легкавушкі не прапусціў грузавік, які ехаў па галоўнай дарозе.

Трагедыя адбылася вечарам 30 чэрвеня на трасе з Крычава на Бабруйск, недалёка ад Слаўгарада – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Выяжджыючы з другаснай дарогі на галоўную, 26-гадовы кіроўца аўтамабіля Chevrolet не прапусціў грузавы аўтамабіль DAF. У выніку аварыі загінулі тры пасажыры легкавушкі. Яшчэ два чалавекі – сам кіроўца і яго пасажыр – дастаўленыя ў лякарню. 

Фота: ДАІ

П’яны жыхар Глускага раёна трапіў пад цягнік

Інцыдэнт адбыўся на прыпынку Дудзічы ў Калінкавіцкім раёне Гомельшчыны. Машыніст грузавога цягніка заўважыў мужчыну, што бадзяўся здоўж чыгуначных рэек, і падаў яму гукавы сігнал. Той гэты сігнал, аднак, праігнараваў. Экстраннае тармажэнне не ўратавала ад аварыі – цягнік збіў мужчыну, які ў выніку атрымаў шматлікія траўмы. Як высветлілася, пацярпелым аказаўся жыхар Глускага раёна 1986 года нараджэння. Па рэйках ён гуляў у стане алкагольнага ап’янення. Зараз пацярпелы знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі – паведамляе газета “Радзіма”.

Фота: “Радзіма” 

Мікрааўтобус разбіўся пад Бабруйскам – легкавушка праігнаравала знак “Stop”

Вечарам 25 чэрвеня на трасе Бабруйск-Магілёў  адбылася жорсткая аварыя. Кіроўца легкавога аўтамабіля Renault вылецеў з другаснай дарогі на трасу, праігнараваўшы знак “Рух без прыпынку забаронены”. Яго машына сутыкнулася з мікрааўтобусам Volkswagen Transporter, у якім ехалі мужчына і жанчына. Volkswagen ад удару развярнула на 180 градусаў і перавярнула. Кіроўца і пасажырка, на шчасце, не пацярпелі. Траўмамі абышлося і ў тых, хто быў у Renault – нязначныя ўшыбы атрымала дачка кіроўцы, паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Кіроўца аўтобуса ў Бабруйску не справіўся з паваротам – у пасажыра пералом з разрывам лёгкага

Бабруйскі кіроўца гарадскога аўтобуса здзейсніў вельмі няўдалы паварот, перавозячы пасажыраў – задняе кола наехала на бардзюрны камень і выскачыла на тратуар. У выніку аднаго з пасажыраў так падкінула, што ён паваліўся на падлогу і атрымаў пералом рабрыны з разрывам лёгкага і пнеўматораксам.

Супраць 61-гадовага кіроўцы ўзбуджана крымінальная справа, ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Адзначаецца, што вадзіцеь аўтобуса неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за стварэнне аварыйнай абстаноўкі і пакіданне месца аварыі. Нагадаем, што ў Бабруйску доўгі час крытычна не хапала кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў, аўтапарку прыходзілася адмяняць дзясяткі гарадскіх рэйсаў.

Фота ілюстрацыйнае 

Смяротная аварыя на трасе Мінск-Магілёў: машыну занесла на школьны аўтобус

Днём 23 траўня кіроўца BMW не справіўся з заносам яго аўтамабіля на трасе Мінск-Магілёў пасля дажджу і граду. Аўтамабіль выкінула на школьны аўтобус, што ехаў у тым жа кірунку. 44-гадовы мужчына, кіроўца BMW загінуў на месцы аварыі, яго жонка таксама пацярпела і знаходзіцца ў лякарні з траўмамі. Ніхто з пасажыраў школьнага аўтобуса не пацярпеў, але двух дзяцей накіравалі на медыцынскае абследванне. Трагедыя адбылася ў Чэрвенскім раёне – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Указваецца таксама на тое, што кіроўца легкавога аўто больш за 200 разоў меў спагнанні па лініі ДАІ, у тым ліку за перавышэнне хуткасці 80 разоў.

Фота: Следчы камітэт

На трасе Мінск-Магілёў легкавушка разбілася аб лася

Рэдкі выпадак аварыі на трасе М4 з удзелам жывёлы адбыўся ноччу 28 красавіка. Жыхар Чэрвенскага раёна, едучы з Мінска ў Магілёў на сваім BMW, сутыкнуўся з ласём на 41-м кіламетры дарогі. Аварыя здарылася ў 00:40 – паведамляе БелТА. Кіроўца машыны быў шпіталізаваны з траўмамі.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Чавусамі фура вылецела ў лабавую на легкавушку, яе кіроўца ў рэанімацыі

Аварыя адбылася на трасе Магілёў-Чавусы раніцай 10 сакавіка ў Чавускім раёне. 26-гадовы кіроўца фуры Mercedes Benz з паўпрычэпам не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Renault. Як бачна па фота УУС Магілёўскага аблваканкама з месца здарэння, адбылося лабавое сутыкненне аўтамабіляў. 51-гадовы кіроўца Renault атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, паведамляе БелТА.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама