Сусветны дзень аховы месцаў пражывання (з 1979 года). Закліканы прыцягнуць увагу чалавецтва да праблемы захавання асяроддзя абітання фаўны планеты Зямля.
Чалавек за гісторыю сваёй цывілізацыі знішчыў каля 2-х мільярдаў гектараў землі, якія цяпер сталі пустыняй.
Калі тэндэнцыі не зменяцца, то праз некалькі пакаленняў «сусветны дзень аховы месцаў пражывання» можа стаць «днём памінання месцаў пасялення».
Штодня з твару Зямлі знікаюць беззваротна больш за 70 відаў фауны і флоры.
Дзень архівіста Беларусі (з 2000 года).
Зацверджаны ў гонар заснавання першага цэнтралізаванага дзяржаўнага архіва на тэрыторыі краіны — Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг (1863 год).
У беларускіх архіўных сховішчах знаходзіцца больш за 12 мільёнаў дакументаў.
Архіўнай справай займаюцца 169 арганізацый.
У 2006 годзе выйшла першая беларуская энцыклапедыя «Архівісты Беларусі».
1677 год. Памёр Альбэрт Каяловіч.
Беларускі пісьменнік, палеміст, гісторык Вялікага Княства Літоўскага. Рэктар Віленскай акадэміі.
Аўтар багаслоўскіх трактатаў, біяграфіяў езуітаў, твораў з гісторыі ВКЛ, «Гісторыі Літвы», «Летапісу Радзівілаў», звестак пра Мінск.
1745 год. Нарадзіўся Францішак Смуглевіч.
Жывапісец і графік.
Працаваў у жанры партрэта, аўтар карцін на гістарычныя тэмы, распісваў беларускія цэрквы, касцёлы.
Памёр у Вільні ў 1807 годзе.
1788 год. У Варшаве пачаў працу Чатырохгадовы Сойм, Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай.
Працаваў з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 года.
Правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сферах.
Найвышэйшае дасягненне – прыняцце канстытуцыі 3 траўня 1791 года.
1809 год. Памёр Францішак Бялінскі.
Генерал-маёр войска кароннага Рэчы Паспалітай, пісар вялікі каронны, асветнік, прыхільнік усеагульнай адукацыі.
Сябар Адукацыйнай камісіі.
Падчас паўстання 1794 года – генеральны камісар правіянту і фуражу, галоўны кватэрмайстр войска, кіраўнік Генеральнага Камісарыяту паўстання.
1876 год. Нарадзіўся Ян Булгак.
Адзін з піянераў мастацкай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст.
Ураджэнец Беларусі.
Віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фатаграфіі».
Яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы.
Памёр ў 1950 годзе.
1908 год. Нарадзіўся Алесь Мілюць.
Беларускі паэт.
Асноўныя матывы творчасці — пратэст супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення, апяванне хараства роднага краю.
Загінуў на фронце ў 1944 годзе.
1929 год. Памёр Чэслаў Янкоўскі.
Польскі паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнавец.
Ураджэнец Беларусі.
Аўтар вершаў, нарысаў, перакладаў, падарожных запісаў, 4-томавага даследавання «Ашмянскі павет», «Этнаграфічная Польшча».
Верагодны аўтар беларускамоўнай лірычнай мініяцюры «Ужо птушкі пяюць усюды», якая прыпісваецца Уладзіславу Сыракомлю.
1953 год. З галоўнага канвеера Мінскага трактарнага завода сышоў першы серыйны трактар «Беларус».
МТЗ быў заснаваны 29 траўня 1946 года. За сваю гісторыю вырабіў больш за 3 мільёна трактараў.
Мае за мяжой 22 зборачныя вытворчасці ў 10 краінах Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Еўропы.
У 1990-я гады кожны 10 трактар у свеце быў “Беларус”.
1965 год. Нарадзіўся Андрэй Манакоў.
Доктар геаграфічных навук, прафесар Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Даследчык расійска-беларускага памежжа, беларускай тапанімікі, асаблівасцей насельніцтва Беларусі.