Не толькі Скарына быў у Піцеры, але і Сімяон Полацкі?

Беларускі асветнік і паэт памёр за 23 гады да заснавання новай расійскай сталіцы.

Парад фантастычных беларусаў, што пабывалі ў Санкт-Пецярбургу задоўга да яго паяўлення, працягваецца. Следам за Францыскам Скарынай, які на думку аднаго з выпускнікоў Магілёўскага гістфака “быў не толькі беларус. Ён жыў і ў Піцеры. І тварыў там”, аглядальніца часопіса “Беларуская думка” адправіла туды ж і Сімяона Полацкага.

Карэспандэнтка часопіса “Беларуская думка” Сняжана Міхайлоўская апублікавала ў першым нумары часопіса за 2024 год артыкул пад назвай “Залатое кольца беларускай навукі”. У матэрыяле распавядаецца пра архітэктурна-мастацкую кампазіцыю на алеі Славы беларускай навукі каля Нацыянальнай акадэміі навук. Тут пад маляўнічай ратондай размешчаны скульптуры Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча, Яўстафія Тышкевіча, Яўхіма Карскага і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага.

Апісваючы творчы шлях Сімяона Полацкага, аглядальніца Сняжана Міхайлоўская піша: “яго прызнавалі не толькі пры Маскоўскім двары, але і на Уладзімірскай і Цвярской землях. Пабываў ён і ў Пецярбургу, дзе былі запатрабаваны яго веды”. Трэба адзначыць, што ў электроннай версіі артыкул пакуль не размешчаны цалкам.

Беларускі асветнік, багаслоў і паэт Сімяон Полацкі памёр у Маскве 25 жніўня 1680 года, за 23 гады да заснавання Санкт-Пецярбурга яго выхаванцам, расійскім царом Пятром І.

Фота: БелТА