Кошты на ацяпленне у Клайпедзе і прыгарадзе Гарджай ў снежні застануцца лістападаўскія – заявілі ў АТ «Клайпедас энергія». Праўда, у параўнанні са снежнем 2021 года тарыфы выраслі больш чым на 50%.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
У снежні спажыўцам давядзецца плаціць у сярэднім 8,87 эўрацэнтаў/кВтч. У лістападзе паслуга абыходзілася ў 8,59 цэнта/кВтч. У Беларусі – каля 9 цэнтаў.
Прадпрыемства “Грэн Клайпеда” 60% выпрацоўваемага цяпла будзе пастаўляць у размеркавальныя сеткі для спажывання па 3,86 эўрацэнтаў/кВт, астатнюю частку – па 5,77 эўрацэнтаў/кВтч. Справа ў тым, што нядаўна ўступіла ў сілу новаўвядзенне, якое дазваляе незалежным вытворцам прапаноўваць некалькі тарыфаў.
«Клайпедас медыена» прапануе цяплаэнергію па 5,7 эўрацэнтаў/кВтч, «Клайпедас балдай» – па 5,99 эўрацэнтаў/кВтч, «Праманес энергія» па 6,09 і 6,13 эўрацэнтаў / кВтч.
Самы дарагі вытворца – біяпаліўнае прадпрыемства “Клайпедас энергія” – 6,15 эўрацэнтаў / кВтч.
“Рускі альянс” больш не будзе ўдзельнічаць у выбарах і не будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на выбарах мэра і Гарадской рады ў Клайпедзе ў сакавіку 2023 года. Пра гэта заявіла кіраўніца партыі Тамара Лаханкіна.
На пытанне, ці не ставіцца такім чынам “крыж” над “труною” партыі, адказала: “Адназначна, так!”.
Паводле яе слоў, калі 20 гадоў таму партыя стваралася, быў “іншы настрой”. «Цяпер мы адчуваем сябе крыху стомленымі, нам няма чаго прапанаваць моладзі».
Т. Лаханкіна расказала, што ў іх ніколі не было моцнага фінансавага тылу, але яны прадстаўлялі сваіх выбаршчыкаў у Гарадской радзе і радаваліся дасягнутымі мэтамі.
Па дадзеных выдання “Атвіра Клайпеда”, на рашэнне не ўдзельнічаць у муніцыпальных выбарах таксама таксама паўплывала і расійская агрэсія ва Украіне: на думку членаў партыі, у кантэксце гэтай вайны назва са словам “рускі” на выбарах можа выклікаць дадатковае напружанне. А гэтага, як яны сцвярджаюць, у нашым грамадстве зусім не трэба.
У 2021 годзе ў «Рускім альянсе» складалася 2016 чальцоў.
Акрамя гэтай партыі, больш радыкальныя рускамоўныя Клайпеды аб’яднаны вакол грамадскага выбарчага камітэта “Цітоў і справядлівасць”. В. Цітоў дапамагае Альгірдасу Палецкісу, які прызнаны судом у 2021 годзе вінаватым у шпіянажы на карысць Расіі, ствараць новую партыю. Таксама існуе грамадскі рух «Узыход Справядлівасці», які аб’ядноўвае левых радыкалаў.
Яшчэ адна арганізацыя “Рускамоўная Клайпеда – Rusakalbė Klaipėda” яшчэ вясной гэтага года заявіла, што з’яўляецца грамадскай і палітыкай не займаецца.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.