Горацкая сельгасакадэмія апратэставала артыкул незалежнага СМІ пра п’янства яе студэнтаў

Навучэнцы акадэміі п’юць па вечарах на беразе ракі Аршанкі, ламаюць таблічкі і разносяць клумбы – суд пастанавіў абвергнуць гэтую інфармацыю.

Артыкул пра праблемы на адным з самых папулярных пляжаў у Горках выйшаў на старонках незалежнага медыярэсурса horki.info гэтым летам. У матэрыяле пад назвай “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” журналісты рэгіянальнага СМІ далі слова старшаму матросу-выратавальніку Сяргею Кажэка. Ён эмацыйна распавёў выданню пра асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаецца выратавальная служба падчас працы на месцах адпачынку.

Сярод іншага, Сяргей Кажэка выказаўся пра паводзіны маладых людзей, якіх ён ідэнтыфікаваў як студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі. Прыводзім урывак з абскарджанага матэрыялу з захаваннем мовы і правапісу арыгіналу.

“…самая большая проблема – это студенты. – заявіў выратавальнік Сяргей Кажэка – Они частенько устраивают на берегу пивной бар. На замечания реагируют безразличием, и это в лучшем случае. Чаще вступают в дискуссию, “качают права”, могут даже отправить по известному адресу… Как правило, они приходят ближе к девяти вечера, пьют, едят, развлекаются. По утрам после таких компаний матросы находят на берегу сломанные таблички, мусор, женские туфли, белье. За прошлую неделю они выкопали и сожгли прямо на пляже ограждение наших клумб из автопокрышек. Свернули набок козырек беседки. Пытались вытянуть и передвинуть подальше ограничительные буйки в воде. …ректорат по воспитательной работе нашей академии – займитесь своими студентами. Держать их в рамках просто уже нет сил…”

У адказ на гэтую публікацыю адміністрацыя ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія” падала ў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці позву аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Горацкі суд вынес рашэнне “прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і якія ганяць дзелавую рэпутацыю ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія”” звесткі з матэрыяла horki.info. Адпаведны артыкул незалежнае СМІ размясціла на сваім сайце, а публікацыю “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” адрэдагавала, прыбраўшы адтуль пасаж выратавальніка пра студэнтаў.


horki.info – гэта незалежны рэгіянальны рэсурс, які асвятляе навіны Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Горацкай сельгасакадэміі. Сайт працуе з 2007 года, а таксама журналісты партала выдаюць папяровую версію, газету “УзГорак”, якая вольна прадаецца ў паштовых аддзяленнях рэгіёна.


Фота: horki.info