Праблемы з пакункамі TetraPak дабраліся і да «Малочных горак». Гэта прадпрыемства знаходзіцца ў райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне.
Мясцовыя спажыўцы малочнай прадукцыі звярнулі ўвагу, што ў пакунках, прызначаных для малака разлітыя вяршкі 10-працэнтнай тлустасці. Тое ўдакладняла налепка.
Сама ж упакоўка была не з «Малочных горак», а «Малочнага гасцінца», прадпрыемства з Мачулішчаў Мінскай вобласці. Акрамя расейскай мовы на этыкетках меўся надпіс на кітайскай мове, паведамляе рэсурс Horki.info.
Праблемы з упакоўкай днямі прызнаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.
«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – запэўніваў ён.
Раней беларускую прадукцыю з кітайскай мовай на этыкетках прадавалі ў Магілёве і Бабруйску. У тамтэйшыя крамы малако пастаўляла акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка», пісаў Магілёў.media.
Яе прадстаўнікі тлумачылі, што ў продаж прадукцыя з кітайскай мовай трапіла, бо прадпрыемства збіралася супрацоўнічаць з Кітаем.
У верхніх радках – кіраўнікі ды начальнікі, але ёсць прыстойныя зарплаты і для сапраўдных рабацяг.
У Магілёве на актуальны момант больш за 2 200 вакансій на рынку працы для шараговых суіскальнікаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў вольных месцаў прапануюцца мэтанакіравана інвалідам і пенсіянерам.
Самы вялікі заробак – 2 397 рублёў – абяцаюць на прадпрыемства «Ольса» на пасадзе начальніка цэху. Кар’ернае абмежаванне толькі адно – патрэбна вышэйшая адукацыя. «Ольса», між іншым, адзін з лідараў па «паталкам» зарплат для розных катэгорый працаўнікоў. Майстар, напрыклад, тут можа атрымліваць 1 410 рублёў, а слесар-сантэхнік 1 242, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у гэтых прафесіях на рынку працы.
Яшчэ адзін лідар па ўзроўні прапанаваных зарплат – домабудаўнічы камбінат. Працаўнікам тут прапануюць 1 200 – 1 400 рублёў, а маляру наагул 1 500.
Другі радок па ўзроўню зарплаты належыць заводу «Чырвоны металіст». Кіраўнік на гэтым прадпрыемстве можа разлічваць на 2 000 рублёў. Трэці радок дзеляць прадстаўнікі таксама кіроўных пасад – кіраўнік у структуры «Жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці» і начальнік цэху на «Магілёўдрэве». Ім прапануюць па 1 800 рублёў.
Бліжэй за ўсіх да кіроўных пасадаў па ўзроўню зарплат сярод звычайных рабацяг падбіраюцца супрацоўнікі «Беларускай чыгункі». Машыніст дызель-электрапоезда можа разлічваць на 1 750 рублёў, а машыніст цеплавоза – на 1 600.
Міністр прамысловасці Пётр Пархомчык наракае, што ў Беларусі бракуе заходніх камплектуючых і таму «даводзіцца ствараць свой аўтамабіль».
«Нам патрэбны свае масты, патрэбна свая каробка перадач, патрэбен свой рухавік. Але змарнаваны час. Спадзяваліся, што ў свеце ўсё будзе так, як было, – апісвае сітуацыю ўрадовец у інтэрв’ю тэлеканалу «СТВ»
«Мы паспадзяваліся на міжнародную кааперацыю і ўвесь свет жыве міжнароднай кааперацыяй. – працягвае ён – Цяпер даводзіцца ствараць свой аўтамабіль. Мы абмяркоўваем гэтую праблему, ёсць даручэнні Лукашэнкі».
Раней Пётр Пархомчык прызнаваў, што беларускі вытворца аўтамабіляў Geely адчувае пэўныя цяжкасці з-за еўрапейскіх санкцый. Наракаў на кітайскіх партнёраў, якія не хочуць пастаўляць неабходныя для беларускага легкавіка машынакамплекты, паведамляла БелТА.
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч
13 месяцаў праваабаронцаў утрымліваюць за кратамі. Усе трое праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі.
Іх зняволілі 14 ліпеня 2021 году і выставілі абвінавачванне ў «нясплаце падаткаў у буйным памеры».
Днямі Алесь Бяляцкі даслаў вестку з няволі.
«У мяне ўсё з большага нармальна. Здароўе – больш-менш. Цяпер – лета, шчабечуць стрыжы, іх тут, аказваецца, у горадзе, багата. Гагочуць чайкі, бо Свіслач недалёка. Так што і тут адчуваецца жыццё прыроды. Лета сёлета было негарачае, дый мабыць ужо і не будзе спёкі. Вось такія ў мяне навіны», напісаў ён.
