Махляры здаюць “райскі домік” пасярод распаханага поля пад Асіповічамі, і іх бізнэс толькі квітнее

Больш за 6 000 карыстальнікаў Instagram падпісаліся на фэйкавую старонку і спрабуюць зняць у арэнду казачны лясны домік усяго ў ста кіламетрах ад Мінска.

Інтрыгоўную аб’яву пра арэнду доміка house_on_dream у інстаграме заўважылі супрацоўнікі газеты “Асіповіцкі край”. На маляўнічых фотаздымках – незвычайны па архітэктуры домік патанае ў засені агромністых ялін. “Што можа быць лепш за адпачынак на тэрасе на дрэве сярод лесу?” – вабіць подпіс пад фотаздымкам. Як высветлілася на месцы, пазначаным на старонцы праз геатэг, насамрэч людзям прадаецца адпачынак пасярод распаханага поля – ні доміка, ні лесу там, канечне ж, няма.

Фотакалаж: газета “Асіповіцкі край”

Мясцовыя жыхары, што жывуць у бліжэйшай вёсцы Млынкі, налічылі ўжо штук дваццаць кампаній, у асноўным з Мінску, што купіліся на фотаздымкі ў інстаграме, паехалі на рамантычны адпачынак і аказаліся ў Асіповіцкім раёне пасярод голага поля. Звычайна стваральнікі акаўнта патрабуюць ад карыстальнікаў перадаплаты ў 170 рублёў – гэта палова кошту, заяўленага за арэнду на суткі. Далей, вядома ж, на сувязь ужо ніхто не выходзіць. Адметная рыса гэтай і ўсіх падобных махлярскіх схем заключаецца ў тым, што ўсе кантакты з кліентамі праходзяць толькі праз мэсенджары, а ад размоў праз звычайны тэлефон уласнікі “бізнэса” катэгарычна адмаўляюцца.

Нягледзячы на тое, што першых падманутых карыстальнікаў фэйкавая старонка прыцягнула яшчэ на Новы 2023 год, яна дагэтуль актыўная ў інстаграме, мае больш за 6 000 падпісчыкаў і працягвае збіраць “ураджай”.

Фота: house_on_dream, Instagram