“Kronospan” сышоў з Беларусі. Ён даваў 30% вытворчасці Магілёўскага раёна

З Беларусі сышоў адзін з буйнейшых інвестараў у эканоміку краіны. Агульны аб’ём інвестыцый прадпрыемства “Kronospan” ў яе ацэньваецца ў мільярд даляраў.

Пра ціхі сыход сумеснага аўстра-беларускага прадпрыемства “Kronospan” паведаміла выданне Office Life. Паводле інфармацыі рэсурса, яшчэ ў пачатку восені кампанія пазбавілася ад сваіх беларускіх актываў. Усе прадпрыемствы “Kronospan” былі прададзеныя эмірацкаму фонду Causa Foundation. 

Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы “Kronospan” у Беларусі, правялі рэбрэндынг. Прадпрыемствамі ў Смаргоні цяпер кіруюць кампаніі “Ультрадэкор”, “Ультрадэкор Прапертыз” і “Ультрадэкор НТ”, у Віцебску – “Ультрабілд”, пад Магілёвам – “Ультрабілд Стыл” і “УльтраПлай ОСБ”. Перайменаваны і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.

У 2022 годзе mogilev.media паведамлялі, што з-за санкцый эканоміка Магілёўшчына “прасела”. Гаспадарка трымалася па сутнасці на двух замежных прадпрыемствах – аўстра-беларускім прадпрыемстве “Kronospan” і літоўска-беларускім “ВМГ Індастры”. Сумарна гэтыя дзве кампаніі забяспечвалі 55% прамысловай вытворчасці ў Магілёўскім раёне. Вытворчасць “Kronospana” складала пры гэтым 30,7%, “ВМГ Індастры” – 23,3%. Апошняя кампанія 1 чэрвеня 2022 года прыпыніла сваю дзейнасць у Беларусі.

Фота: mogilev.media