дайджэст здарэнняў у магілеўскай глыбінцы

Пакралі бульбу з агарода, сабака загрыз курэй – дайджэст здарэнняў у магілеўскай глыбінцы

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: крадзеж бульбы з агарода, няпрошаны нецвярозы госць і забіццё амаль двух дзясяткаў курэй чужой сабакай. 

У сезон паспявання гародніны і садавіны традыцыйна актывізуюцца злодзеі. Жыхар Мсціслава паведаміў у  міліцыю, што з яго агарода зламыснікі за ноч выкапалі шэсць кустоў бульбы.

Праваахоўнікам таксама трэба будзе пастарацца знайсці і ўладальніка сабакі, які ў жыхаркі Мсціслава задушыў 19 курэй.

Але самы цікавы выпадак здарыўся ў аграгарадку Мушына. Мужчына 1980 года нараджэння, у стане алкагольнага ап’янення не жадаў сыходзіць з дома незнаёмай жанчыны, так што яна выклікала міліцыю. У выніку праваахоўнікі не толькі прымусілі п’янага мужчыну сыйсці але і склалі адміністрацыйны пратакол. Цяпер яго чакае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 8 базавых велічыняў, а гэта значыць мужчына можа заплаціць да 300 рублёў – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстратыўнае