Спікерка парламенту ЗША завяршыла візіт у Тайвань і бяспечна пакінула краіну

Тым часам, Кітай праводзіць вайсковыя вучэнні па ўсім перыметры астраўной дзяржавы, якую лічыць сваёй тэрыторыяй.

Нэнсі Пэлосі прыбыла  ў Тайвань 2 жніўня. Яна сустрэлася з прэзідэнткай краіны Цай Інвэнь.

Пэлосі – самы высокапастаўлены амерыканскі палітык за апошнія 25 гадоў, які наведаў Тайвань. Спікерка парламенту ЗША заявіла, што яе дэлегацыя прыбыла, каб даць «адназначна» зразумець, што яе краіна не перастане супрацоўнічаць з востравам і не адмовіцца ад абавязанняў.

«Сорак тры гады таму Амерыка паабяцала заўсёды падтрымліваць Тайвань» – казала Нэнсі Пэлосі.

«Свет стаіць перад выбарам паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй. Рашэнне Амерыкі захаваць дэмакратыю тут, на Тайвані, застаецца жалезным» – падкрэсліла яна.

Прэзідэнтка Тайваню заявіла, што яе краіна застаецца «вартым даверу і надзейным партнёрам ЗША».

Паводле яе, Тайвань «сутыкаецца з наўмысным узмацненнем ваенных пагроз» і «зробіць усё магчымае, каб умацаваць свой патэнцыял самаабароны».

Візіт Нэнсі Пэлосі на Тайвань выклікаў эскалацыю напружанасці між Кітаем і ЗША. Кітай выказаў «рашучы пратэст» і страшыць мерамі ў адказ.

Кітайскія вайскоўцы знаходзяцца ў стане «павышанай боегатоўнасці». Яны адначасова пачалі некалькі вучэнняў побач з Тайванем.

Паводле агенцтва «Сіньхуа» Кітай заявіў, што з 4 па 7 жніўня правядзе ваенныя вучэнні ў шасці раёнах вакол Тайваню.


Кітай лічыць Тайвань сепаратысцкай правінцыяй. Суверэнітэт Тайваню прызнаны шэрагам уплывовых краінаў свету, у тым ліку ЗША. 

Тайвань лічыць сябе Кітайскай рэспублікай. Мае 19-ю па велічыні эканоміку свету. Яе тэхналагічная індустрыя адыгрывае важную ролю ў сусветнай эканоміцы.

Узровень жыцця з’яўляецца вельмі высокім, паводле звестак МВФ на 2019–2020 гады краіна па ВУП на душу насельніцтва значна пераўзыходзіць узровень мацерыковага Кітаю.


Публікацыя падрыхтавана паводле звестак з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў