Не толькі Скарына быў у Піцеры, але і Сімяон Полацкі?

Беларускі асветнік і паэт памёр за 23 гады да заснавання новай расійскай сталіцы.

Парад фантастычных беларусаў, што пабывалі ў Санкт-Пецярбургу задоўга да яго паяўлення, працягваецца. Следам за Францыскам Скарынай, які на думку аднаго з выпускнікоў Магілёўскага гістфака “быў не толькі беларус. Ён жыў і ў Піцеры. І тварыў там”, аглядальніца часопіса “Беларуская думка” адправіла туды ж і Сімяона Полацкага.

Карэспандэнтка часопіса “Беларуская думка” Сняжана Міхайлоўская апублікавала ў першым нумары часопіса за 2024 год артыкул пад назвай “Залатое кольца беларускай навукі”. У матэрыяле распавядаецца пра архітэктурна-мастацкую кампазіцыю на алеі Славы беларускай навукі каля Нацыянальнай акадэміі навук. Тут пад маляўнічай ратондай размешчаны скульптуры Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча, Яўстафія Тышкевіча, Яўхіма Карскага і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага.

Апісваючы творчы шлях Сімяона Полацкага, аглядальніца Сняжана Міхайлоўская піша: “яго прызнавалі не толькі пры Маскоўскім двары, але і на Уладзімірскай і Цвярской землях. Пабываў ён і ў Пецярбургу, дзе былі запатрабаваны яго веды”. Трэба адзначыць, што ў электроннай версіі артыкул пакуль не размешчаны цалкам.

Беларускі асветнік, багаслоў і паэт Сімяон Полацкі памёр у Маскве 25 жніўня 1680 года, за 23 гады да заснавання Санкт-Пецярбурга яго выхаванцам, расійскім царом Пятром І.

Фота: БелТА

Каля берагоў Швецыі заўважылі кіта-бялуху, якога падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мяркуецца, што гэта дрэсіраваны кіт, а некалькі гадоў таму з яго знялі гарнітуру для відэаназірання з надпісам “Абсталяванне Санкт-Пецярбурга”. Кіту ўжо далі мінушку Хвалдзімір, ад нарвежскага слова hval – кіт – і намякаючы на сувязь з Расіяй.

Кіт-бялуха з незвычайнымі паводзінамі быў упершыню заўважаны каля берагоў Нарвегіі ў 2019 годзе. Яшчэ тады нарвежскія марскія эксперты выказалі меркаванне што яны наткнуліся на белуху, якая была падрыхтавана расейскім флотам у рамках праграмы выкарыстання падводных млекакормячых у якасці сіл спецыяльнага прызначэння.

Вось што расказвалі пра паводзіны кіта нарвежскія маракі чатыры гады таму.

– Мы збіраліся паставіць сеткі, калі ўбачылі кіта, які плавае паміж лодкамі. – расказаў рыбак Джоар Хестэн нарвежскаму тэлеканалу NRK – Ён падышоў да нас, і калі ён наблізіўся, мы ўбачылі, што на ім была нейкая збруя.

Дзіўныя паводзіны кіта, які актыўна шукаў караблі і спрабаваў выцягнуць рамяні і вяроўкі з бартоў лодак, а таксама тое, што на ім была тугая шлейка, якая, здавалася, была прыстасаваная для камеры або зброі, выклікала ўвагу. Сярод марскіх экспертаў з’явіліся падазрэнні, што жывёла прайшла ваенную падрыхтоўку ў суседняй Расіі. Унутры збруі, якую знялі з кіта, былі надпісы «Абсталяванне Санкт-Пецярбурга» – пісала выданне Guardian у 2019 годзе.

На працягу трох гадоў кіт-бялуха жыў, нетаропка прасоўваючыся здоўж нарвежскага ўзбярэжжа, аднак апошнім часам ён нечакана паскорыўся і адправіўся ў бок Швецыі. 

У нядзелю яго назіралі ў Хунэбастрандзе, ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Швецыі.

– Мы не ведаем, чаму ён так хутка паскорыўся менавіта цяпер. – расказаў Guardian Себасцьян Стрэнд, марскі біёлаг з арганізацыі OneWhale, дадаўшы, што гэта выклікае асаблівае здзіўленне, таму што кіт «вельмі хутка аддаляўся ад свайго натуральнага асяроддзя».

