Гэты дзень у гісторыі: 14 красавіка

14 красавіка Міжнародны дзень рэк. У Беларусі каля 21 тысячы рэк.

14 красавіка 1282 да н.э. паводле Бібліі ад гуку труб абрынуліся муры Іерыхона.

14 красавіка 1101 года памёр князь полацкі (1044-1068, 1071-1101), вялікі князь кіеўскі (1068-1069) Усяслаў Брачыслававіч Чарадзей (1029-1101), пры якім быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, адзін з герояў «Слова пра паход Ігараў» і ўсходнеславянскага фальклору. Княжыў 54 гады— самы працяглы перыяд кіравання дзяржавай у гісторыі Беларусі.

14 красавіка 1347 года ў Вільні павешаны Антон (Кругляц), адзін з трох праваслаўных пакутнікаў (Антон, Іван, Яўстах), выхадцаў з беларускіх зямель, з дворскай дружыны князя Альгерда.

14 красавіка 1432 года пачаў валадарыць Жыгімонт Кейстутавіч (1365-1440), вялікі князь літоўскі, брат Вітаўта.

14 красавіка 1570 года лютэране, кальвіністы і мараўскія браты (гусіты) Рэчы Паспалітай заключылі Сандамірскае пагадненне.

14 красавіка 1669 года згодна з Андрусаўскім замірэннем Масква мусіла вярнуць Кіеў Рэчы Паспалітай, але маскавіты адмовіліся прытрымлівацца дамовы.

14 красавіка 1885 года нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі (1885- 1938), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог, сябра Рады БНР, Аўтар музыкі на словы М. Багдановіча «Зорка Венера». Рэпрэсаваны.

14 красавіка 1900 года ў Парыжы пачалася Сусветная выстава. Як і раней, на ёй былі прадстаўлены беларускія дасягненні. Графіня Патоцкая за калекцыю якаснага насення атрымала Гран-пры. Начальнік Палескіх чыгунак С. Міхін прадставіў палепшаныя вагоны, асабістую дрэзіну, пнеўмапад’ёмнікі, пнеўмабур. Гран-пры атрымаў начальнік тэлеграфа Палескіх чыгунак Андэрс за свой электрычны семафорапаўтарыцель. Натоўпы стаялі каля пудзіла белавежскага зубра. Залатую медаль прывёз у Горкі мясцовы аптэкар Казімір Паздзерскі за вынайдзены ім цуда-крэм ад вяснушак, за якім утвараліся чэргі ў аптэках не толькі Магілёўшчыны, але і па ўсёй Еўропе.

14 красавіка 1910 года ў в. Стары Дзедзін (зараз Клімавіцкі раён) нарадзіўся Алесь Пруднікаў (1910-1941), беларускі паэт, стрыечны брат пісьменніка Паўла Пруднікава.

14 красавіка 1918 года на з’ездзе саветаў заходніх губерняў Расіі прынята рашэнне аб стварэнні Заходняй вобласці ў складзе Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў з цэнтрам у Смаленску. З’езд адмовіўся прызнаць права беларускага народа на самавызначэнне.

14 красавіка 1923 года ў Вільні скончыўся з’езд педагогаў беларускіх гімназій.

14 красавіка 1941 года ў г. Лідзе нарадзілася Поля Ракса, польская актрыса, Маруся-“Аганёк” у серыяле (1966-1970) “Чатыры танкісты і сабака”.

14 красавіка 1988 года ў Варшаве  адбыўся заснавальніцкі сход Беларускага аб’яднання беларускіх студэнтаў.

14 красавіка 1988 года падпісаны Жэнеўскія дамовы аб палітычным урэгуляванні вакол Аўганістана паміж СССР, ЗША, Аўганістанам і Пакістанам.

14 красавіка 2021 года памёр пісьменнік і педагог Анатоль Клышка (1935-2021), аўтар “Буквара” (1969, перапрацоўка 1997), які выкарыстоўваўся ў школах да 2021/2022 нав. года.