Пра тое стала вядома з допісу жонцы Марыне Адамовіч. Паводле яе за паўтара месяца ад мужа атрымала адразу два лісты.
Яна кажа, што яго кінулі ў адзіночку 5 жніўня у якасці пакарання.
Мікалая Статкевіча арыштавалі 30 траўня 2020 года і асудзілі па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў асаблівага рэжыму. У чэрвені 2022 году яго перавялі з гомельскага СІЗА ў Глыбоцкую калонію.
Яўген Кіслейка.
Паводле праваабаронцаў, пераводзяць з «хіміі» у папраўчую калонію.
Да этапавання туды яго будуць утрымліваць у мінскім СІЗА №1.
35-гадовы Кіслейка адбываў пакаранне ў сталічнай папраўчай установе адкрытага тыпу № 36, куды прыбыў 9 верасня 2021 года.
Яму прысудзілі паўтары гады абмежавання волі за крытычны каментар на адрас кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Івана Кубракова. У допісе ўгледзелі «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Чыгуначнікі выпытваюць, на якой мове мэтазгодна размяшчаць інфармацыю на квітках і агучваць абвесткі ў цягніках, што курсуюць па Беларусі. Гэтыя пытанні пазначаныя, як абавязковыя для тых, хто вырашыць удзельнічаць у анкетаванні.
Анкетаванне прымеркаванае да Адзінага дня пасажыраў, які адзначаецца 30 чэрвеня, але яно даступнае на сайце арганізацыі дагэтуль. Акрамя мовы чыгуначнікаў цікавіць, чаму жыхары краіны аддаюць перавагу чыгунцы.
Пытанне пра пашырэнне беларускай мовы на чыгунцы – даўняя тэма грамадскага інтарэсу. Летам 2020 года петыцыя аб мове на квітках сабрала амаль паўтары тысячы падпісантаў, аднак кіраўніцтва Беларускай чыгункі не падтрымала ініцыятывы, спаслаўшыся на тэхнічныя праблемы.
«Афармленне квіткоў у рэгіянальным бізнес-класе, міжрэгіянальным і міжнародным спалучэннях на беларускай мове дазволена, але ў цяперашні час тэхнічна немагчыма» – гаварылася ў адказе Беларускай чыгункі.
У 2021 годзе дзейнае тады яшчэ Таварыства беларускай мовы адзначыла, тым не менш, што нацыянальнай мовы беларусаў на чыгунцы паболела.
Паводле няўрадавай арганізацыі чыгуначнікі ўвялі новыя тыпавыя тэксты інфармавання пасажыраў на вакзалах і прыпыначных пунктах. Кіраўнікі аддзяленняў чыгункі меліся забяспечыць з 1 красавіка 2021 года трансляцыю абвестак на ўсіх станцыях і прыпынках па-беларуску: як на рэгіянальных, так і на міжрэгіянальных лініях.
Цяпер жа, як бачна з тэксту актуальнай анкеты – на якую вы можаце патрапіць, клікнуўшы па спасылцы – Беларуская чыгунка гатовая прыслухацца да меркавання пасажыраў што да моўнага пытання.
Свята маку і мёду. Традыцыйна ў гэты дзень праводзілі абрады з макам. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнікі. Елі пірагі з макам і моркваю, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць.
Пачатак Успенскага паста і канец лета.
988 года. Меркаванні хрышчэнне радзімічаў у Блакітнай крыніцы.
Радзімічы – старажытнабеларускае этнапалітычнае аб’яднанне. Насялялі абшар басейну ракі Сож: усходняя частка Гомельскай, захад Бранскай і прылеглыя раёны Магілёўскай абласцей. Радзімы разам з крывічамі і дрыгавічамі сталі асноваю для фармаваньня беларускага этнасу.
Блакітная крыніца – гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння. Месціцца пад Слаўгарадам (да 1945 – Прапойск). Вада ў крыніцы лічыцца гаючай, багатай на мікраэлементы. У народзе шмат гавораць пра выпадкі цудоўнага ацалення дзякуючы ёй. Штогод у гэты дзень адбываецца набажэнства і хрышчэнне ўсіх ахвотных.
1385 год. Падпісаная Крэўская Унія.
Дынастычны саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, згодна з якім вялікі князь ВКЛ Ягайла ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і стаў польскім каралём.
Падзея адбывалася ў мястэчку Крэва.
Унія ўзмацніла Вялікае Княства Літоўскае ў барацьбе з Тэўтонскім Ордэнам на захадзе, з крымскімі татарамі на поўдні, Масковіяй на ўсходзе.
1928 год. Прэм’ера фільму «Кастусь Каліноўскі».
Падзея адбылася ў Мінску.
Стужка знятая рэжысёрам Уладзімір Гардзіным на «Белдзяржкіно».
У апошняй сцэне, перад смерцю на эшафоце Кастусь Каліноўскі звяртаецца да беларусаў: «Чуеш, Беларусь! Веру – будзе вольная Беларусь працоўных, рабочых і сялян!» «Чуем!» – гучыць у адказ.
Фільм паказалі незадоўга да масавых рэпрэсіяў і згортвання савецкай беларусізацыі.
1959 год. Памёр Эдуард Будзька.
Грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.
Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.
1971 год. Загінуў у аўтакатастрофе Канстанцін Юхневіч.
Грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст.
Руплівец беларушчыны ў Заходняй Беларусі, адзін з кіраўнікоў Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Рэпрэсаваны польскімі і савецкімі ўладамі. Два месяцы правёў у Лукішскай турме ў Вільні.
2015 год. Памёр Сяргей Журавель.
Актор тэатру і кіно.
Працаваў у тэатрах юнага гледача, моладзевым, Купалаўскім, мастацкім кіраўніком «Нікаля-тэатр», «Альфа радыё», вядоўцам дакументальнага серыялу «Лёс чалавека» на тэлеканале «Лад».
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Аляксандр Марушкевіч
Асуджаны на два гады «хатняй хіміі».
Паводле праваабаронцаў, падставай для крымінальнага пераследу стаўся рэпост, які абвінавачванне расцаніла, як «абразу прэзідэнта».
Аляксандр Васільеў
Паводле праваабаронцаў, падставай для затрымання дырэктара студыі дызайну стала друкаванне ім налепак з арнаментам і Пагоняю.
Такая прадукцыя расцэненая сілавікамі, пішуць праваабаронцы, як «пратэстная сімволіка».
Васільева затрымлівалі падчас пратэсту 8 лістапада 2020 году і прысудзілі дзесяць дзён арышту. Адбываў яго ў Жодзіне.
Дзяніс Янцэвіч
Праваабаронцы даведаліся пра яго затрыманне з праўладных тэлеграм-каналаў.
На «пакаяльным відэа», пішуць яны, Янцэвіч «прызнаецца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах, абразах супрацоўнікаў міліцыі ў Telegram-каналах і рэгістрацыі ў плане «Перамога».
Святлана Герасімовіч
Яна маці спявачкі Рыты Дакоты, якая ў 2020 годзе падтрымала пратэсты і адрасавала Лукашэнку песню «Уходи».
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што Герасімовіч была «удзельніцай масавых беспарадкаў, падтрымлівала “нацысцкі ўкраінскі рэжым”, займалася кібербулінгам».
Донца гаршка з гербам князя Ізяслава знойдзенае на раскопках мінскага гарадзішча. Пра сенсацыйную знаходкі паведаміў стваральнік музею Стары Менск» Глеб Лабадзенка.
У Фэйсбуку ён напісаў што аналагаў такому артэфакту няма.
“Сенсацыя на раскопках у Старым Менску – знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава – то бок, гэта канец Х – пачатак ХІ ст., аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!”
“Што яна можа значыць, трошку пазней у каментары археолага” – паведаміў Глеб Ладзенка і запрасіў – “тэрмінова ў музей Стары Менск – бліжэйшыя дні знаходка выстаўленая для агляду турыстаў!”
Ізяслаў – сын Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча, дзед полацкага князя Усяслава Чарадзея, які кіраваў у Ізяслаўлі (цяпер Заслаўе), куды была адаслана Рагнеда. Трызуб Ізяслава стаў гербам Заслаўя.
Эколагі ведаюць, што насамрэч мёртвая драўніна – жывая. Гэта спажыўнае асяроддзе для казурак, грыбоў, міксаміцэтаў, імхоў, лішайнікаў. Гэтыя стварэнні абавязаныя свайму нараджэнню аджылым век дрэвам.
Прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» апублікавала серыю фотаздымкаў з «фантастычнымі» насельнікамі «аджылага лесу».
«Сярод насельнікаў загінулых дрэваў сустракаюцца сапраўды дзіўныя істоты. Трэба толькі ўважліва прыгледзецца да навакольнай дзікай прыроды – і тады адкрыецца проста дзіўнай прыгажосці свет», – адзначана на сайце ўстановы.
У лесе памерлыя дрэвы знаходзяцца на розных стадыях раскладання – ад тых, што толькі заваліліся да амаль ператвораных у пацяруху, цалкам паглынутых пластом імхоў і лішайнікаў.
Белгідрамет піша аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве. Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. 13 жніўня ў многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30 +31°С.
У Магілёве спёка сягне 31 градусу. Сіноптыкі прагназуюць пераменную воблачнасць. Верагоднасць ападкаў 5-10 працэнтаў. Вецер паўночна-ўсходні, 4-9 м/с.
На ўсялякі выпадак – парады, што трэба рабіць у спякотнае надвор’е. Лішнім не будзе, як прачытаеце. Клікніце па спасылцы. Беражыце сябе.