8 крымінальных спраў – «ліпавая» меліярацыя на Магілёўшчыне

Стратаў на сотні тысяч рублёў, 8 крымінальных спраў – «ліпавая» меліярацыя на Магілёўшчыне

Супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Магілёўскага абласнога УУС выявілі нямэтавае выкарыстанне сродкаў на правядзення меліярацыйных работ – паведамляе прэс-служба ведамства.

Устаноўлена, што ў 2022 годзе кіруючай кампаніі аднаго з холдынгаў вобласці было выдаткавана больш за 6,5 мільёны рублёў для выканання меліярацыйных работ. На канец года кіраўніцтва заявіла пра іх паспяховую рэалізацыю. Аднак высветлілася, што частка з філіялаў меліярацыйныя работы нават не пачыналі, а некаторыя выканалі іх не ў поўным аб’ёме і няякасна.

Аператыўнікамі зроблена выснова аб фіктыўным асваенні выдзеленых дзяржавай сродкаў, нанесена шкода на агульную суму звыш 430 000 рублёў.

У адносінах да кіраўнікоў рэгіянальных падраздзяленняў арганізацыі распачата 8 крымінальных спраў. Фігурантам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці.

Фота з адкрытых крыніц.