“Нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры” – выйшаў даклад ААН аб рэпрэсіях у Беларусі, якія расцэньваюцца як злачынствы супраць чалавечнасці

За сэксуалізаваным гвалтам і катаваннямі часцей за ўсё стаяць супрацоўнікі ГУБАЗіК, а работнікі КДБ спрабавалі схаваць смерць немаўляці ў турме.

15 сакавіка 2024 года Савет ААН па правах чалавека апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У дакуменце разглядаюцца як падзеі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, так і працяг рэпрэсій у наступныя гады. У папярэдняй неадрэдагаванай версіі гаворыцца аб наяўных падставах расцэньваць пераслед у Беларусі як злачынства супраць чалавечнасці – піша reform.by.

У дакладзе гаворыцца, што Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавка правяло 657 інтэрв’ю з непасрэднымі ахвярамі рэпрэсій, а высновы падмацаваныя больш чым 5 400 матэрыяламі, з якіх 2 000 матэрыялаў былі сабраныя за 2023 год.

“Органы правапарадку, пачынаючы з 2020 года і працягваючы ў 2023 годзе, прымянялі неапраўданую і неадпаведную сілу па ўсёй Беларусі. – заяўляюць аўтары дакладу – Гэтая практыка здзяйснялася беспакарана, з ухвалы і пры падтрымцы вышэйшага кіраўніцтва, і прывяла да сур’ёзных траўмаў у дзясятках выпадкаў і нават адвольнаму пазбаўленню жыцця. Беларускія ўлады не правялі расследавання ні таго, ні іншага і не ажыццявілі кампенсацыю.”

Паводле ацэнкі Упраўлення Вярхоўнага камісара, з 1 мая 2020 года больш за 5 500 чалавек, у тым ліку не менш як 55 дзяцей, былі асуджаныя ў крымінальным парадку па палітычна матываваных абвінавачаннях. З 657 апытаных з 2020 года 29% заявілі аб катаваннях і 61% – аб жорсткім абыходжанні. Некаторыя ахвяры атрымалі доўгатэрміновыя траўмы, якія нават змянілі іх жыццё. Яны ўключалі ў сябе анеўрызму, страту слыху, абмежаванне рухомасці ў плечавых, тазасцегнавых і каленных суставах, пераломы касцей рук, ног, носа і пазваночніка, а таксама пашкоджанне нерваў. А таксама такія наступствы для здароўя, як высокі ціск, хранічныя захворванні нырак, дэпрэсія, посттраўматычныя стрэсавыя растройствы (ПТСР), панічныя атакі і праблемы са сном. Большасць ахвяр – мужчыны, у тым ліку адзін чалавек з інваліднасцю.

“У некалькіх выпадках затрыманых прымушалі знаходзіцца ў балючых нязручных позах на працягу доўгага часу, а як мінімум у 2 выпадках супрацоўнікі ГУБАЗіК ледзь не задушылі затрыманых, накладваючы ім на твар маску або пакет. – гаворыцца ў дакладзе – Фізічны гвалт суправаджаўся пагрозамі, прымусам і запалохваннем, у тым ліку пагрозамі смерці, гендэрна-абумоўленага гвалту, у тым ліку сэксуальнага гвалту, нанясення шкоды членам сям’і альбо/і канфіскацыі дзяцей. Допыты доўжыліся гадзінамі і праводзіліся без адваката. УВКПЧ задакументавала, што большасць заяўленых катаванняў адбываліся ў цэнтральным апараце ГУБАЗіК у Мінску.”

Ва УВКПЧ заяўляюць аб падставах меркаваць, што беларускія сілавікі здзяйснялі згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту, уключаючы сэксуалізаваныя катаванні і прымус да агалення.

Прыводзіцца выпадак, калі ў мінскім СІЗА №1 жанчыне было адмоўлена ў акушэрскай дапамозе, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы і бачнае развіццё яе цяжарнасці.

“Следчыя КДБ спасылаліся на цяжарнасць, каб аказаць на яе ціск, і адправілі яе з пагрозамі смерці ў ізалятар без вентыляцыі. Яна паведаміла, што страціла прытомнасць і ёй далі лекі, пасля чаго адвялі назад у яе звычайную камеру. У тую ж ноч, на шостым месяцы цяжарнасці і без якой-небудзь медыцынскай дапамогі, яна нарадзіла мёртвага хлопчыка ў сваёй камеры. Ёй адмовілі ў афіцыйным пацверджанні цяжарнасці ці мёртванароджанні і пагражалі, каб яна маўчала.” — гаворыцца ў дакладзе.

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters