Дзень у гісторыі. 6 кастрычніка. Сусветны дзень аховы месцаў пражывання. Пачатак працы Вялікага Сойма. Выраб першага трактара “Беларус”

Сусветны дзень аховы месцаў пражывання (з 1979 года). Закліканы прыцягнуць увагу чалавецтва да праблемы захавання асяроддзя абітання фаўны планеты Зямля. 

Чалавек за гісторыю сваёй цывілізацыі знішчыў каля 2-х мільярдаў гектараў землі, якія цяпер сталі пустыняй. 

Калі тэндэнцыі не зменяцца, то праз некалькі пакаленняў «сусветны дзень аховы месцаў пражывання» можа стаць «днём памінання месцаў пасялення».

Штодня з твару Зямлі знікаюць беззваротна больш за 70 відаў фауны і флоры.

Дзень архівіста Беларусі (з 2000 года). 

Зацверджаны ў гонар заснавання першага цэнтралізаванага дзяржаўнага архіва на тэрыторыі краіны — Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг (1863 год).

У беларускіх архіўных сховішчах знаходзіцца больш за 12 мільёнаў дакументаў.

Архіўнай справай займаюцца 169 арганізацый. 

У 2006 годзе выйшла першая беларуская энцыклапедыя «Архівісты Беларусі».

1677 год. Памёр Альбэрт Каяловіч. 

Беларускі пісьменнік, палеміст, гісторык  Вялікага Княства Літоўскага. Рэктар Віленскай акадэміі.

Аўтар багаслоўскіх трактатаў, біяграфіяў езуітаў, твораў з гісторыі ВКЛ, «Гісторыі Літвы», «Летапісу Радзівілаў», звестак пра Мінск.

1745 год. Нарадзіўся Францішак Смуглевіч. 

Жывапісец і графік. 

Працаваў у жанры партрэта, аўтар карцін на гістарычныя тэмы, распісваў беларускія цэрквы, касцёлы.

Памёр у Вільні ў 1807 годзе.

1788 год. У Варшаве пачаў працу Чатырохгадовы Сойм, Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай.

Працаваў з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 года. 

Правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сферах. 

Найвышэйшае дасягненне – прыняцце канстытуцыі 3 траўня 1791 года.

1809 год. Памёр Францішак Бялінскі. 

Генерал-маёр войска кароннага Рэчы Паспалітай, пісар вялікі каронны, асветнік, прыхільнік усеагульнай адукацыі.

Сябар Адукацыйнай камісіі. 

Падчас паўстання 1794 года – генеральны камісар правіянту і фуражу, галоўны кватэрмайстр войска, кіраўнік  Генеральнага Камісарыяту паўстання.

 

 1876 год. Нарадзіўся Ян Булгак. 

Адзін з піянераў мастацкай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст.

Ураджэнец Беларусі. 

Віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фатаграфіі».

Яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы.

Памёр ў 1950 годзе.

1908 год. Нарадзіўся Алесь Мілюць. 

Беларускі паэт.

Асноўныя матывы творчасці — пратэст супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення, апяванне хараства роднага краю.

Загінуў на фронце ў 1944 годзе.

1929 год. Памёр Чэслаў Янкоўскі

Польскі паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнавец. 

Ураджэнец Беларусі.

Аўтар вершаў, нарысаў, перакладаў, падарожных запісаў, 4-томавага даследавання «Ашмянскі павет», «Этнаграфічная Польшча».

Верагодны аўтар беларускамоўнай лірычнай мініяцюры «Ужо птушкі пяюць усюды», якая прыпісваецца Уладзіславу Сыракомлю.

1953 год. З галоўнага канвеера Мінскага трактарнага завода сышоў першы серыйны трактар «Беларус». 

МТЗ быў заснаваны 29 траўня 1946 года. За сваю гісторыю вырабіў больш за 3 мільёна трактараў. 

Мае за мяжой 22 зборачныя вытворчасці ў 10 краінах Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Еўропы. 

У 1990-я гады кожны 10 трактар у свеце быў “Беларус”. 

1965 год. Нарадзіўся Андрэй Манакоў. 

Доктар геаграфічных навук, прафесар Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Даследчык расійска-беларускага памежжа, беларускай тапанімікі, асаблівасцей насельніцтва Беларусі.

2 кастрычніка. Дзень у гісторыі. Міжнародны дзень нягвалту. Дзень настаўніка, дзень электроннай пошты. Заключэнне Гарадзельскай уніі. Дзень нараджэння гісторыка Міхаіла Каяловіча

Міжнародны дзень нягвалту, з 2007 года, у гонар дня Махатмы Гандзі – кіраўніка барацьбы за незалежнасць Індыі, заснавальніка філасофіі і ідэі нягвалту. 

