Вось якія маркі цыгарэт падаражэюць з 1 кастрычніка

У Беларусі з 1 кастрычніка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах.

На 20-45 капеек падаражэюць некаторыя віды цыгарэт Магнат, Мінск, Прэм’ер, Фэст, Dove, Credo, NZ, Queen, Matrix, portal, Pall Mall, Rigins, Kent, Vogue, Rothmans, RB ад Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”.

“Тытунь-інвест” павышае цэны на 5-40 капеек на некаторыя віды цыгарэт Mac, Карона, Форт, Kalipso, LD, Pall Mall, Camel, Richmond, Kent, Rothmans, Vogue, Lucky Strike.

У «Інтэр-Табака» на 40-45 капеек даражэюць некаторыя віды цыгарэт Dove і Red Bor.

Фота з адкрытых крыніц

Туркменскія студэнты ў Беларусі аказаліся масава ўцягнутымі ў кантрабанду людзей – СМІ

Туркменскае выданне turkmen.news сцвярджае, што студэнты з Туркменістана ўцягнутыя ў пераправу выхадцаў з Сярэдняй Азіі ў краіны Еўрасаюзу і мігранцкі крызіс на мяжы. Адзін з затрыманых і дэпартаваных туркменаў вучыўся ў сельгасакадэміі ў Горках. 

Дзесяткі маладых хлопцаў і дзяўчат з Туркменістана за грошы незаконна пераводзяць у Польшчу жыхароў краін Блізкага Усходу – піша выданне. Студэнтаў ловяць беларускія памежнікі, іх штрафуюць і дэпартуюць на радзіму, а некаторыя атрымліваюць турэмныя тэрміны. Сітуацыя аказалася настолькі сур’ёзнай, што намеснік міністра адукацыі Беларусі разаслаў у ВНУ ліст з патрабаваннем сачыць за навучэнцамі з Туркменістана. Копія ліста патрапіла ў распараджэнне turkmen.news.

Фота: turkmen.news

Дакумент, падпісаны намеснікам міністра Аляксандрам Бахановічам, паступіў у беларускія ВНУ ў верасні. У ім гаворыцца аб шматлікіх выпадках затрымання студэнтаў і выпускнікоў з Туркменістана ў межах памежнай паласы, у тым ліку ў той час, калі ў ВНУ праходзяць заняткі. Бахановіч патрабуе, каб кіраўніцтва ВНУ не дапускала пропускі заняткаў і ўзмацніла прафілактычную працу з замежнымі студэнтамі.

Паводле інфармацыі крыніцы turkmen.news у кіраўніцтве адной з ВНУ Беларусі, туркменскія студэнты ўцягнуты ў дзейнасць міжнароднай мафіі. Праз Беларусь у Польшчу, а потым у заходнюю Еўропу незаконна трапляюць грамадзяне Ірака, Лівіі, Йемена, Егіпта, Сірыі, Афганістана і іншых краін. Іх праваднікамі праз мяжу і з’яўляюцца туркменскія студэнты.

Яны на машыне давозяць групы замежнікаў да мяжы з Польшчай. Гэтая краіна Еўразвяза ў апошні час моцна ўмацавала сваю мяжу, пабудаваўшы сцяну, аднак кантрабандысты робяць пад ёй падкопы. Туркмены пераводзяць нелегальных мігрантаў на польскі бок і саджаюць іх у машыну саўдзельнікаў. Потым яны фатаграфуюць сваіх падапечных у доказ выкананай працы, вяртаюцца ў Мінск ці Брэст і атрымліваюць 3-4 тысячы долараў. Грошы за працу ім выплачвае нейкі грамадзянін, этнічны курд – сцвярджае выданне.

«Туркменскія студэнты аказваюцца ўцягнутымі ў гэта не ад безвыходнасці – падкрэслівае крыніца turkmen.news – Працы ў Беларусі шмат, яны могуць уладкавацца ў кафэ або таксістамі. Але іх прываблівае менавіта магчымасць зарабіць хутка і адразу шмат. Некаторыя студэнты гуляюць у азартныя гульні і маюць буйныя даўгі».

У звароце Бахановіча прыводзяцца прыклады затрыманняў і крымінальных спраў. У сакавіку 2023 года пры незаконным пераводзе праз мяжу васьмярых грамадзян Індыі быў затрыманы грамадзянін Туркменістана, студэнт чацвёртага курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута (МГЭІ) Наўруз Рэджэпаў. У ліпені яго прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі. У маі пры арганізацыі нелегальнай міграцыі дзесяцёх егіпцян былі злоўлены яшчэ двое студэнтаў той жа ВНУ – Керым Аламаў і Сапагельды Аладжанаў. У жніўні ім далі па 4,5 гады пазбаўлення волі.

