Цагляны будынак былога музея, які знаходзіцца ў цэнтры горада, стаіць зачынены, з пабітымі шыбамі, побач сметнік.
Некалькі дзясяткаў год экспазіцыя Крычаўскага краязнаўчага музея размяшчалася ў цагляным будынку П-падобнай формы, што знаходзіцца недалёка ад былой рынкавай плошчы (на сённяшні дзень плошчы Леніна).
Менавіта тут яшчэ пры першым дырэктары музея, славутым крычаўскім краязнаўцы Міхаіле Мельнікаве, доўгія гады функцыянаваў музей.
У гэтым адносна вялікім па плошчы будынку да 2008 года знаходзілася музейная экспазіцыя, пакуль не пераехала ў палац Пацёмкіна-Галынскіх. Пасля гэтай падзеі былы будынак музея пачаў проста пуставаць. У пачатку 2010-х гадоў у паветры лунала ідэя стварэння ў ім Дома рамёстваў, аднак размовы так і не матэрыялізаваліся ў канкрэтныя дзеянні. Вясной 2021 года мясцовыя ўлады прадалі будынак у прыватныя рукі. Але і гэта яго не ўратавала.
Знешне пабудова выглядае няблага, не ўлічваючы вялікія шчыліны на сценах. Аднак побач з былым музеем ужо можна ўбачыць стыхійны сметнік.
Не менш непрыемна ўражваюць пабітыя вокны будынка былога музея. Прычым пабіта добрая палова шыбаў, хоць жалезныя краты на вокнах абараняюць дом ад зламыснікаў.
Фота: mogilev.media