Школьнае свята пад савецкімі сцягамі са следчымі, зброяй ды экіпіраванымі міліцыянтамі

У Магілёве на гарадскім свяце «Звенит звонок!» дзятву вучылі абыходжанню са зброяй, расказвалі пра таямніцы следства і дазвалялі фатаграфавацца ў кампаніі з экіпіраванымі спецназаўцамі.

Імпрэза праходзіла ў Падмікольскім парку, а анансавалі яе ідэолагі з Магілёўскага гарвыканкаму. На свята прыйшло некалькі сот школьнікаў рознага ўзросту.

Хлопчыкі і дзяўчынкі разбіралі і збіралі аўтаматы пад наглядам ваенрукоў. Дзятве дазвалялі забаўляцца з вінтоўкай, пры гэтым не папярэджвалі, што цэліцца ў людзей забаронена.

Некаторыя «гульнявыя пляцоўкі» са зброяй былі ўпрыгожаныя савецкай атрыбутыкай, а вядоўцы былі адзетыя ў форму савецкіх салдат.