Таксама ў звароце намесніка міністра адукацыі пералічваюцца грамадзяне Туркменістана, якіх пасля затрымання на мяжы аштрафавалі і дэпартавалі ў адміністрацыйным парадку. Сярод іх – студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Палван Анамаў. Адзначым, што ў спісе затрыманых і дэпартаваных студэнтаў адсутнічаюць студэнты ці выпускнікі Беларуска-Расійскага універсітэта, дзе навучаюцца вялікія групы туркмен.

Turkmen.news  падкрэслівае, што большасць туркменскіх студэнтаў усё ж працуюць у Беларусі і іншых краінах больш-менш легальна. Яны не могуць не працаваць, бо ўлады Туркменістана рэзка абмяжоўваюць аб’ём грошай, якія бацькі маюць права канвертаваць для адпраўкі дзецям за мяжу. Часта маладыя людзі і дзяўчаты вымушаны згаджацца на брудную і цяжкую працу.

Фота: gstu.by

Для беларусаў тавары на Wildberries і Ozon абкладаюцца двайным падаткам

Тавары, якія прадаюцца на буйных расійскіх пляцоўках Ozon і Wildberries, двойчы абкладаюцца падаткам на дададзеную вартасць пры продажы ў Беларусь – паведаміў дырэктар Ozon па аперацыях і развіццю ў СНД Аляксей Сапон 21 верасня на форуме ў Мінску. 

Паводле слоў Аляксея Сапона, гэта праблема па-ранейшаму актуальная, і яе абмеркаванне адбываецца не толькі на лакальным узроўні, але і сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Аднак на якім этапе знаходзіцца рашэнне гэтага пытання, прадстаўнік Ozon не змог адказаць.

Раней праводзілася сустрэча прадстаўніка Ozon з кіраўніком МАРГ Беларусі Аляксеем Багданавым. На ёй узнімалася тэма зменаў у беларускім заканадаўстве, якія замацуюць статус маркетплейсаў у Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна заяўляла, што зараз ужо існуе канцэптуальна ўхваленая рэдакцыя паправак у Дамову аб ЕАЭС. Магчыма, гэтыя змены пазбавяць маркетплэйсы ад падвойнага падаткаабкладання – пішуць “Беларусы і рынак”.

Фота з адкрытых крыніц

Заўтра – дзень без аўтамабіля

22 верасня ва ўсім свеце праводзіцца штогадовая акцыя – Сусветны дзень без аўтамабіля. Гэта міжнародная падзея, якая заклікае адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля хаця б на адзін дзень. ДАІ Магілёўскага РАУС адзначае, што мэта акцыі – скараціць колькасць аўтамашын на вуліцах і дарогах і падтрымаць іншыя віды ўстойлівага транспарту, уключаючы грамадскі і веласіпедны транспарт.

Лепшы спосаб адзначыць Сусветны дзень без аўтамабіля – проста не карыстацца сваім аўтатранспартам, заўважаюць спецыялісты. Калі вам трэба кудысьці пайсці, прагуляйцеся ці пракаціцеся на ровары. Калі ў вас ёсць электрасамакат, выкарыстоўвайце яго. Або ж проста скарыстайцеся грамадскім транспартам.

Для матывацыі аўтамабілістаў перасесці на грамадскі транспарт, у Мінску аб’явілі бясплатны праезд для аўтааматараў 22 верасня ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях і метро пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы. Пра падобную ініцыятыву ў гарадах Магілёўшчыны не паведамлялася.

Фота: mogilev.media

Заўтра праваслаўныя вернікі будуць адзначаць Свята Нараджэння Маці Божай

У адпаведнасці з вучэннем царквы, нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы – маці Ісуса Хрыста – не было падзеяй выпадковай і звычайнай, паколькі ёй была адведзена важная роля ў ажыццяўленні боскага плана выратавання чалавецтва. Старажытная традыцыя хрысціянскай Царквы разглядае многія старазапаветныя прароцтвы і правобразы як указанне на нараджэнне Багародзіцы.

У Новым Запавеце змяшчаюцца вельмі бедныя звесткі аб зямным жыцці Прасвятой Багародзіцы, і, у прыватнасці, нічога не сказана пра нараджэнне і бацькоў Дзевы Марыі. Пра падзею, у гонар якой устаноўлена святкаванне, вядома з апакрыфічнага Протаевангелля Якава IІ-га стагоддзя нашай эры. 

Паводле апавядання, у набожнай сямейнай пары з Іерусаліма – Іаакіма і Ганны – доўгі час не было дзяцей. Калі Іаакім прыйшоў у храм прынесці Богу ахвяру, першасвятар яму адмовіў, бо ён «не стварыў нашчадкаў Ізраілю». Тады Іаакім у смутку выдаліўся ў пустыню для малітвы, а яго жонка засталася дома ў адзіноце і таксама малілася. У гэты час ім абодвум было бачанне анёла, які абвясціў, што «Гасподзь пачуў малітву тваю, ты зачнеш і народзіш, і пра нашчадства тваё будуць казаць ва ўсім свеце».

На выяве: Фрагмент абраза “Нараджэнне Маці Божай” Пятра Яўсяевіча. Магілёў, 1649 год.