Мэта Дня – жаданне зацвердзіць культуру міру, цярпімасці, разумення і нягвалту. 

Міжнародны дзень сацыяльнага педагога (з 2009 года).

Сацыяльны педагог ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне, выхаванні і развіцці навучэнцаў у сферы бліжэйшага атачэння: навучальным калектыве, сям’і, па месцы жыхарства, у маладзёжных аб’яднаннях. 

Забяспечвае сацыяльна-педагагічную падтрымку і дапамогу педагогам пры арганізацыі ўзаемадзеяння з вучнямі і іх бацькамі.

Дзень настаўніка (з 1965 года). 

У 1-ю нядзелю кастрычніка больш за 400 тысяч настаўнікаў Беларусі адзначаюць дзень свайго прафесійнага свята. 

Напярэдадні свята настаўнікі прымаюць віншаванні ад сваіх выхаванцаў, якія дораць ім знакі ўвагі, ладзяць канцэрты.

 1413 год. Заключана Гарадзельская унія паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім

Дамова вялікага князя літоўскага Вітаўта са сваім стрыечным братам, польскім каралём Уладзіславам Ягайлам

Падпісана ў Гародле на рацэ Буг.

Вітаўт прызнаваў вярхоўную ўладу Ягайлы. 

Адначасова ўводзіўся інстытут спадчыннасці стальца і тытула вялікага князя літоўскага. 

У ВКЛ утварылася аднолькавае з Польшчай адміністрацыйнае дзяленне.

Літоўскія баяры-каталікі атрымалі правы польскай шляхты, а таксама польскія гербы.

Агульныя шляхецкія соймы вырашана склікаць у Любліне, або ў Парчаве.

 

1828 год. Нарадзіўся Міхаіл Каяловіч

Гісторык і грамадскі дзеяч беларускага паходжання. Славянафіл. 

Даследчык гісторыі ўніяцтва, царкоўнай і агульнай гісторыі, народнага руху Заходняга краю. 

Заходнерусіст, адстойваў пункт погляду, што беларусы з’яўляюцца самабытнай часткай рускага народа, а беларуская гаворка — гэта «мост» паміж маларасійскай і вялікарускай гаворкамі.

1930 год. У Гродна выйшаў з друку першы нумар грамадска-культурнага часопісу «Беларуская думка» 

 Штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс выдаваўся да 1932 года на беларускай мове. 

Асвятляў беларускі грамадскі рух на Гродзеншчыне. 

Апублікаваў даклад Р. Астроўскага «Беларуская справа высоўваецца на парадак дзённы польскім грамадзянствам» (1931, № 9) пра змену адносін польскага ўрада да беларускага пытання. 

Друкаваліся і літаратурныя творы, у тым ліку  М. Журбы, Я. Коласа, Я. Купалы.

На фота – Радаслаў Астроўскі

1948 год. У Бабруйску нарадзіўся Сямён Дамарад

Беларускі мастак-манументаліст.

Працуе ў станковым жывапісе і галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і іншых установах культуры.

Персанальныя выставы ладзіліся ў розных гарадах Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі.

1952 год. Пайшоў з жыцця Уладзімір Агіевіч

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык..

Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937). 

Аўтар вершаў, даследчык творчасці  Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Шупа

Беларускі філолаг, перакладчык, журналіст, грамадскі дзеяч.

Працаваў навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, удзельнічаў у выданні газеты «Наша Ніва». 

Супрацоўнік «Радыё Свабода», рэдактар Радыё «Балтыйскія хвалі».

Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х гадоў

Свабодна валодае 9 сучаснымі еўрапейскімі мовамі, іўрытам, старажытнагрэчаскай і лацінскай мовамі.

Укладальнік і публікатар «Архіваў БНР» (1998). Аўтар кнігі «Падарожжа ў БНР» (2018).

1965 год. Нарадзіўся Зміцер Сідаровіч

Беларускі музыкант, бард, дудар. 

Творчы кіраўнік гурта «Камелот». Збіральнік фальклору.

У 2000 годзе З. Сідаровіч разам з гуртамі «Стары Ольса» і «Contredanse» запісаў зборны альбом «Вір».

Заснавальнік капэлы «На таку», якая ладзіць вечарыны традыцыйнага танцу.

Памёр у 2014 годзе.

1971 год. Дзень нараджэння электроннай пошты. 

Інжынер BBN Technologies Р. Томлінсан адправіў першае паведамленне з аднаго кампутара на іншы, якія стаялі ў адным кабінеце.

Сімвал @ (“слімак” або “малпа”) таксама быў прыдуманы Р. Томлінсанам для падзелу імёнаў кампутара і карыстальніка, з прычыны яго рэдкага выкарыстання. 

Самы распаўсюджаны пароль на паштовых сэрвісах – набор лічбаў  123456.