Марскія біёлагі дапускаюць таксама, што кіт шукае сабе пару. Лічыцца, што ён не бачыў ніводнай іншай бялухі з моманту прыбыцця ў Нарвегію ў красавіку 2019 года. Бліжэйшая папуляцыя бялух знаходзіцца, аднак, у зусім іншым месцы – на поўначы ад Нарвегіі, каля вострава Шпіцберген.

Нарвежцы празвалі яго Хвалдзімірам, каламбурам на нарвежскай мове з кітом – hval, і паказваючы на яго меркаваную сувязь з Расіяй.

Фота: Guardian

Дзень у гісторыі. 25 лістапада. Дзень без пакупак. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаванне. Семежаўскі парад войск БНР

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын

Дата абраная ў гонар сясцёр Мірабаля, трох палітычных актывістак з Дамініканскай Рэспублікі, якія былі па-зверску забітыя ў 1960 годзе падчас дыктатуры Рафаэля Трухільё.

Жанчыны часта становяцца ахвярамі розных відаў гвалту амаль ва ўсім свеце. Няма дзяржавы, рэгіёна або супольнасці, дзе б не было гвалту ў адносінах да жанчын. Выпадкі дыскрымінацыі і дамаганняў у дачыненні да жанчын назіраюцца паўсюль, дома або ў офісе. 

«Ёсць адна ўніверсальная ісціна, прыдатная да ўсіх краін, культур і суполак: гвалт у адносінах да жанчын ніколі не прымальны, ніколі не можа быць апраўданым, ніколі не дапускаецца», – канстатуе Генеральны сакратар Пан Гі Мун.

uniquenewsonline.com

  Дзень без пакупак (Buy Nothing Day, з 1992 года). 

Міжнародны дзень пратэсту супраць культуры спажывецтва. Ён адзначаецца на “радзіме”, у Паўночнай Амерыцы ў пятніцу пасля Дня Падзякі ў ЗША, у дзень пачатку калядных распродажаў («Чорная пятніца»), у Еўропе – на наступны дзень, у суботу.

Галоўным ініцыятарам кампаніі з’яўляецца міжнародная сетка Adbusters Media Foundation (СМІ супраць рэкламы), якая аб’ядноўвае мастакоў, пісьменнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў, прадпрымальнікаў.

Упершыню «Дзень без пакупак» адзначаўся ў Канадзе ў верасні 1992 года.

Акцыя праводзіцца ў знак пратэсту супраць звышспажывання ў развітых краінах, якое шмат у чым штучна навязваецца рэкламай, а таксама супраць няроўнага размеркавання матэрыяльных даброт у свеце. 

У гэты дзень праводзяцца тэатралізаваныя шэсці, паказы, транслююцца антырэкламныя ролікі, публікуюцца антырэкламныя аб’явы.

ki.ill.in.ua

1714 год. Нарадзіўся Тамаш Жэброўскі

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкім калегіуме, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

Памёр 18 сакавіка 1758 года.

wikimedia.org

1795 год. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаванне. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад стальца Рэчы Паспалітай на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. 

Пасля таго, як выракся стальца, жыў у Санкт-Пецярбургу.

Памёр у 1798 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны. У 1938 годзе быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, што ў цяперашнім Камянецкім раёне, у 1994 годзе ў варшаўскі кафедральны касцёл.

1908 год. нарадзіўся Анатоль Волкаў

Беларускі мастак-графік і жывапісец.

Сын Народнага мастака Валянціна Волкава, аўтара выяў герба БССР узораў 1927 і 1938 гадоў, мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

Выкладаў выяўленчае мастацтва ў Магілёве, Мінску.

Працаваў у галіне выяўленчай сатыры, кніжнай і станковай графікі, жывапісу.

Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» і «Новая зямля» Я. Коласа, некаторыя з кніг А. Куляшова, М. Багдановіча, А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Лынькова, Я. Купалы, Я. Маўра і іншых.

Сярод станковых твораў вядомы: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары», «Юныя мінчане».

Аўтар многіх жывапісных палоцен, сярод якіх «Янка Купала на адпачынку», «Першага верасня»,  серыі акварэляў, прысвечаных Мінску.

Памёр у 1985 годзе.

1911 год. Нарадзіўся Яўген Ціхановіч.  

Беларускі мастак.

