Следчыя заявілі, што Пуцін мог асабіста ўхваліць дастаўку ракетнага комплексу БУК, які збіў самалёт MH17 над Данбасам, але яго немагчыма абвінаваціць з-за міжнароднага імунітэту.
Як паведаміла BBC, праз два з паловай месяцы пасля таго, як завяршыўся суд над абвінавачванымі па справе MH17, следчая група абвясціла, што зрабіла ўсё магчымае, каб усталяваць іншых падазраваных, але больш не можа нікому афіцыйна прад’явіць абвінавачванне.
У пачатку прэс-канферэнцыі прадстаўнікі аб’яднанай следчай групы заявілі, што ўсе магчымыя версіі былі старанна вывучаны, што следчыя зрабілі ўсё магчымае, каб усталяваць праўду, але атрыманых вынікаў недастаткова, каб прад’явіць абвінавачванні ў дачыненні да іншых магчымых удзельнікаў.
У той жа час, следчыя прадэманстравалі ўлікі, у тым ліку тэлефонныя перахопы, якія сведчаць, што Уладзімір Пуцін браў асабісты і непасрэдны ўдзел у тым, што адбывалася на Данбасе. Але Нідэрланды не могуць расследаваць яго ролю, бо ў прэзідэнта ёсць імунітэт у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам да таго часу, пакуль ён застаецца прэзідэнтам.
Для таго, каб пацвердзіць тэзіс аб адказнасці Пуціна, былі прадстаўлены дзве перахопленыя тэлефонныя размовы з удзелам памочніка кіраўніка Крыма (Крым быў далучаны Расіяй у 2014 годзе) Сяргея Аксёнава 8 ліпеня 2014 года. У абедзвюх размовах чыноўнік неаднаразова кажа, што рашэнне адправіць Бук у Данбас прымае “ніякі [не] генерал, не міністр абароны”, а толькі “самая першая асоба”. Паведамляецца, што гэтыя размовы адбыліся яшчэ да таго, як Boeing быў збіты.
На прэс-канферэнцыі таксама быў агучаны запіс размовы Пуціна з кіраўніком самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі Ігарам Платніцкім у лістападзе 2017 года. Размова відавочна паказвае, як Расія і асабіста Ўладзімір Пуцін удзельнічалі ў дзеяннях сепаратыстаў у Данбасе.
Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў ужо выклікала расійскі пасла з-за доказаў удзелу Пуціна ў катастрофе MH17. Аднак прэм’ер-міністр Нідэрландаў адмовіўся адпраўляць расійскага пасла з краіны, паколькі ён лічыць важным “захаваць адкрытыя лініі з Крамлем”.
Фота з адкрытых крыніц.