У Беларусі плануецца збіраць яшчэ адну марку кітайскага аўто – цяпер люксавую

Беларускае прадпрыемства “Юнісон” плануе выпуск кітайскіх аўтамабіляў Hongqi. Першыя 36 машынакамплектаў ужо знаходзяцца на заводзе, а да канца года мяркуецца сабраць тысячу аўтамашын кітайскага брэнда – паведамляе БелТА.

Hongqi – гэта кітайская марка аўтамабіляў класа люкс аўтавытворцы FAW Group. Некаторыя мадэлі гэтага брэнда выпускаюцца выключна для вышэйшага кітайскага чынавенства і не паступаюць у вольны продаж.

Фота з адкрытых крыніц

Новы і больш небяспечны штам каранавіруса Пірола ў Беларусі пакуль не выяўлены

Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што ў свеце выяўлены новы штам каранавіруса – Пірола (ВА.2.86). Гэты варыянт названы ў гонар каметы, якая круціцца вакол Сонца. Упершыню Пірола была выяўлена ў канцы ліпеня 2023 года ў Ізраілі. Новы штам паходзіць з сублініі варыянта Амікрон, які стаў прычынай ўздыму выпадкаў COVID у пачатку 2022 года. У верасні 2023 года з’яўленне Піролы зарэгістравалі ўжо 15 краінах.

Лічыцца, што Пірола з’яўляецца больш заразнай у параўнанні з папярэднікамі, што робіць гэты варыянт каранавіруса больш небяспечным. Але пакуль няма доказаў, што ён выклікае больш цяжкае цячэнне хваробы, або мае больш высокі ўзровень смяротнасці.

На сённяшні момант арыянт каранавіруса Пірола ў Беларусі не выяўлены – паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Фота з адкрытых крыніц

Бабруйчанка перамагла на Мінскім паўмарафоне

У дзяўчат на дыстанцыі 10,5 кіламетра перамагла бабруйчанка Таццяна Шабанава.

– Гэта мой заключны старт у гэтым сезоне, выдатна, што ўдалося завяршыць на мажорнай ноце. Я была добра гатовая і спакойна прайшла ўсе пад’ёмы. Бачыла, што саперніц побач няма. Але пры неабходнасці магла дадаць, – распавяла пераможца.

На фота пераможцы Мінскага паўмарафона: Таццяна Шабанава (Бабруйск) і Уладзіслаў Церашонак (Мінск).

Фота: Мінск-Навіны

У Беларусі забаранілі папулярную марку расійскага алею

Некаторыя паказчыкі ў алеі “Жамчужына Паволжа” паказалі перавышэнні нарматываў больш чым у 2 разы. Гэта аказалася настолькі сур’ёзным бракам у прадукцыі, што яе наогул, як высветлілася, нельга называць алеем.

Па выніках выпрабаванняў анізідзінавае чысло пры рэгламентаваным значэнні для сланечнікавых рафінаваных дэзадараваных вымарожаных вышэйшага гатунку алеяў не больш за 3,0 склала 7,8. Перакіснае чысло пры рэгламентаваным значэнні не больш за 4,0 склала 9,2 – гаворыцца на сайце “Небяспечная прадукцыя”.

Гаворачы простай мовай, эксперты лічаць, што ўказаны алей па сваёй якасці не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. Прадукцыя забароненая для продажу ў Беларусі.

Фота з адкрытых крыніц

Каталікі святкуюць Свята нараджэння Маці Божай

У Святым Пісанні нідзе не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Традыцыя, аднак, кажа, што яе бацькамі былі святыя Яўхім і Ганна. Яны былі пабожнымі габрэямі. Дажылі да сталага ўзросту, але ў іх не было дзяцей. У тыя часы гэта лічылася карай за грахі продкаў. Таму Яўхім і Ганна рупліва прасілі Бога, каб даў ім дзіця. Бог пачуў іх просьбы і ўзнагарадзіў за бязмежны давер – Ганна нарадзіла дачку, Марыю.

Месца і дата нараджэння Марыі невядомыя. Паводле розных крыніц, Марыя прыйшла на свет паміж 20 і 16 годам да нараджэння Езуса Хрыста. Першыя згадкі пра літургічны ўспамін нараджэння Марыі сягаюць у VI стагоддзе. Свята, праўдападобна, з’явілася ў Сірыі, дзе пасля Эфескага Сабору ў Касцёле пашырыўся марыйны культ. Лічыцца, што гэтае свята ўвёў св. папа Сергій І у 688 г. Дату 8 верасня Касцёл пераняў ад Усходу – піша афіцыйны сайт беларускага касцёла catholik.by.

Цікава, што самая знакамітая магілёўская ікона адлюстроўвае якраз сцэну нараджэння Маці Божай. Яе аўтар – Пётр Яўсеевіч з Галынца. Абраз быў напісаны ў 1649 годзе.

Фота з адкрытых крыніц