Халодна, потым цёпла, потым зноў халодна – прагноз надвор’я на наступны тыдзень

На наступным тыдні тэмпература паветра, як прагназуюць сіноптыкі, будзе крыху вышэйшай за кліматычную норму. З-за пацяплення жыхароў Магілёўшчыны чакаюць туманы і вільготнасць да 90 працэнтаў, на небе ў асноўным будзе воблачна.

У панядзелак чакаецца снег і мокры снег, месцамі слабы туман і галалёд, на асобных участках дарог – галалёдзіца. Часам чакаецца моцны парывісты вецер. Уначы ў панядзелак ад -9°С, днём -4.

У аўторак таксама прагназуецца снег і мокры снег. Тэмпература паветра крыху павысіцца – мінус 3°С ноччу і плюсавая тэмпература днём.

У сераду днём зноў пройдзе мокры снег з дажджом, прычым у гэты час сутак ападкі будуць моцнымі. Месцамі – галалёд і галалёдзіца. Уначы 0, днём +2°С.

Папярэдне ў чацвер на большай частцы Беларусі, а ў пятніцу – па ўсёй Магілёўшчыне пройдзе снег, мокры снег. Уначы ў чацвер каля +1°C, днём +2. У пятніцу чакаецца -2 ноччу. і -1°С днём.

У наступныя выходныя зноў пахаладае, магчыма, пройдзе кароткачасовы снег. Уначы ў суботу -6°С, у сярэдзіне дня да -3, у нядзелю – ад -10 да -5 марозу.