Брат мастака-графіка Валянціна Ціхановіча. Быў жанаты з дачкой У. Галубка.

Аўтар дзесяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, жывапісца М. Крыжаноўскага і іншых, шматлікіх жанравых кампазіцый, сотняў графічных твораў, краявідаў, ілюстрацый да кніг.

Працаваў у галіне эстампу (у асноўным лінагравюры), майстра экслібрысу (адзін з першых увёў у гэты жанр партрэт).

Аўтар публіцыстычных артыкулаў-успамінаў, публікаваных у розных беларускіх перыядычных выданнях.

Памёр 5 ліпеня 2005 года.

1920 год. Падчас Слуцкага паўстання ў Семежаве (зараз Капыльскі раён) прайшоў парад беларускіх аддзелаў. 

Галоўным чынам былі прадстаўлены часці 2-га Грозаўскага палка 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войска Беларускай Народнай Рэспублікі. 

2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. Грозаўскі полк складаўся з двух батальёнаў. Камандзір палка – капітан Лукаш Сяменік, намеснік – капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў – капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. У палку было каля 2 тысяч чалавек. 

На фота: Лукаш Сяменік у цэнтры, server667765.nazwa.pl

1925 год. Нарадзіўся Анатоль Дзям’янаў

Беларускі скульптар і педагог. Выкладчык Мінскага мастацкага вучылішча.

Працаваў у станковай скульптуры. Сярод найбольш яго вядомых твораў: «Маладая калгасніца», «Маці», «Кубінец», «Паўночніца», партрэты Фідэля Кастра, Якуба Коласа. Работам уласцівы абагульненасць пластыкі, манументальнасць вобразнага ладу.

Памёр 6 лістапада 1972 года.

1936 год. Нарадзіўся Іван Крэнь. Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук, прафесар.

Працаваў у школах, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, у якім прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара, загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, дэкана факультэта гісторыі і культуры.

Вывучаў гісторыю грамадскіх арганізацый, населеных пунктаў Гродзеншчыны, пытанні краязнаўства. Плённа займаўся навукова-метадычным забеспячэннем курсаў гісторыі Беларусі і дапаможных гістарычных дысцыплін.

Памёр 4 мая 2014 года.

nashi-lyudi.by

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Казулін. Беларускі навуковец, палітык, грамадскі дзеяч. Палітзняволены, вязень сумлення.

Акадэмік Акадэміі адукацыі Беларусі, Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, ганаровы прафесар МДУ імя М. Ламаносава, віцэ-прэзідэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў. Кандыдат фізіка-матэматычных, доктар педагагічных навук, прафесар. Рэктар БДУ (1996-2003).

Падчас працы рэктарам БДУ выявіў сябе як рэфарматар. БДУ першым у краіне ажыццявіў пераход на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі адмыслоўцаў па ўзоры вядучых еўрапейскіх універсітэтаў. Па выніках прэзідэнтскіх выбараў 2001 года ў БДУ Лукашэнку падтрымала толькі пятая частка студэнтаў і супрацоўнікаў.

У 2005 годзе абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, стаў заснавальнікам і каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы па стварэнні Агульнанацыянальнага руху «Воля народа», быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. На выбарах паводле афіцыйных дадзеных атрымаў 2,3 % галасоў.

25 сакавіка 2006 года быў арыштаваны падчас масавых выступаў грамадзян супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды. Прызнаны «Міжнароднай Амністыяй» Вязнем сумлення.

1988 год. Загінула Яўгенія Янішчыц. Беларуская паэтэса, перакладчыца. “Самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі” (Васіль Быкаў). 

Аўтар вершаў, зборнікаў лірыкі, выбраных твораў, паэм, літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай.

Яе асобныя вершы пакладзены на музыку.

Паэтычная спадчына паэткі – адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

Цяжка і марудна папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты. Па афіцыйнай версіі, паэтка загінула трагічна: выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў.

Яе імя носіць школа ў в. Парэчча Пінскага раёна.

wikimedia.org

2019 год. У афрыканскай краіне Малі загінуў Андрэй Жук. 

Беларус, французскі ваеннаслужачы, кавалер Ордэна Ганаровага легіёна пасмяротна. 

Удзельнік міжнародных антытэрарыстычных аперацый ў Аўганістане, Гвіяне, Малі.